Прадстаўнікі МЗС Польшчы і Швецыі 24–25 кастрычніка наведаюць Мінск

Прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў Польшчы і Швецыі 24 кастрычніка прыбудуць у Мінск з двухдзённым візітам.



zeurmg.jpg

Як паведамілі БелаПАН у пасольстве Швецыі, ад шведскага боку ў Мінск прыедуць пасол Усходняга партнёрства МЗС Марцін Хагстрэм і генеральны дырэктар палітычнага дэпартамента МЗС Турб'ёрн Сульстрэм.


Польскі бок будуць прадстаўляць палітычны дырэктар міністэрства Яраслаў Браткевіч, упаўнаважаная міністра замежных спраў па справах Усходняга партнёрства Беата Пенкса і намеснік дырэктара Усходняга дэпартамента МЗС Конрад Паўлік, паведамілі БелаПАН у пасольстве Польшчы.


Паводле папярэдняй інфармацыі, у дыпламатаў Швецыі і Польшчы запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў і Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі.


Пра тое, што напярэдадні саміта Усходняга партнёрства (УП) у Вільнюсе адбудзецца такая паездка, паведамілі міністры замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі і Швецыі Карл Більт у сумесным артыкуле, апублікаваным 21 кастрычніка ў шэрагу СМІ краін УП, у тым ліку — у інтэрнэт-газеце Naviny.by ("Белорусские новости"). Паведамлялася, у прыватнасці, Сікорскі, Більт і іншыя высокапастаўленыя прадстаўнікі Польшчы і Швецыі перад самітам маюць намер наведаць сталіцы дзяржаў УП — Кішынёў, Кіеў, Тбілісі, Баку, Ерэван і Мінск.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН