Нарадзіўся інвалідам — не маеш права на дзіця? У Століне адбыўся суд над мамай-інвалідам

Вольга Корзун, 27-гадовая жыхарка Давыд-Гарадка «не п’е, не курыць, мужчын не водзіць». Такую характарыстыку давалі Вользе ў судзе Столінскага раёна. Для органаў апекі, якія выступалі ў якасці пазоўнікаў і настойвалі на адабранні ў яе дзіця, галоўным аргументам стала тое, што Вольга — інвалід 2-й групы.



kukushka_kopiya_768x790.jpg

Хто такая Вольга Корзун?

Вольга Корзун з Давыд-Гарадка звярнулася ў рэдакцыю газеты “Вместе”, што асвятляе праблемы людзей з інваліднасцю. Жанчына прасіла дапамагчы вярнуць яе сына Арсенія, якога ў яе ў красавіку адабралі органы апекі.

Вольга — інвалід 2-й групы па псіхічным захворванні. Увесну гэтага года ў яе памерла маці, якая дапамагала выхоўваць Вользе пяцігадовага сына. Органы апекі забралі сына ў Вольгі пасля таго, як прайшло пяць дзён са дня смерці маці. Па іх словах, на практыцы выхаваннем сына займалася маці Вольгі, а калі яе не стала, Арсеній стаў знаходзіцца ў небяспечным становішчы. Толькі ва ўсёй гэтай справе ёсць вялікае але: згодна пастановы суда 2018 года, калі бацьку Арсенія пазбаўлялі бацькоўскіх правоў, дзіця пераходзіла да маці. Органы апекі, свае, па сутнасці, супрацьзаконныя дзеянні тлумачаць тым, што дзіця ёй перадалі толькі таму, што на той момант была жывая бабуля

Алег Граблеўскі, юрыст з Офіса па правах людзей з інваліднасцю, пасля звароту Вольгі ў газету «Вместе!», адразу накіраваў заяву ў Столінскі аддзел адукацыі. У сувязі з гэтым, аддзел па адукацыі Столінскага райвыканкама падаў позву ў суд на адабранне дзіця без пазбаўлення Вольгі бацькоўскіх правоў. На пачатку ліпеня адбылося пасяджэнне суда, на якім вырашалі, пакінуць Арсенія маці ці не. У нас атрымалася трапіць у Столін на пасяджэнне суда, на якім разабраліся ў пытанні, ці мае мама з 2-й групай інваліднасці права выхоўваць сына?

Пра сваё захворванне Вольга распавядае спакойна і адкрыта. Мне наогул падалося, што нешта прыхоўваць і ісці на хітрыкі яна не ўмее. Напэўна, самае вялікае яе шкадаванне — гэта тое, што ў дзяцінстве ёй далі групу і адправілі ў школу-інтэрнат, дзе яна пакутавала. «Маму прымусілі аддаць мяне туды, — кажа мне Вольга. — Яна не ведала, што гэта такое. Мяне проста не хацелі афармляць у школу, у мяне было позняе развіццё маўлення».

Чым больш я слухала Вольгу, тым больш у мяне сціскалася сэрца ад нябачных слёз. І не таму, што стала яе шкада праз інваліднасць — яе не заўважаеш пры кантактаванні. Заўважаеш, хутчэй, сарамлівасць і закамплексаванасць. Ды і амаль кожны чалавек у нечым сарамлівы. Вольга — простая вясковая дзяўчына, якая камплексуе і баіцца людзей, бо ёй больш камфортна ў сябе дома, са сваімі роднымі і на ўласным кавалку зямлі. Вольга — тыповы палескі персанаж з «Людзі на балоце» Мележа. Яна апранута небагата, але акуратна. Пышныя, прыгожыя валасы. Жыве Вольга зараз у сваёй хроснай Марыі ў пасёлку Рубель, што пад Столінам.

Цётка Марыя — поўная супрацьлегласць Волі. Эмацыйная, простая, гаваркая. Яна і стаіць ценем за Вольгай. Менавіта яна хадзіла па інстанцыях, размаўляла з адвакатам, даводзіла справу да рашаючага суда. «Я паўсюль з ёй, — кажа Марыя. — Яна сама саромеецца, баіцца».

Марыя абурана паводзінамі органа апекі і дае мне сваю версію тых падзей, калі адбылося адабранне Арсенія ад Вольгі: «Я казала ім тады: па якому праву вы маглі забраць дзіця? Мне адказваюць, маўляў, на абследаванне забралі (па выніках абследавання Арсенія накіравалі ў карэкцыйную групу дзіцячага садка — аўт.). Я пытаю: «Так, а чаму вы паперу ніякую не далі? Гэта крадзеж атрымліваецца!».

2a_1024x682.jpg

Дом у Вольгі знаходзіцца ў Давыд-Гарадку. Але там яна адна жыць баіцца, бо дзядзька, з якім хата падзелена на палову, са слоў Вольгі, запужаў яе псіханеўралагічным інтэрнатам. Марыя ўзгадвае выпадак пасля пахаванняў маці Вольгі. «Дзядзька кажа: «Гэтую (Вольгу) трэба аддаць у дурдом, хату прадаць — і ўсё».

Знаходзячыся ў доме сваёй хроснай, Вольгі і распачала змагацца за тое, каб быць побач з сынам.

Суд

Аддзел па адукацыі Столінскага райвыканкама накіраваў позву ў суд аб адабранні дзіця без пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Заключэнне ад ВКК 2019 года кажа пра тое, што Вольга не можа выконваць свае бацькоўскія абавязкі.

Дыягназ Вольгі — умераная разумовая адсталасць з поўнай сацыяльнай дэзадаптацыяй. Пазоўнікі, прадстаўнікі аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама, перакананы, што пры такім дыягназе яна не можа выконваць бацькоўскія абавязкі, бо не здольна вызначыць пазгрозу, якая можа наступіць у жыцці дзіця. Згодна з заключэннем ВКК УЗ «Столінская ЦРБ» філіял «Давыд-Гарадокская бальніца» ад 22 красавіка 2019 года, захворванне Вольгі знаходзіцца ў шэрагу тых захворванняў, пры якіх чалавек з інваліднасцю не мае права выконваць бацькоўскія абавязкі.

У выніку, Арсеній быў размеркаваны ў дом-інтэрнат, а пасля — у прытулак сямейнага тыпу. За мінулы год, калі яго яшчэ выхоўвала Вольга Корзун, Арсеній наведаў дзіцячы садок толькі 33 дні.

«Было заўважана, што доўгія прафілактычныя гутаркі з Вольгай сканчваліся пропускамі Арсенія, — было сказана ў позве.

 

3a_1.jpg

 Яшчэ на пачатку суда адвакатка Вольгі Корзун заявіла аб хадайніцтве: дапусціць юрыста Алега Граблеўскага да ўдзелу ў судовым працэсе. Ён, як член БелТІ, хацеў удзельнічаць у працэсе на правах з адвакатам. Па ўставу таварыства інвалідаў, Алег Граблеўскі, як прадстаўнік грамадскасці, можа выказваць меркаванне па працэсу ў судзе. Таму адвакат прасіла дапусціць Алега Граблеўскага, як члена таварыства, для абароны інтарэсаў прадстаўніка гэтага таварыства.

Праўда, Вольга Корзун не змагла пацвердзіць той факт, што яна з’яўляецца членам «БелТІ». Таму суддзя хадатайства адхіліў.

Свае прэтэнзіі ў зале суда выказала найперш Святлана Стоўба, загадчыца сектара аховы дзяцінства раённага аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама. Яна кажа, што за сям’ёй яны назіраюць ўжо даўно і дзейнічаюць выключна на карысць дзіцяці: «Па матэрыяльна-бытавых умовах мы прэтэнзій не прад’яўляем, — кажа Святлана Стоўба. — Бацька Арсенія быў пазбаўлены бацькоўскіх правоў, ёсць заключэнне ВКК, згодна якому ён не можа выконваць бацькоўскія абавязкі. Да моманту смерці маці, у Вольгі Пятроўны быў побач дарослы (бабуля — аўт.), які дапамагаў ёй вырашаць справы.

