Пазітыўнае выхаванне — шлях да поспеху

Кожны з бацькоў хаця б аднойчы сутыкаўся з тым, што дзіця ігнаруе яго просьбы або папросту не слухаецца. Тады ўзнікае пытанне: «Як зрабіць, каб дзіця выконвала пажаданні бацькоў? Як прымусіць яго слухацца?»

img_20190613_130115_logo.jpg

Часцей за ўсё дарослы думае, што малое паводзіць сябе так спецыяльна і робіць на зло. Узнікае супрацьстаянне: хто каго пераможа, падпарадкуе, падамне пад сябе. У дарослых больш сілы і ўлады, і хто пераможа — зразумела. Але што будзе з пераможаным? Што ён адчуе? Калі дзіця маленькае, хутчэй за ўсё, — маці злая, я дрэнны, мяне ніхто не любіць! І ў малечы з’яўляецца псіхаэмацыйная траўма, якая замінае паўнавартаснаму развіццю, парушаецца пачуццё бяспекі, фарміруецца меркаванне, што свет небяспечны. У такім стане цяжка быць пераможцам. Даводзіцца або выжываць, або змагацца за месцам пад сонцам.

Таму кожнаму з бацькоў неабходна задаць сабе пытанне: «Якім я хачу бачыць сваё дзіця ў 20-гадовым узросце?» І напісаць не менш за 10 якасцяў.

Па досведзе ведаю: многія бацькі адзначаць, што дзіця павінна быць багатым, паспяховым, шчаслівым, адказным, упэўненым у сабе. Але не многія напішуць: здольным канструктыўна вырашаць праблемы, добра стасавацца з людзьмі, праяўляць эмпатыю і павагу да навакольных, быць адданым у адносінах да сям’і і сяброў, здольным адрозніць добрае ад дрэннага, захоўваць адданасць у шлюбе, быць мудрым у прыняцці рашэнняў, сумленным і надзейным, не выяўляць гвалт у адносінах да свайго атачэння, клапаціцца пра бацькоў у старасці і самому быць любячым бацькам.

Калі малеча паводзіць сябе дрэнна — здараецца, хочацца ўдарыць або накрычаць на яго, хочацца, каб яно спыніла рабіць тое, што робіць. Але як гэта адаб’ецца на доўгатэрміновай мэце? Калі мы падвышаем голас на дзіця, ці вучым яго быць ветлівым? Калі мы падымаем на яго руку, ці вучым яго вырашаць праблемы?

Дзіця вучыцца таму, што бачыць у хаце. Нашы паводзіны становяцца ўзорам для пераймання. Яно бачыць, як мы спраўляемся з нервовай напругай — гэтак жа будзе паступаць і само. Мы даём дзіцяці пляскач, калі не хапае слоў і аргументаў — гэтак жа можа паступіць і яно ў адносінах да сваіх аднакласнікаў. Кожны раз, робячы так, вы пазбаўляецеся магчымасці паказаць малечы лепшы спосаб рэакцыі на сітуацыю.

На жаль, дзеці нараджаюцца на свет без інструкцыі. Калі з’яўляецца немаўля, надыходзіць эйфарыя, свята. Мы прымаем віншаванні і пажаданні, каб дзіця расло здаровым, слухала маму і тату ды добра вучылася ў школе. Але пасля эйфарыі ўзнікае шкадаванне, што да дзіцяці не прыкладаецца кіраўніцтва па выхаванні. Мы спрабуем многія метады — часцей тыя, якімі нас выхоўвалі нашы бацькі. Але мы не ўлічваем, што дзеці — іншыя, і метады выхавання павінны быць іншыя. Таму, спрабуючы, розныя метады, мы можам трапіць ці не трапіць у цэль.

Выхаванне дзяцей — не самая простая праца на свеце. Капрызы, істэрыкі, нежаданне выконваць хатняе заданне, класціся спаць своечасова, залежнасць ад розных гаджэтаў — гэта толькі частка праблем, з якімі сутыкаюцца сучасныя бацькі. На дапамогу могуць прыйсці метады пазітыўнага выхавання.

Вядомы амерыканскі псіхолаг Джон Грэй сфармуляваў пяць асноўных прынцыпаў пазітыўнага выхавання дзяцей.


Прынцып першы. Адрознівацца ад іншых — нармальна

Кожнае дзіця — унікальнае. Кожны чалавек прыходзіць на зямлю са сваёй задачай, са сваімі талентамі, жаданнямі і патрэбамі. У кожнага — свой тэмперамент, свае здольнасці. Не трэба глядзець на суседскага Янку, які выдатна гуляе ў хакей, а ваш не можа забіць шайбу ў вароты. Можа, менавіта вашае дзіця стане геніяльным музыкам або вялікім навукоўцам. А што дрэннага ў тым, калі ў малога талент аўтаслесара? Не прэстыжна? Хто сказаў, што гэта так?

Грамадству патрэбныя розныя спецыялісты. Асабліва, калі яны добрыя.

Таму нельга параўноўваць дзяцей адзін з адным. Важна дапамагчы кожнаму з іх знайсці свой талент і развіваць яго.

Гэтак жа хлопчыкі і дзяўчынкі патрабуюць рознага падыходу ў выхаванні. Хлопчыкі вучацца эксперыментуючы. Ім трэба больш свабоды і менш абмежаванняў. Хлопчыку трэба больш даверу, а дзяўчынка патрабуе больш клопату. Сёння бацькі схільныя да гіперапекавання, калі кантралююцца ўсе бакі жыцця, калі бацькі лепш ведаюць, што малому трэба. Гэта, часцей за ўсё, у падлеткавым узросце выкліча пачуццё пратэсту, жаданне збегчы ад бацькоў куды-небудзь на Крайнюю Поўнач і прыязджаць дадому раз у пяцігодку. Але можа быць і іншы варыянт развіцця — вырасце бязвольны чалавек, які не ўмее прымаць рашэнні. Усвядоміўшы, што дзяўчынкі і хлопчыкі маюць розныя патрэбы, бацькі разумеюць прычыны паводзін дзіцяці і выкарыстоўваюць розныя выхаваўчыя падыходы.


Прынцып другі. Рабіць памылкі — нармальна

Усе людзі робяць памылкі, з іх робяць высновы і потым дзейнічаюць па-іншаму. А некаторыя і не робяць іх, наступаючы на адны і тыя ж граблі. Памылкі — цалкам нармальная з’ява. Гэта вопыт: калі не атрымалася, паспрабуй па-іншаму. Але вельмі часта памылкі дзіцяці для бацькоў з’яўляюцца катастрофай. Бацькі адразу імкнуцца іх выправіць, забываючы, што самі могуць памыляцца. Часцей за ўсё, саромяць сваіх дзяцей і караюць — і тады малечы складана развіць любоў да сябе і ўменне дараваць уласныя памылкі. Для таго, каб вырасці ўпэўненым у сабе чалавекам, важна мець нармальную самаацэнку і прымаць уласную недасканаласць.

Любоў да сябе развіваецца на падставе адносінаў бацькоў і іх рэакцыі на памылкі дзіцяці. Бацькі на ўласным прыкладзе павінны паказваць, як прызнаваць памылкі і прасіць прабачэння. Нават калі малое здзейсніла памылку, у яго ёсць шанец вырасці годным чалавекам.


Прынцып трэці. Праяўляць негатыўныя эмоцыі — нармальна

Гнеў, смутак, страх, шкадаванне, расчараванне, неспакой, збянтэжанасць, рэўнасць, крыўда, няўпэўненасць і сорам — не толькі натуральныя, але і нармальныя. Праблема ў тым, што дзеці могуць іх дэманстраваць не ў тым месцы і не ў той час, а яшчэ і недарэчным спосабам. Гэта стварае некаторую нязручнасць бацькам: «Ты такі дрэнны, прымушаеш мяне злавацца!»

Калі дзіцяці даюць зразумець, што яго эмоцыі і патрэба ў разуменні, а таксама звязаныя з гэтымі эмоцыямі перажыванні дастаўляюць нязручнасць старэйшым, яно пачынае душыць свае пачуцці. А заканчваецца гэта развіццём неўрозу.

Пазітыўнае выхаванне не дапускае, каб дзеці адчувалі сябе адказнымі за настрой бацькоў. Успышкі гневу неабходныя для развіцця малога, але яно павінна ведаць, што дапушчальныя яны не ўсюды і не заўсёды. І бацькі павінны навучыць дзіця ўсведамляць свае эмоцыі, дарэчным спосабам выказваць, а пазней — навучыцца іх кантраляваць.

