Якія Каляды без календара?

У кожнай краіны — свае атрыбуты калядных святаў. Што да Германіі, дык гэта, безумоўна, у тым ліку так званы Adventskalender. У 2017-м было выпушчана 80 мільёнаў Калядных календароў. У Баварыі існуе цэлы ўрадавы дэпартамент, які сочыць за якасцю шакаладак, што кладуць у календары.

pl_adventskalender_2015_3.jpg

Напэўна, шмат хто глядзеў папулярную амерыканскую камедыю «Кепскі Санта» пра злодзея-алкаголіка, які крадзе ў супермаркетах, прыкідваючыся Санта-Клаўсам. Неяк замест закускі герой ужывае шакаладкі з Каляднага календара, што быў скрадзены ў хлопчыка. Ачомаўшыся, герой адчувае такі сорам за зробленае, што пачынае задумвацца наконт сэнсу жыцця.

Эпізод з «Кепскага Санты» ў нейкім сэнсе ілюструе значэнне Каляднага календара ў традыцыі Захаду. Аднак першапачаткова гэты каляндар — вынаходніцтва не амерыканцаў, а немцаў, для якіх, па сутнасці, гэта сімвал Калядаў.

Наогул, Калядны каляндар — гэта паштоўка або домік з кардону з папяровымі акенцамі, якія адкрываюцца. У кожным з гэтых акенцаў ляжыць цукерка, запіска са святочнымі пажаданнямі або маленькія падарункі. Калядны каляндар складаецца з 24 дзён-акенцаў, адлічваючы час з 1 па 24 снежня, калі адз­начаецца Божае нараджэнне. Хаця магчымыя варыянты, калі лічыць час да Калядаў прапануюць з 3 снежня.

Традыцыя падобных календароў з’явілася ў часы, калі лю­дзі выкарыстоўвалі прымітыўныя схемы вылічэння дзён да прыходу важных святаў. Лічыцца, што першымі такія календары прыдумалі вікінгі. Дзякуючы ім практыка паступова распаўсюдзілася па ўсёй Паўночнай Еўропе. Часцяком у якасці такога календара выкарыстоўвалася свечка, якую трэба было спальваць штодня ў адпаведных прапорцыях.

Паступова еўрапейцы навучыліся лічыць даты іншымі спосабамі. Аднак традыцыя не знікла. У сярэднявеччы становіцца папулярным вешаць на сцяну 24 карцінкі з біблейскімі матывамі. Дзеці кожны дзень зрывалі адну карцінку або закрэслівалі яе. А ў 1902 годзе ў адной з нямецкіх друкарняў пабачыў свет першы дзіцячы каляндар — правобраз цяперашняга Каляднага календара. Праўда, ніякіх прысмакаў усярэдзіне не было. Там можна было знайсці карцінку.

Прыкладна з 1922 года такія календары пачынаюць друкаваць многія выдавецтвы, правакуючы на прадукцыю масавы попыт. Адначасова працягваюцца эксперыменты. Напрыклад, у календары пачалі ўкладаць інструкцыі, як у хатніх умовах прыгатаваць усялякія прысмакі з бульбы або капусты.

Календары настолькі спадабаліся немцам, што неўзабаве імі зацікавіліся нацыянал-сацыялісты. Пры Гітлеры ў Калядныя календары пачалі змяшчаць карцінкі, якія ілюстравалі будні Трэцяга Рэйху, аднак у выніку ідэя ў масах не прыжылася.

Тым больш, што неўзабаве Германія прайграла Другую сусветную вайну. У краіне пачаліся эканамічныя праблемы, і немцам было відавочна не да календароў. Календары пачалі вяртацца ў побыт ва ўнісон з адраджэннем нямецкай эканомікі ў 1950-я гады. Як вынік росту дабрабыту, практычна кожная сям’я магла дазволіць сабе такія сувеніры. Нездарма менавіта тады ў календары ўпершыню пачалі змяшчаць шакаладкі, а пазней і цацкі. Адначасова ўзнікае канон Калядных календароў, без якіх сёння ўявіць Каляды ў Германіі немагчыма. Калі верыць прэсе, два з трох немцаў абавязкова купляюць да Калядаў такі каляндар.

Сёння гэта сапраўдная індустрыя. У 2017-м было выпушчана 80 мільёнаў Калядных календароў. У Баварыі існуе цэлы ўрадавы дэпартамент, які сочыць за якасцю шакаладак, што кладуць у календары.

Адначасова прапануюцца самыя незвычайныя формы прадукцыі. Напрыклад, з’явіліся Калядныя календары ў інтэрнэце. Тут, націснуўшы на нейкую дату, можна пачуць рэлігійную песню. Такія календары, дарэчы, кожны можа спампаваць сабе на смартфон.

У шматлікіх гарадах фасады будынкаў падчас Калядаў аформленыя як каляндар. На акне выяўляюць біблейскія матывы. Лідарам у тут з’яўляецца Вюртэмберг, дзе стварылі самы вялікі Калядны каляндар у свеце. Гэта значыць, што кожная мясцовая царква па чарзе арганізуе нейкія імпрэзы. Існуюць нават «хадзячыя календары», калі людзі штодня сустракаюцца і граюць сюжэты з Бібліі. Усё гэта не абыходзіцца без спеваў і кулінарыі.

Трэба сказаць, што некаторыя не ў захапленні ад навацый у гэтай галіне. Паступова Калядныя календары перастаюць прызначацца выключна для дзяцей і на рынку часам з’яўляюцца вельмі смелыя прапановы. Напрыклад, у продажы можна сустрэць эратычныя Калядныя календары. У кожным акенцы такога календара ляжыць фрывольны малюнак. Вядомыя таксама календары для аматараў піва. Ім прапануецца кожны дзень у чаканні Калядаў есці па кавалачку салямі (натуральна, пад любы напой). Спрабуюць выдаваць календары для тых, хто не верыць у Хрыста.

Зрэшты, камерцыялізацыя пакуль не змагла знішчыць першапачатковы аспект календароў. Што б ні знаходзілася ў акенцах календароў — цытаты атэістаў, салямі або эротыка, — усё роўна яны прызначаныя для сустрэчы Калядаў.