Па тэлефоне, калі размаўлялі пра ўладкаванне Арсенія ў дзіцячы садок, бабуля казала, што ўсе пытанні трэба абмяркоўваць з ёй. За час знаходжання Арсенія на дзяржаўным папячэнні мама наведала яго тры разы. З іх два разы ў суправаджэнні свайго былога мужа, адзін раз — у суправаджэнні хроснай. Яна не паказала сваю самастойнасць у перыяд з красавіка па ліпень. У аддзел адукацыі яна хадзіла з Ляшкевіч Марыяй Казіміраўнай, з якой зараз пражывае. Пра Марыю Казіміраўну Вольга Пятроўна сказала так: «Я знайшла часовага апекуна». Гэта частка прэтэнзій, на падставе якіх аддзел па адукацыі прасіў суд адабраць дзіця ў Вольгі Корзун.

 

1a_768x512.jpg

 Адвакат намагалася высветліць, ці былі рэальныя выпадкі, якія маглі сведчыць аб пагрозе для жыцця і здароўя Арсенія.

— Небяспекі яўнай няма, — адказала Святлана Стоўба. — Але мы павінны працаваць на тое, каб яе не было. Небяспека праяўляецца ў самім кантактаванні з мамай. Мы разумеем, што дзіцяці патрэбны тэмпературны і пітны рэжым, яна яго не выконвае. Яна не дазваляе выхавацелям у садку распранаць Арсенія і даваць яму піць вады».

Небяспека для сына праяўляецца тады, калі ён будзе пражываць толькі з мамай, дарослых больш не будзе. Па меркаванні органаў, справа магла б вырашацца інакш, калі б у Вольгі быў дарослы апякун.

— У дадзены момант такога чалавека няма, — адказала на гэта Святлана Стоўба. — Зараз яна знаходзіцца ў родных у Рублі, дапамагае там па гаспадарцы, а пасля сказала, што будзе жыць адна ў Давыд-Гарадку.

— У 2018 годзе суд пастанавіў пакінуць дзіця з маці, — каментуе адвакатка. — Аддзел адукацыі ж удзельнічаў у гэтым судзе? Што змянілася з таго моманту?

— Паводзіны засталіся такія ж. Але на той момант была жывая бабуля, — кажа Святлана Стоўба.

— Акрамя тых фактаў, што Арсеній быў апрануты не па надвор’і і не хадзіў у садок, бо хварэў, іншых фактаў пагрозы маці для жыцця дзіцяці няма?

— Такіх фактаў не было, — прызнаецца Святлана. — Але наяўнасць захворвання ў мамы — гэта ўжо рызыка для сына.

 

Пазіцыя Вольгі Корзун

Удзельнікі працэсу задавалі Вользе пытанні, каб, такое адчуванне, высветліць адно: наколькі яна адэкватная.

Першы і самы галоўны аргумент, які прад’яўляўся аддзелам па адукацыі ў судзе, — гэта тое, што Вольга ніколі самастойна не даглядала сына. Замест яе гэта рабіла маці, пакуль была жывая.

Вольга паднялася і сціпла, перыядычна выціраючы слёзы, пачала казаць пра тое, што мала хто ведаў, што яе мама была сама хворай. «Прадукты, вопратку — усё набывала я, — пераконвае Вольга. — З пустымі рукамі ніколі ў сваю хату не заходзіла. Як пенсія, то іду заўжды з прадуктамі. Я даглядала і маму, і свайго сына. Але з аддзела адукацыі не прыехалі і не дапамаглі, калі мая мама два разы проста падала, бо хварэла. Сведкай прыпадкаў маёй маці была я. Напрыклад, села чысціць бульбу — і страціла прытомнасць. А даглядаць яе трэба было мне адной».

img_6964_novyj_razmer_2.jpg

Адвакатка ўсім сведкам з боку пазоўнікаў задавала адно і тое ж пытанне: «Ці можаце назваць факты з жыцця сям’і, якія сведчылі б пра пагрозу для здароўя дзіцяці? На пытанне не адказаў ніхто, але адказвалі наступным чынам: «Проста мама ні на што не рэагавала», «Калі мы прыязджалі, Вольга Пятроўна ўвесь час сядзела ў тэлефоне, а з намі размаўляла бабуля», «Бабуля казала, што я выхоўваю двух дзяцей».

Вольга ж адказвала, што ва ўсім пагаджалася з мамай, бо калі яна была супраць нечага, то пераканаць у адваротным жанчыну было цяжка. Адвакатка ж выказвала здагадку, што маці Вольгі была па сваёй сутнасці ўладнай жанчынай.

Наступнае, што прад’яўлялася Вользе, — гэта тое, што яна не можа самастойна забяспечыць матэрыяльна-бытавыя моманты ў сям’і. Суд хвалявала, якім чынам яна аплочвае камунальныя паслугі, бо запазычанасці па іх не было. Аказваецца, Вольга аплочвае іх сама.

— Колькі застаецца на пражыццё з дзіцем пасля аплаты камунальных? — пытае пракурор.

— Ну, хай 50 рублёў магу патраціць на камунальныя, — задумалася Вольга, — усё астатняе — на дзіця.

— А пенсія ў вас колькі?

— 208 рублёў. Але пасля смерці мамы я стала атрымліваць яшчэ плюс 70 рублёў.

— А як вы збіраецеся пракарміць дзіця на 208 рублёў? — запытаў суддзя.

Маўчанне. А мне стала прыкра, бо нібыта яе абвінавачваюць яшчэ і таму, што ў яе маленькая пенсія.

— Чым кармілі дзіця, як жылі разам? — пытае пракурор.

— Суп варыла, боршч, бульбу…

— І гэта ўся ежа? — пытае суддзя.

— Як атрымлівала пенсію, то набывала кілбасу, бо малы вельмі любіў і прасіў.

— То бок, кілбасу вы набывалі яму толькі таму, што ён патрабаваў?

— Так. Ён у мяне патрабавальны, — усміхаецца Вольга, не зразумеўшы кпінаў суддзі.

Наступнае, што не разумеў аддзел па адукацыі, — чаму Вольга не вадзіла Арсенія ў паліклініку, калі той хварэў. «Я часта хварэла. Таму я баялася, што яго картка ў паліклініцы будзе таўсцець, як калісьці мая». Вольга адмовілася, да таго ж, ад медкамісіі для сына — не хоча, каб Арсеню паставілі групу, і ён паўтарыў яе лёс.

Вольга сказала, што Арсеній вельмі баяўся ўколаў і дактароў. Таму з яго хваробамі яна спраўлялася сама.

— Як збівалі тэмпературу сыну? — пытае пракурор.

— Ібуклінам… Растаўку палову таблеткі — і дам…

— А ці звярталіся вы па гуманітарную дапамогу?

— Асабіста я толькі адзін раз звярталася… Мама мяне навучыла, як трэба афармляць. Органы апекі і дырэктары дзіцячых садкоў, у якія хадзіў Арсеній, канфліктавалі з Вольгай па прычыне таго, што ў спякоту яна яго цёпла апранала і не дазваляла яго распранаць.

— Чым вы матывуеце сваё рашэнне цёпла апранаць Арсенія? — адвакат задала пытанне самой Вользе.

— Сын часта хварэў. І я казала гэта выхавацелям. Я не пускала яго ў садок з кашлем. Мне сказалі, што трэба даведка. Я пайшла за даведкай, што я лячу яго дома, але мне яе не выдалі, бо для гэтага сыну трэба было легчы ў бальніцу. Ён учапіўся за мяне і стаў істэрыць. Гвалтаваць дзіця я не буду, таму і адмовілася. А хварэў, як і ўсе дзеткі хварэюць, — прастуда, насмарк.

Незразумелым пазоўнікам падаўся той факт, што Вольга жыве не дома, а ў сваёй цёткі. «Я пражываю там, пакуль нарэшце мне не скажуць, што я маю поўнае права са сваім захворваннем жыць як нармальны чалавек, — кажа Вольга. — А пакуль я баюся, што мяне могуць адправіць туды, дзе знаходзяцца ўсе інваліды».

— Ці лічыце вы, што вам патрэбны апякун? — пытае Вольгу адвакатка.

— Па законе я маю права жыць і без апекуна. Але мне сказалі, што без апекуна я не маю права выхоўваць свайго сына.