Лепшы спосаб навучыць дзіця ўсведамляць пачуцці — спачувальна выслухоўваць яго і дапамагаць іх распазнаваць. Так развіваецца эмацыйны інтэлект, што больш важны для поспеху ў жыцці, чым інтэлектуальнае развіццё.

Гэта ніякім чынам не азначае, што трэба кінуць вучыць мовы ці геаметрыю. Але ўменне кантраляваць эмоцыі і адчуваць эмоцыі іншых людзей важней для наладжвання камунікацыі і супрацоўніцтва.

img_20190220_113212_logo.jpg


Прынцып чацвёрты. Жадаць большага — нармальна

Калі дзіця просіць чагосьці большага, чым вы можаце яму даць, гэта не азначае, што яно няўдзячнае, эгаістычнае ці яшчэ нейкае. Дзеці не ведаюць, колькі ім можна прасіць. Калі не дазволіць ім свабодна прасіць, яны так і не даведаюцца, што могуць атрымаць, а што — не.

Але гэта не пра тое, што бацькі адразу ж павінны задавальняць любыя просьбы дзіцяці. Метады пазітыўнага выхавання вучаць дзіця прасіць, пры гэтым дэманструючы павагу да іншых, а бацькоў вучаць адмаўляць, не адчуваючы дыскамфорту. Важна абмяркоўваць з дзіцем яго патрэбы, шляхі іх задавальнення, тлумачыць, чаму зараз вы гэтага не можаце зрабіць, а таксама, што малому трэба зрабіць, каб атрымаць жаданае.

Дзяўчынкам важна дазволіць заяўляць пра свае патрэбы, дазволіць ім хацець большага, не адчуваючы пачуцця віны перад бацькамі. А хлопчыкам трэба ўмець ставіць перад сабою мэты і навучыцца спраўляцца з расчараваннем, калі мэты не дасягаюцца. Да таго ж, дзеці вучацца весці перамовы, дамаўляцца.


Прынцып пяты. Выказваць сваю нязгоду — нармальна. Але памятай, што мама і тата — галоўныя

Большасць бацькоў баяцца даць дзецям занадта шмат правоў, каб не разбэшчваць іх і каб не страціць кантроль над дзіцем.

Дазваляючы дзецям казаць «не», вы тым самым даяце ім магчымасць свабодна выказваць свае пачуцці, вызначаць уласныя жаданні і весці перамовы. З таго, што малое можа сказаць «не», зусім не вынікае, што будзе менавіта так, як яно хоча. Аднак яго жаданні і пачуцці будуць выслуханыя, а гэта само па сабе схіляе да супрацоўніцтва.

Вы паказваеце, што прыслухоўваецеся да яго жаданняў, і дзіця больш ахвотна будзе супрацоўнічаць з вамі. Падпарадкоўваючы дзіця, вы ламаеце яго волю. Але важна не ламаць, а навучыць карэктаваць свае жаданні, узгадняць з жаданнямі старэйшых.

Уменне карэктаваць сваю волю і жаданні называецца супрацоўніцтвам, падпарадкаванне сваёй волі і жаданняў называецца пакорай. Мэта пазітыўнага выхавання — развіць у дзецях схільнасць да супрацоўніцтва, а не да пакоры.

Уменне сказаць «не» — важнае ўменне, якое спатрэбіцца і ў дарослым жыцці, каб супрацьстаяць ціску аднагодкаў ці іншых аўтарытэтаў.

Такім чынам, мы бачым, што пазітыўнае выхаванне — гэта:

НЕ ўсёдазволенасць. НЕ прадстаўленне малечы магчымасці рабіць усё, што яму хочацца. НЕ адсутнасць правілаў і абмежаванняў. НЕ імпульсіўныя рэакцыі і віды пакарання, якія замяняюць поўхі і іншыя віды фізічнай кары.

Гэта пабудова ўзаемаадносін з дзіцем, заснаваных на ўзаемнай павазе. Гэта навучанне малога жыццёвым навыкам, развіццё здольнасцяў, павышэнне яго ўпэўненасці ў вырашэнні складаных сітуацый. Навучанне дзіцяці правілам ветлівасці, негвалтоўным паводзінам, прывіццё пачуцця эмпатыі і ўласнай годнасці. З дапамогай прынцыпаў пазітыўнага выхавання вы зможаце дапамагчы малечы зрабіць слушны выбар, вырашыць праблему, знайсці канструктыўны шлях вырашэння канфлікту.

А як гэта зрабіць — у наступных артыкулах.