ТБМ: з’езд высокіх тэхналогій

Гэта быў самы добра арганізаваны і «высокатэхналагічны» з'езд, на якім я быў. А я быў шмат на якіх з'ездах.

img_2769_logo.jpg


У прынцыпе, XIII з'езд Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) рэальна можна было б і не праводзіць. Чаму? Таму што ў ТБМ лепш за ўсіх навучыліся карыстацца новымі тэхналогіямі.

Усё, што было на з'ездзе, ужо было транслявана ў публічную прастору праз сайт арганізацыі. На сайце ТБМ было выкладзена ўсё — ад распарадку дня да справаздачаў і праектаў рэзалюцый. Кожны дэлегат мог зарання выказацца і па парадку з'езда, і даслаць свае заўвагі да рэзалюцый, і прапанаваць нешта сваё.

Дарэчы, арганізатары з'езду ТБМ зрабілі адну вельмі важную і карысную рэч, якая заслугоўвае проста авацыяў. Я не сустракаў такога на іншых падобных мерапрыемствах, але гэта трэба было б пераняць усім. Гучыць яна проста.

«Калі некаторыя дэлегаты з'езда хочуць прапанаваць свае рэзалюцыі, неабходна самастойна раздрукаваць іх колькасцю 100 асобнікаў кожная (адпаведна колькасці дэлегатаў з'езда) і перадаць падчас рэгістрацыі раздрукаваныя матэрыялы рэгістрацыйнай групе для распаўсюду з іншымі дакументамі з'езда», — было напісана на сайце ТБМ у тлумачэнні «Як будзе праходзіць з’езд».

Гэта імгненна адсякае розных «скандалістаў» і «правадыроў», якіх хлебам не кармі, але дай усунуць свае «пяць капеек» у любы загадзя падрыхтаваны дакумент.

І гэта вельмі слушна. Калі ты маеш нейкую ідэю, ты павінен пераканаць іншых, што гэтая ідэя вартая падтрымкі. А як лепш пераканаць іншых? Прадэманстраваць уласную гатовасць падтрымаць сваю ідэю не на словах, а на справе, рублём. Выдаткаваць свой час і, што больш істотна, асабістыя грошы на тое, каб данесці гэтую ідэю да іншых.

Калі ты не гатовы гэта зрабіць, калі ты сам не лічыш патрэбным укладацца ў сваю ідэю, дык ці вартая яна падтрымкі ўвогуле? Ці гэта проста пустая балбатня?

Карацей, засталося толькі дадаць на сайце ТБМ форму, у якой дэлегаты маглі б аўтарызавацца праз Google альбо Facebook, і прыкруціць «галасавалку» па праектах рэзалюцый і за новае кіраўніцтва. І з'езд можна было б правесці ў інтэрнэце.

Але, на жаль, айчыннае заканадаўства пакуль не прадугледжвае анлайн-з’ездаў. Таму ТБМ прыйшлося марнаваць грошы на арэнду залі, давоз дэлегатаў, іх харчаванне і ўсё такое іншае.

img_2661_logo.jpg

Уразіла, дарэчы, і стаўленне кіраўніцтва арганізацыі да дэлегатаў. Дзе мы зазвычай бачым старшыню? Правільна, у прэзідыуме. Але Алега Трусава дэлегаты бачылі адразу па ўваходзе у Міжнародны адукацыйны цэнтр, дзе праходзіла мерапрыемства. Таму што ён сядзеў… на рэгістрацыі дэлегатаў!

Рэгістрацыя займала адзін стол. Усё астатняе было запоўнена кнігамі і сувенірамі, якія актыўна набываліся дэдегатамі з’езду. Прычым, пабачыць можна было і даволі рэдкія кнігі, і нават «забароненыя» — напрыклад, кнігу палітолага Віталя Сіліцкага, якую адмовіліся друкаваць беларускія друкарні.


І гандлявалі кнігамі легендарныя асобы. Напрыклад, знакаміты «кніганоша» Алесь Яўдаха і пісьменнік Уладзімір Арлоў працавалі разам.

З’езд адкрыўся хвілінай маўчання ў памяць пра сышоўшых сябраў ТБМ і дзеля ўшанавання памяці расстраляных 80 год таму прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. І спантанна — гімнам «Магутны Божа».

img_2780_logo.jpg


У сваёй справаздачы, таксама зарання выкладзенай на сайце ТБМ, сыходзячы старшыня арганізацыі Алег Трусаў каротка прабегся па дасягненнях і задачах таварыства на наступны перыяд.

