Польшча. “Рух Палікота” змяніў назву

У Варшаве адбыўся кангрэс партыі “Рух Палікота”, на якім было прынята рашэнне пра змену назвы праекту. Нагадаем, што партыя “Рух Палікота” была створаная ў 2010 годзе алігархам Янушам Палікотам і здолела праз год прарвацца ў парламент, атрымаўшы 10 працэнтаў.



palikot_3.jpg

Цяпер “Рух Палікота” вырашылі распусціць, каб заснаваць новую партыю, якой далі назву “Твой рух”. Праўда, гэта не проста тэхнічны рэбрэндынг. Сузаснавальнікамі “Твайго руху” выступілі  левыя групоўкі, што, на думку аналітыкаў, сведчыць пра намер Палікота выціснуць з левага флангу посткамуністычны “Саюз левых дэмакратаў” (SLD).

На карысць гэтага кажа і намер Палікота сфармаваць кааліцыю “Еўропа Плюс” з Аляксандрам Кваснеўскім, былым прэзідэнтам і лідарам SLD, які нядаўна пасварыўся з аднапартыйцамі.

Праўда, перад тым, як фармаваць нейкія кааліцыі, Палікоту патрэбна вырашыць адну балючую праблему. Справа ў тым, што Палікота цягнуць у суд за плагіят. Аказваецца, у Польшчы даўно існуе фонд пад такой жа назвай, які ў дадатак пазіцыянуе сябе як кансерватыўна-хрысціянскі. Дырэктар гэтага фонду кажа, што супадзенне назваў можа дыскрэдытаваць яго установу, паколькі палікотаўцы выступаюць за легалізацыю марыхуаны і дэклерыкалізацыю грамадства.

Паводле польскай прэсы