“Трасцянец”: чаму толькі цяпер?
Нарэшце дадзены старт узвядзенню мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”. Цырымонію закладання памятнай капсулы з пасланнем наступным пакаленням ачоліў сам нязменны кіраўнік Беларусі. Але чаму гэта адбылося толькі зараз?
Для старту стварэння мемырыялу “Трасцянец”, дзе гітлераўцы забілі больш за 200 тысяч чалавек, некалькі гадоў высілкаў спатрэбілася Мінскаму Міжнароднаму адукацыйнаму цэнтру імя Йаханэса Раў і Дортмундскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра.
Як сказаў журналістам кіраўнік Дортмундскага МАЦ і Агульнага сходу ўдзельнікаў Мінскага МАЦ Маціяс Цюмпель, у яго ўвесь час была незадаволенасць і неразуменне таго, што на месцы, дзе адбываліся такія жудасныя злачынствы, ладжаныя нацыянал-сацыялістамі, дагэтуль няма мемарыялу.
“Надышоў момант, калі мы вырашылі, што калі мы, як міжнародныя адукацыйныя цэнтры, не ажыццявім гэтую ідэю цяпер, то яе рэалізацыя будзе адкладзеная яшчэ на многія гады”, — адзначыў спадар Цюмпель. Паводле ягоных словаў, ідэю ДМАЦ і ММАЦ актыўна падтрымалі не толькі ў Германіі, але і ў Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі. Менавіта з гэтых краінаў пайшлі масавыя і даволі буйныя ахвяраванні, што дазваляе ўжо цяпер паверыць у магчымасць рэалізацыі праекта ў Трасцянцы.
Герман Фёлькер, нараджэнец Гамбургу, ужо наведваў Беларусь. Цяпер ён прыехаў у Мінск у складзе дэлегацыі, у якую ўвайшлі 130 грамадзян Германіі. Яны адмыслова прыехалі ў нашу краіну, каб узяць удзел у цырымоніі закладкі капсулы ў камень, што дае старт пабудове мемарыялу. Бальшыня з тых, хто прыехаў, альбо самі былі ахвярамі нацыстаў, яльбо страцілі сваякоў пад час фашыстоўскага генацыду менавіта тут, у Трасцянцы.
“Я нарадзіўся ў 1960 годзе, маю сына і дачку, якім ужо за 20 гадоў. У Трасцянцы палегла шмат людзей з нашай абшчыны, у мяне магілаў сваякоў у Беларусі болей, чымся на радзіме. Я вельмі хачу, каб паўстаў гэты мемарыял. Каб людзі маглі прыйсці і памаліцца за бязвінна забітых. А мае дзеці маглі наведаць месца, дзе былі знішчаныя іх продкі”, — з надрывам у голасе сказаў Герман Фёлькер.
“Гэтае злачынства здзейснілі нашы бацькі і дзяды, і мы павінны несці адказнасць за тыя жахлівыя ўчынкі. І стварэнне гэтага мемарыялу будзе нашым унёскам у працэс замірэння паміж народамі, данінай нашай памяці ахвярам нацызму”, — адзначыў Петэр Юнгэ-Вэнтруп, кіраўнік справамі Дортмундскага МАЦ. “Вельмі важна для нас, што сёння жыхары Беларусі працягнулі нам свае рукі, гэта дае нам надзею”, — дадаў Маціяс Цюмпель.
Тут узнікае пытанне, чаму семдзесят гадоў у Беларусі не было належнага мемарыялу на месцы знішчэння соцень тысяч людзей?
Мо таму, што там сустрэлі смерць дзясяткі тысяч габрэяў, прычым не толькі з Беларусі, але з Чэхаславакіі ды Аўстрыі, з нямецкіх Бона ды Брэмена, Гамбурга і Кёльна, Франкфурта і Дзюсельдорфа? Не сакрэт, што вышэйшае савецкае кіраўніцтва як пры Сталіне, гэтак і пазней было кепска прыхаванымі антысемітамі.
Мо таму, што сярод знішчаных ў Малым Трасцянцы ды Благаўшчыне былі савецкія ваеннапалонныя, якіх сталінская кліка адразу ж абвясціла здраднікамі, а гітлераўцы такім чынам толькі сэканомілі сталінскім апрычнікам патроны, забіўшы палонных?
Мо таму, што пасля вайны будаваліся шматлікія помнікі не толькі сапраўдным героям, але і выдумкам сталінскай ды хрушчоўскай, брэжнеўскай ды іншых генсекаў прапаганды, а на мемарыялы па простых людзях, у тым ліку шматлікіх ахвярах Халакоста не хапала грошай? Як не хапала і жадання?
Але мае што маем. Капсула ўжо закладзена. Афіцыйна старт праекту дадзены. Як паведаміў дырэктар Мінскага МАЦ Віктар Балакіраў, першая частка мемарыяла ў Трасцянцы павінна ўзнікнуць яшчэ да 9 траўня 2015 года — да 70-х угодкаў перамогі ў Другой сусветнай вайне. Калі будзе гатовая другая частка памятнага комплексу — у Благаўшчыне (над гэтым кавалкам праекта працуе творчая майстэрня сусветна вядомага архітэктара Леаніда Левіна, які нядаўна пайшоў з жыцця), пакуль што не могуць сказаць нават самі ініцыятары стварэння мемарыялу.
Аднак суцяшае хаця б той факт, што праект усё ж стартаваў. Пры чым, з удзелам, няхай і проста публічным, афіцыйнага лідара. Трэба прызнаць, што яго прысутнасць і хаця б веданне пра праект, да якога пэўным чынам ён спрычыніўся, акажа ўплыў на тых чыноўнікаў, ад каго залежаць канкрэтныя рашэнні па рэалізацыі праекта. Дарэчы, стварэнне мемарыялу блаславілі кіраўнікі ўсіх царкоўных канфесіяў Беларусі, уключна арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча — Мітрапаліта Мінскага і Магілёўскага, а таксама Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Паўла, патрыяршага экзарха ўсёй Беларусі.