Таты ў дэкрэце і ахвяры дзяржпланаў
Беларусь стала на крок бліжэй да Еўропы: нарэшце татам дазволілі па нараджэнні дзіцяці сыходзіць у дэкрэт, каб дапамагчы маладой маме асвоіцца ў сваім новым статусе. Праўда, без аплаты і ўсяго на два тыдні, але гэта лепш, чым нічога. Будзем лічыць, што пачатак пакладзены, і надалей айчыннае заканадаўства ў сферы сямейных стасункаў будзе ўдасканальвацца ўсё больш і больш.
Акрамя гэтага дазволу, у Працоўны кодэкс дадалі больш за 200 іншых правак. Абноўлены дакумент ужо падпісаны кіраўніком дзяржавы. Сярод новага — узаконены панятак «дыстанцыйнай працы». Можна працаваць хоць загараючы на пляжы, хоць збіваючы ногі ў гарах, хоць пагружаючыся з аквалангам на марское дно — і пры гэтым лічыцца такім жа супрацоўнікам кампаніі, як і той, хто цэлы дзень сядзіць у офісе, у тым ліку — атрымліваць «сацпакет». Паправілі і норму датычна працы па сумяшчальніцтве. Калі ў вас працяглы адпачынак, а столькі дзён адпачываць не хочацца ці няма грошай — можна будзе кудысьці ўладкавацца на падпрацоўку на поўны дзень. Дагэтуль працаваць па сумяшчальніцтве можна было толькі паўдні, што не вельмі зручна. Парламентары кажуць, што гэтая папраўка найбольш патрэбная настаўнікам, у якіх адпачынак цягнецца амаль 2 месяцы. Безумоўна, такая магчымасць — гэта добра. Але яшчэ лепш — каб за падпрацоўку і добра плацілі. Гледзячы па тым, як пасярэднікі актыўна запрашалі беларускіх настаўніц збіраць польскія клубніцы ў чэрвені, і які быў ажыятаж — там усё ж плоцяць лепш. Абноўлены кодэкс дазваляе і ездзіць у камандзіроўкі ды выходзіць на працу ў выходныя і святы жанчынам з дзецьмі да трох гадоў. Раней гэта было забаронена, нават калі жанчына сама выказвала жаданне дадаткова зарабіць, і ёй было з кім пакінуць дзяцей на час працы.
Пакуль парламентары займаюцца ўдасканальваннем працоўнага заканадаўства, айчынная міліцыя таксама не спіць у шапку і шукае верагодных злачынцаў. Да такіх залічылі няшчаснага ахоўніка беларускай чыгункі з Барысава, які дзеля выканання планаў падрабляў пастановы са штрафамі і сам жа іх аплочваў. Схема такая: 55-гадовы супрацоўнік ваенізаванай аховы БЧ праводзіў прафілактычныя гутаркі з дробнымі парушальнікамі закона — напрыклад, з тымі, хто паліў альбо ўжываў алкаголь на вакзале. Даведаўшыся іх дадзеныя, ахоўнік уносіў звесткі ў пастановы пра адміністрацыйнае спагнанне быццам бы за пераход чыгуначных шляхоў у недазволеных месцах. Сітуацыя сюррэалістычная: не маючы на сваім участку адпаведных парушэнняў, супрацоўнік аховы складаў «ліпавыя» пратаколы, каб яго не пакаралі за невыкананне плана па прафілактыцы траўматызму на аб’ектах транспарту!
Гэта не першы такі выпадак у Барысаве, і гледзячы на папярэднюю гісторыю, калі калегу ахоўніка пакаралі двума гадамі зняволення з адтэрміноўкай, гэтага таксама чакае дастаткова суворае пакаранне. Што цікава, у інтэрнэт-карыстальнікаў гісторыі абодвух ахоўнікаў выклікаюць толькі спачуванне, а вось дзеянні іх кіраўнікоў — абурэнне. Маўляў, крымінальныя справы трэба заводзіць менавіта на кіраўніцтва, якое правакуе супрацоўнікаў на падобныя супрацьзаконныя ўчынкі. Але думаецца, што і тое кіраўніцтва павінна выконваць планы, пастаўленыя вышэйшым кіраўніцтвам. І вышэйшаму кіраўніцтву дае планы яшчэ вышэйшае — і так да самага верху. І пакуль не пераломіцца гэтая сістэма, хлусню і фальсіфікацыі на ўсіх узроўнях вертыкалі не вынішчыць.
Айчынны «Мотавелазавод» спрабуе заняць нішу на рынку байкшэрынгу. Пакуль у гэтым сегменце ў Беларусі працуе толькі адна прыватная кампанія — «Колабайк», і тое літаральна некалькі месяцаў, ды толькі ў Мінску. Нягледзячы на шэраг выпадкаў вандалізму да пракатных ровараў, праект паказаў сваю запатрабаванасць. «Мотавелазавод» вырашыў не губяць магчымасці рэінкарнавацца ды разам з партнёрамі абяцае запусціць шэрынг пад назвай Velosmart у Мінску, Брэсце, Гродне ды расійскіх гарадах. Адрозненне новага сэрвісу ад «Колабайка» не толькі геаграфічнае: ровары «Колабайка» можна пакідаць дзе заўгодна, хоць у двары шматпавярховіка, а вось Velosmart прадугледжвае наяўнасць стацыянарных станцый. Па-першае, карыстальнік заўжды будзе ведаць, дзе можна ўзяць ровар, а па-другое, ровары не будуць валяцца паўсюль, дзе толькі можна, замінаючы мінакам ды аўтамабілям. Але гэта як перавага, так і недахоп. Сталічныя ўлады пакуль не вельмі жадаюць выдзяляць гарадскія плошчы пад роварныя станцыі, таму праект спачатку стартуе ў рэгіёнах ды Расіі — там ініцыятарам сэрвісу ідуць насустрач і з ахвотай даюць месцы пад станцыі. Паколькі ровар — гэта гарадскі транспарт будучыні, кошт гадзіны байкшэрынгу будзе прыроўнены да кошта разавага талончыка на гарадскі транспарт — каля 60-65 капеек. Цяпер «Мотавела» чакае спрыяння ўрада, які можа дапамагчы спрасціць працэдуру выдачы зямлі пад станцыі. Шкада ўсё ж, што кіраўнік дзяржавы — хакеіст, а не раварыст. А то, глядзіш, ужо б і запусціліся.