Лікбез пра гвалт: чаму не працуе цяперашняе заканадаўства?

Калі кіраўнік Беларусі раскрытыкаваў Закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, чакалася, што заканадаўцы распрацуюць дакументы, каб закрыць дзіры ва ўжо прынятых актах. Але прайшло амаль 10 месяцаў, і ніводнай папраўкі, дапаўнення ці іншага дакументу прынята не было, паведамляе Белсат.

gewalt_7.jpg

Грамадскія актывісты групы «Маршыруй, дзетка» зладзілі двухдзённы семінар для ўсіх ахвочых «Што такое гендарны гвалт», каб дапамагчы грамадству разабрацца, што такое гендар, які бывае гвалт і чаму не працуе цяперашні закон. Падчас яго каардынатарка праекту Аляксандра Савініч распавяла асноўныя юрыдычныя пункты, якія робяць супраціў гвалту ў краіне малапаспяховымі, а таксама дала парады: што рабіць, калі ў дачыненні да вас ці вашых блізкіх учыняецца гвалт.

Ёсць людзі, якіх цяперашняе заканадаўства нават не вызначае

Крымінальны, адміністратыўны кодэксы і падзаконныя акты маюць пералік сітуацый і асоб, чые інтарэсы абараняюць. На сёння там увогуле няма рэгулявання адносін састарэлых людзей з іх сваякамі, асобаў пад апекай, былых сужэнцаў і г.д.
Напрыклад, пара ўзяла крэдыт на жытло, з-за гвалту развяліся, але працягваюць жыць у адной кватэры. Яны ўжо не сям’я і не падпадаюць пад дзеянне Сямейнага кодэкса.

gewalt_2_2.jpg

З’явы ёсць, а закон пра іх не ведае

Сексуальны гвалт у сям’і некаторыя нават не могуць зразумець. У грамадстве дагэтуль ужываецца паняцце «сужэнскі доўг», але адсутнасць згоды на інтымную блізасць – гэта гвалт, нават калі ёсць пячатка ў пашпарце.
Пераслед аднаго чалавека другім – сталкінг – гэта псіхалагічны гвалт. Уявіце: вы прачынаецеся раніцай, а ваш былы ці былая сядзіць на лаўцы каля вашай хаты, ідзе за вамі на працу, пільнуе каля кавярні, цягаецца паўсюль не адзін месяц ці год. Не б’е, не абражае, не пагражае, можа і не гаворыць нават, але вы адчуваеце моцны ціск. І сёння з гэтым праваахоўнікі нічога не могуць зрабіць, бо дадзеная сітуацыя ў законах не прапісаная.

gewalt_3_1.jpg

Няма сістэмы ў працы з агрэсарамі і ахвярамі

Калі пацярпелы ўсё ж наважыўся падаць заяву ў міліцыю, то адзінае, што можа адразу зрабіць міліцыянер – прыйсці і паўшчуваць агрэсара. А якая будзе рэакцыя? Яшчэ больш агрэсіі. Людзі застаюцца ў адной прасторы сам на сам са сваім канфліктам, і пацярпелы можа проста не дажыць да суда.
Ёсць абарончае прадпісанне, паводле якога агрэсару можа быць забаронена жыць разам з ахвярай, наведваць ці неяк камунікаваць з ёй. Прадпісанне прызначаюць за прычыненне цялесных пашкоджанняў, абразу і хуліганства. Але яго выдаюць цягам трох дзён пасля пастановы суда – увесь гэты час (да суда, падчас разбіральніцтва і тры дні пасля выніковага паседжання) ахвяра і агрэсар могуць заставацца ў адной прасторы.

gewalt_4_1.jpg

Прытулкаў для ахвяр мала (усяго на краіну 132 дзяржаўных крызісных пакоя і грамадскі цэнтр «Радзіслава»), яны ёсць не ва ўсіх гарадах, не кажучы пра вёскі. Людзі могуць проста не мець магчымасці патрапіць у прытулак.
Праца з агрэсарамі ж сыходзіць да штрафаў ці турэмных тэрмінаў, наведванне псіхолага залежыць ад жадання самога агрэсара.

Толькі ахвяра можа падаць заяву ў міліцыю

Часцяком чалавек, пацярпелы ад гвалту, не можа праз страх ці іншыя чыннікі звярнуцца па дапамогу альбо забірае заяву з міліцыі.
На гарачую лінію дапамогі ахвярам гвалту часта звяртаюцца людзі састарэлага ўзросту, якіх збіваюць іх сваякі ці забіраюць пенсіі. Вядома, маці хутчэй за ўсё не напіша заяву на сваё дзіцяці, што б там ні адбывалася. Пра гвалт у сям’і могуць ведаць суседзі, родныя, сябры, але яны не маюць права звярнуцца ў міліцыю па абарону пацярпелых, а міліцыя не можа абараніць ахвяру, бо тая не скардзіцца і працягвае цярпець здзекі.

Што вы можаце зрабіць, калі сутыкнуліся з гвалтам?

Калі гвалт у дачыненні да вас – па мажлівасці хутка пакінуць небяспечную прастору. А потым ужо выклікаць міліцыю – не варта гэтага баяцца. Таксама можна звярнуцца па псіхалагічную, юрыдычную дапамогу на агульнанацыянальную гарачую лінію (8-801-100-8-801, час працы ад 8:00 да 20:00).
Калі гвалт у дачыненні да вашага знаёмага – прапануйце чалавеку перабыць пік у вас (напрыклад, пераночыць), пакіньце свой нумар тэлефона на экстраны выпадак.
Запішыцеся да свайго дэпутата, распавядзіце пра сітуацыю з суседзямі ці знаёмымі і патрабуйце ад яго, як прадстаўніка дзяржавы, распрацоўкі закона супраць хатняга гвалту. Таксама актывісты раюць падпісаць петыцыю аб увядзенні Закону аб хатнім гвалце.
Што не варта рабіць:
– не разнімайце тых, хто дзярэцца – гэта можа быць небяспечна для вас. Адзіны прававы чын у такой сітуацыі – выклікаць міліцыю;
– не застаўляйце чалавека пакідаць прастору гвалту. Ахвяра можа быць псіхалагічна спустошанай і парада «як лепей жыць» зробіць толькі горш;

gewalt__5.jpg

– не абвінавачвайце ахвяру, што яна ці ён давёў сітуацыю да крызіснага стану – гэта будзе яшчэ большым ціскам для чалавека. Тут лепей спрацуе падтрымка.

Ці зможа міліцыя абыйсці ўсіх пацярпелых?

На бягучым тыдні МУС праводіць комплекс мерапрыемстваў «Побыт», паводле якога адмысловая група людзей мае наведаць сем’і, дзе адбываўся гвалт, і працоўныя калектывы, каб распавесці пра мажлівую дапамогу ахвярам і працу з агрэсарамі, а таксама каб нагадаць, што пры сутыкненні з гвалтам варта звярнуцца ў міліцыю.
Аляксандра Савініч ухваляе любую працу МУС па тэме гвалту, але сумняецца, што ўдзельнікам акцыі атрымаецца абыйсці ўсіх пацярпелых:

gewalt_6_1.jpg

«Кожная другая жанчына падвяргаецца псіхалагічнаму гвалту з боку партнёра, а кожная пятая – фізічнаму. Таму абыйсці ўсіх у іх наўрад ці атрымаецца».
Актывістка кажа, што тэлефон міліцыі ведаюць усе, але прычыны, па якім людзі баяцца звяртацца да праваахоўнікаў, нікуды не знікаюць:
«Толькі што далей рабіць? Міліцыянты агрэсара забяруць на пару гадзін, выпішуць штраф (плаціць усё роўна з сямейнага бюджэту) і адпусцяць назад дадому. І ўсё працягнецца далей. Так што тут не зусім пытанне ў інфармаванасці, пра якую кажуць у МУС. Пытанне ва ўсёй сістэме, якая састарэла. А мае быць новая – Закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, у якім прадугледжаны ўсе нюансы».