Трэба наводзіць парадак!
От ужо гэтыя дыпламаты! Калі і накіруюць запрашэнне, дык так, што хоць стой, хоць падай. Але, падаецца, у Беларусі і так шмат праблемаў, якія не патрабуюць выезду за мяжу. Разбірацца з імі даводзіцца Аляксандру Лукашэнку — больш, здаецца, няма каму.
Беларусь атрымала запрашэнне на саміт Усходняга партнёрства ў Вільні. «Запрашэнні — для дзяржаў, а не для канкрэтнай афіцыйнай асобы», — паведаміў аддзел грамадскага інфармавання МЗС Літвы ў адказ на пытанне, ці запрошаны Лукашэнка на саміт. Гэтае «бяспрозвішчнае» запрашэнне азначае, што вырашаць, хто паедзе на саміт, будзе персанальна Аляксандр Рыгоравіч. Хадзілі розныя чуткі — напрыклад, што на сустрэчу паедзе ён сам. Але такім запрашэннем неяк перакрэсліваецца ягоны ўдзел: накіроўваць на саміт самога сябе — неяк «не камільфо». Такім чынам еўрапейскія дыпламаты ненавязліва пацвердзілі ягоны статус «неўязднога» ў краіны Еўрасаюза.
Дый навошта яму туды ехаць? Галоўныя пытанні мерапрыемства — падпісанне дамовы аб асацыяваным сяброўстве ў ЕС і аб свабодным гандлі з Украінай, а таксама парафаванне аналагічных дамоў з Малдовай і Грузіяй. Беларусь тут — ні вухам, ні рылам.
У нас і сваіх праблемаў хапае. Скандал з затрыманнем топ-менеджара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера ўвайшоў у тэхнічную фазу. Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў 11 кастрычніка распавёў, які кепскі Баўмгертнер. Тым часам расійскія следчыя органы нібыта атрымалі ад беларусаў матэрыялы крымінальнай справы і завялі сваё расследаванне. Адначасова яны загаварылі пра экстрадыцыю топ-менеджара на радзіму.
Паведамлялася, што Следчы камітэт Расіі па матэрыялах ад беларускіх калегаў распачаў супраць старшыні назіральнага савета ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» і гендырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера і былога першага намесніка кіраўніка ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» Канстанціна Саладоўнікава крымінальную справу па ч. 2 арт . 201 КК РФ (Злоўжыванне паўнамоцтвамі). Па версіі следства, яны «злоўжывалі сваімі паўнамоцтвамі, выкарыстоўваючы іх насуперак законным інтарэсам гэтых арганізацый і ў мэтах здабывання выгод і пераваг для іншых асоб, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды і цяжкія наступствы для Беларускай калійнай кампаніі (БКК) і «Беларуськалія».
Але Следчы камітэт Беларусі пакуль не атрымаў пацвярджэння ад расійскіх калег пра распачацце супраць Баўмгертнера крымінальнай справы, таму лічыць пытанне аб яго выдачы «не вырашаным».
«Дамоўленасць аб тым, што менавіта Расія будзе расследаваць справу Баўмгертнера, пакуль не дасягнута. Вы спяшаецеся са справай Баўмгертнера — справа пакуль застаецца ў Рэспубліцы Беларусь», — паведаміў афіцыйны прадстаўнік СК РБ Павел Траўлька.
А пакуль мы трымаемся за Баўмгертнера, Дзярждума Расіі ўвяла з 1 студзеня 2014 года ўтылізацыйны збор з расійскіх аўтамабіляў, у тым ліку з Калінінградскай вобласці, Беларусі і Казахстана. Адпаведны законапраект быў прыняты расійскімі дэпутатамі 15 кастрычніка адразу ў другім і ў трэцім, канчатковым, чытанні.
Такім чынам, абавязацельства па выплаце ўтылізацыйнага збору усталёўваецца ў Расіі для ўсіх удзельнікаў рынка: як для расійскіх аўтавытворцаў, так і для імпарцёраў з трэціх краін, а таксама для прадпрыемстваў з краін Мытнага саюза, якія пастаўляюць прадукцыю на расійскі рынак. У чарговы раз «патрапілі пад раздачу» МАЗ, «Амкадор» і беларускія камбайны.
Цяпер базавая стаўка збору для легкавых аўтамабіляў складае 20 тысяч расійскіх рублёў, а для грузавікоў — 150 тысяч расійскіх рублёў. Здавалася б, пры чым тут Баўмгертнер?
Не ўсё у нас нармальна і з хакеем. У аўторак прэзідэнт Беларусі правёў нараду, прысвечаную пытаннях падрыхтоўкі і правядзення чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Мінску. Аказалася, што чэмпіянатаўскія аб’екты проста не гатовыя.
Лукашэнка быў вельмі незадаволены тым, што тэрміны здачы «Чыжоўка–Арэны» зацягваюцца. Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька казаў, што да 7 лістапада, калі аб’ект павінен быць здадзены, увядуць толькі «першы пускавы комплекс». Цалкам арэну павінны здаць у эксплуатацыю толькі да 15 снежня.
«Вы мне тройчы абяцалі здаць аб’ект да 7 лістапада і не выканалі абяцанні! Мы ж ужо пераносілі тэрміны! І прыдумалі нейкія пускавыя комплексы!» — абурыўся Лукашэнка.
Абурацца ёсць чаго. Па меркаванні Аляксандра Рыгоравіча, гэта «сур’ёзнае эканамічнае мерапрыемства», і яно павінна прынесці «сур’ёзную фінансавую аддачу». А інакш без спартыўнай валюты нам труба.
Да таго ж і імідж Беларусі як хакейнай дзяржавы павінен быць захаваны і ўзмоцнены. «Нам патрэбна гульня, а не боўтанне па хвалях: там выйгралі, там прайгралі, там крылы апусцілі. Немагчыма глядзець часам на некаторыя гульні! Таму працуйце з камандай: не толькі з трэнерамі, але і гульцамі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, і даручыў стварыць каманду, у якую будуць адабраныя найлепшыя гульцы.
А калі гэтага зроблена не будзе, то спартоўцам проста не дадуць грошай. «Трэба наводзіць парадак! Грошы павінны ісці тым, хто непасрэдна прыносіць карысць, хто змагаецца, хто скача, хто бегае», — адзначыў Лукашэнка.
Шкада толькі шахматыстаў, якія не скачуць і не бегаюць. Пэўна, яны першыя на вылет з дзяржфінансавання.
А ў дасягненні «сур’ёзнай фінансавай аддачы» ад Чэмпіянату свету па хакеі нам, як ні дзіўна, дапамагла Польшча. Міністэрства замежных спраў і Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы падтрымалі ініцыятыву партала Port Europa, які дамагаўся пешых пераходаў на мяжы. Пешкі перайсці беларуска-польскую мяжу ў Кузніцы можна будзе ўжо гэтай восенню. У Полаўцах, праўда, такі пераход можна будзе ажыццявіць у 2015 годзе. На гэтыя мэты ўжо выдзелены сродкі — 900 тысяч злотых (каля 300 тысяч долараў).
А вось чакаць пешага пераходу на памежным пераходзе ў Баброўніках прыйдзецца доўга. Мост на мяжы вельмі вузкі, і для такога пераходу папросту няма месца. Давядзецца будаваць новы мост, і перамовы пра гэта ўжо ідуць паміж Польшчай і Беларуссю.
Так што чакаем пешых палякаў на ЧМ-2014.