Яшчэ суду было незразумела, чаму, калі Арсенія размеркавалі ў прытулак, мама наведала яго толькі тры разы. Прытым, адна — ніколі. Вольга патлумачыла гэта тым, што яна ў Століне ніколі не жыла і кепска ведае горад, таму баіцца заблудзіцца.

 

Прыёмная мама

Прыёмная маці, што выхоўвае Арсенія ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, сказала, што Арсеній — гіперактыўнае і асаблівае дзіця.

«Мяне адразу папярэдзілі, што Арсеній баіцца вады. Але я не ведала, што настолькі. Калі прыйшоў час купацца, ён толькі дакрануўся да вады, то як закрычыць! А хлопчык ён гіперактыўны, пастаянна потны, яго часта трэба мыць. Я накідала цацак — а ён ні ў якую!. Раней умывацца ён самастойна не мог. Апранацца і распранацца не ўмеў. Нават схадзіць у туалет самастойна не мог».

 

img_6963_novyj_razmer_2.jpg

З яе словаў, калі бацькі прыйшлі яго наведаць упершыню, то, пабачыўшы іх, стаў як укапаны. А пасля ўжо стаў гуляць, кантактаваў з імі. Але калі яны сыходзілі, пабег разам з імі. «Я ўжо думала, што ўсё, прыйдзецца яго вяртаць, а ён, аказваецца, хацеў паказаць ім нашу машыну».

 

Заключэнне псіхіятара-нарколага

«Вольга Корзун з’яўляецца інвалідам 2-й групы па псіхічным здароўі, а менавіта, яна мае памяркоўную разумовую адсталасць, бестэрміновую інваліднасць», — сказаў у судзе псіхіятр.

На думку псіхіятра, псіхічнае расстройства праяўляецца ў тым, што яна не ў стане забяспечыць нармальнае жыццё сына. У той жа час урач сказаў, што «прамой пагрозы ад мамы не сыходзіць, але мама сама не можа ацаніць пагрозы, якая можа ўзнікнуць у той ці іншай сітуацыі». Урач пагадзіўся, што пагроза носіць тэарэтычны характар.

«Фактаў, якія б нанеслі шкоду дзіцяці, я назваць не магу. І добра, што пакуль не было. Але яны могуць здарыцца. Тады я буду несці адказнасць перад судом за тое, што я не прадугледзеў».

Ад адвакаткі паступіла пытанне, ці можа сама Вольга Корзун пражываць без апекуна і забяспечваць сябе сама? «У адносінах да сябе яна можа самастойна пражываць, яна можа звярнуцца ў аддзел сацыяльнай абароны для таго, каб ёй вылучылі памочніка, праўда, за грошы з яе скуднай пенсіі».

— Ці можа стан Вольгі пагаршацца ці паляпшацца? — паступіла пытанне да доктара.

— Смерць маці не магла даць пагоршанні. Гэта не псіхоз, не галюцынацыі. Гэта статычны стан.

 

Што казалі сведкі Корзун у судзе?

У суд прыехала суседка Вольгі Ларыса, якая жыве ў суседнім доме ў Давыд-Гарадку. «Усё, што я бачу, я бачу праз вакно. Я ніколі не чула ні крыкаў, ні таго, каб Воля крыўдзіла сына. Калі б так нехта рабіў, то мы ў сям’і б абавязкова гэта абмеркавалі».

Па словах суседкі, Вольга выходзіла разам з сынам у краму, сама адвозіла яго на ровары ў садок. «Напэўна, сям’і не хапала грошай, бо часам яны пазычалі ў нас. Але вярталі заўсёды ў тэрмін».

«Мама Вольгі дачку апякала. Але Воля і сама ўсё рабіла. Канфлікт паміж імі быў тады, калі бабулі прапанавалі аформіць апеку над Арсеніем. А Воля спужалася, што той будзе называць мамай не яе, а бабулю». І Вольга, з яе словаў, зрабіць гэта не дазволіла.

«Я б не сказала, што Воля інвалід, калі б не ведала. Яна нармальная — і ў агародзе працуе, і сцірае. Канечне, зараз ёй цяжка, бо асноўную работу брала на сябе мама. Але ёй трэба проста прывыкнуць да адказнасці».

Марыя Казіміраўна, цётка Вольгі, выступала ў судзе як сведка: «Нічога не магу сказаць. Яна гатавала, сцірала, прыбірала за сынам. Дапамагала мне па гаспадарцы. Гатавала ежу самастойна. Яе сын гуляў з маім дзіцем».

«У яе дома цэлая дзіцячая бібліятэка ёсць. Воля пастаянна набывае новыя кнігі. Яна чытала казкі і маім дзецям. Я сама даглядаю дачку-інваліда».

Марыя казала, што не баялася пакідаць на Вольгу дзяцей.

 

Што сказаў у судзе юрыст з Офіса па правах людзей з інваліднасцю?

Алег Граблеўскі змог выступіць у судзе толькі ў якасці сведкі. Але факты і сваё меркаванне па гэтай справе ён выказаў. «У віну Вользе ставяцца не толькі дыягназ, але і прагулы ў дзіцячым садку, — кажа Алег. — Прытым, у адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі, дашкольная адукацыя не з’яўляецца абавязковай».

Яшчэ юрыст шчыра не разумее, як у доказ таго, што Вольга не здольная выхоўваць дзіця, можа ставіцца няўдзел ў грамадскім жыцці горада, як патлумачыў старшыня выканкама Давыд-Гарадка. Таксама Алег Граблеўскі сказаў, што і Генеральная пракуратура, і Міністэрства аховы здароўя зрабілі афіцыйныя заявы, згодна з якімі не дапускаецца прымаць рашэнні аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў толькі на падставе дыягназу бацькоў. «З боку Корзун не было зроблена ніводнага правапарушэння», — нагадаў Граблеўскі.

 

img_6965_novyj_razmer_2.jpg


«У дадзеным выпадку, калі я кажу, што наяўнасць дыягназу не можа быць падставай для адабрання дзіцяці. Гэтая норма магла быць прыменена толькі тады, калі Корзун мусіла з’яўляцца абавязанай асобай. У мінулым годзе, калі пазбаўляўся правоў бацька, было прынята рашэнне перадаць дзіця маці. Органы апекі прысутнічалі на судзе і не былі супраць гэтага рашэння. Што памянялася ў прававой сітуацыі з лістапада 2018 года? Мінздраў кажа пра тое, што недапушчальна прымяняць дадзеную норму права. А пракуратура кажа пра тое, што павінны быць усталяваны канкрэтныя дзеянні супраць дзіцяці. А зараз мы бачым толькі здагадкі, што Корзун не зможа. Органы апекі нават не далі магчымасці праявіць Вользе сябе як маці. Прайшло пяць дзён пасля смерці яе маці, і дзіця забралі. А аргументы, кшталту, што яна апранала дзіця не па надвор’і, прасоўваць у суд проста абсурдна».

І, канечне, адабранне дзіця без рэальных фактаў пагрозы для жыцця — поўная супярэчлівасць Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю, якую ратыфікавала наша краіна.

Рашэнне суда не было вынесена ў гэты ж дзень. Па сканчэнні некалькіх дзён я даведалася пра вынік. Суд вырашыў адабраць дзіця ў Вольгі Корзун. У сілу свайго дыягназу і сваіх паводзінаў, сацыяльнай дэзадаптацыі яна, па меркаванні суда, не можа выхоўваць сына. А Вользе Корзун яшчэ прыйдзецца кампенсаваць суду выдаткі ў памеры 76,50 рубля, ад выплаты якіх вызваляецца пазоўнік. Іх яна мусіць заплаціць са сваёй «скуднай пенсіі».

Але здавацца ніхто не збіраецца. Алег Граблеўскі ўжо падаў на апеляцыю. А Вольга наладзілася на далейшую барацьбу.

* * *

Гэты суд быў не судом, дзе вырашалі — пакінуць дзіця з маці ці не. Гэта быў суд, дзе вырашалі, ці можа чалавек з захворваннем мець такія ж правы, як і звычайны чалавек. Гэта быў суд, дзе ўсе прысутныя вырашалі, ці мае права дзяўчына з захворваннем на сям’ю. Суд вырашыў, што не. А я ўжо не адзін артыкул заканчваю рытарычным пытаннем: «Калі ўжо да чалавека з інваліднасцю будзе свой падыход?».

 

Вікторыя Чаплева, wmeste.by