У адрозненне ад шмат якіх іншых арганізацый, дасягненні якіх можна перадаць словамі Курта Ванегута: «Самае вялікае дасягненне — тое, што яны выжылі і плануюць выжыць надалей», ТБМ ёсць чым пахваліцца. Алена Анісім — дэпутат парламента. Курсы «Мова нанова», створаныя актывістамі ТБМ Глебам Лабадзенкам і Алесяй Літвіноўскай атрымалі афіцыйную рэгістрацыю і пайшлі у рэгіёны. Зарэгістраваны Нацыянальны ўніверсітэт, дарабляецца яго Статут. Прэса шмат пісала пра агульнанацыянальныя дыктоўкі, быў зроблены пераклад Правілаў дарожнага руху на беларускую мову (пра гэта ў справаздачы Трусава не сказана, бо пераклад зроблены ў мінулы справаздачны перыяд), а нядаўна беларускі парламент прыняў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, напісаны толькі па-беларуску. Дзякуючы намаганням ТБМ, у артыкуле 69 гэтага Кодэкса запісана: «Да нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў адносіцца беларуская мова (вусная і пісьмовая), імёнаслоўныя традыцыі і традыцыйная форма звароту да людзей». Гэты сказ будзе карысны падчас спрэчных пытанняў у пашпартных сталах ці іншых установах краіны.

Карацей, што дзённая руплівая і, падавалася б, нябачная праца з колькасці перарастае ў якасць. І — ужо ёсць чым ганарыцца, што паказаць, і што памацаць рукамі.

img_2746_logo.jpg


Канешне, у сваёй справаздачы спадар Трусаў паспрабаваў пазначыць далейшы накірунак развіцця арганізацыі. Па яго меркаванні, ТБМ трэба ўжо менш спадзявацца на ўладу і заклікаць яе нешта зрабіць. А пачынаць (дакладней, працягваць) працу, разліваючы на свае сілы.

Ён адзначыў, што пасля анэксіі Крыма і вайны на Данбасе над краінай навісла пагроза страты незалежнасці. А таму роля працы па пашырэнні беларускай мовы значна ўзрастае. І, паколькі гэтым не заклапочаныя ўлады, то «наспеў час стварыць у краіне сістэму прыватнай беларускамоўнай адукацыі ад дзіцячых садкоў да нацыянальнага ўніверсітэта з дапамогай уласных сродкаў». «Папулярная ў Беларусі рускамоўная газета «Камсамольская праўда» адзначае, «што ў апошні час ёсць усё больш запытаў на беларускамоўных нянек» для маленькіх дзетак. Калі бацькі знаходзяць грошы на беларускамоўную няньку, то яны знойдуць іх на беларускамоўную школу ці гімназію», — лічыць Трусаў. І бачыць дзейнасць ТБМ у новых умовах як згуртаванне аднадумцаў, «якія не лямантуюць, што ўсё страчана, а ўмеюць гуртавацца, працаваць у камандзе і знаходзіць грошы на сваю дзейнасць».

Сам Трусаў, як даўно казаў, сыходзіць з пасады старшыні ТБМ, і будзе займацца Нацыянальным універсітэтам.

У гэтых умовах была адзіная інтрыга: хто стане лідарам ТБМ замест Алега Трусава? Фаварытам выбараў была Алена Анісім, але шмат у каго ўзнікалі пытанні: ці не занадта яна занятая дэпутацкай дзейнасцю, каб яшчэ і арганізацыяй кіраваць? Альбо, можа быць, «па шматлікіх просьбах працоўных» Трусаў усё ж зменіць сваё рашэнне пра сыход?

 

img_2767_logo.jpg

Але гэта быў відавочна не той выпадак, калі здзяйсняюцца цуды. І ужо праз гадзіну пасля пачатку з'езду Алена Анісім стала новай старшынёй Таварыства беларускай мовы. А Алег Трусаў застаўся ганаровым старшынёй арганізацыі.

img_2803_logo.jpg


img_2807_logo.jpg


З’езд ТБМ прыняў дзьве кароткія рэзалюцыі — пра неабходнасць беларускамоўнай вышэйшай адукацыі і пра тое, каб парламент прымаў законы адразу у двух версіях: рускай і беларускай (каб не было потым працы ТБМ па перакладу тых жа Правіла дарожнага руху на беларускі). І тры пастановы: пра электронную версію газеты «Наша слова», пра арганізацыю прыватнай гімназічнай беларускамоўнай адукацыі і галоўны — «Аб унясенні ў парадак дня сесіі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь законапраекта «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы». Гэты законапраект быў распрацаваны даўно. Зараз сакратарыяту ТБМ трэба крыху яго паправіць, а Алене Анісім — вынесці на разгляд парламента.