Інстытут нацыянальнай памяці ў Беластоку шукае сведкаў забойства ў Лідзе

Каля 600 чалавек затрыманых НКУС у ваколіцах Аўгустова на Падляшшы ў 1945 годзе, маглі быць расстраляныя на Гарадзеншчыне. Беластоцкі аддзел Інстытуту нацыянальнай памяці, які расследуе злачынствы супраць грамадзянаў Польшчы, ужо амаль 20 гадоў не можа знайсці месца пахавання затрыманых асобаў.



ipn_24.jpg

Фота ipn.gov.pl

Цяпер з’явіліся сведчанні, якія кажуць, што затрыманыя ў Аўгустоўскай аблозе асобы маглі быць вывезеныя ў Гародню, паведаміў пракурор аддзелу ІНП у БеластокуЗбігнеў Кулікоўскі:

— Маем сведчанні сведка, грамадзяніна Польшчы, беларуса, які быў прызваны ў войска ў 1945 годзе, які служыў у Чырвонай Арміі, у тых частках, што ўдзельнічалі ў аблогах. І гэты чалавек паведаміў, што падчас яго службы ў Чырвонай Арміі, напачатку яго частка размяшчалася на тэрыторыі Усходняй Прусіі, затым перадыслакавалася на Аўгустоўшчыну, і там тыя аблогі адбываліся. А свой марш частка завяршыла ў раёне Гародні.

Збігнеў Кулікоўскі адзначае, што з Гародні гэтыя людзі маглі быць перавезеныя ў Ліду, дзе ў ліпені і жніўні 1945 года адбываліся расстрэлы некалькіх сотняў вязняў Лідскай турмы на тэрыторыі вайсковага палігону. Беластоцкі ІПН будзе звяртацца да Рэспублікі Беларусь, каб тая аказала прававую дапамогу і паспрыяла высвятленню гэтай справы, кажа Збігнеў Кулікоўскі:

— Беларуская дзяржава ніякім чынам не адказная за тое, што адбылося ў 1945 годзе на тэрыторыі Беларусі, за тое, рабілі функцыянеры Савецкага Саюза. Аднак беларуская дзяржава павінна правесці расследаванне гэтай справы з мэтай высвятлення тых фактаў, каб даведацца, ёсць ці няма ў той мясціне пахаванняў жыхароў Аўгустоўшчыны.

Беластоцкі аддзел Інстытуту нацыянальнай памяці звяртаецца таксама да ўсіх магчымых сведкаў тых падзеяў па беларускім баку мяжы з просьбай пра дапамогу. Кантакты, па якіх можна інфармаваць беластоцкі аддзел ІНП, можна знайсці на інтэрнэт старонцы нашага радыё.

* * *

Камісія пераследу за злачынствы супраць польскага народа Інстытута нацыянальнай памяці вядзе следства ў дачыненні да камуністычных злачынстваў, якія ёсць таксама злачынствамі супраць чалавецтва. Гэта забойства ў ліпені 1945 года ў невядомым месцы звыш 600 асобаў, затрыманых на тэрыторыі Аўгустоўскага, Сувальскага і Сакольскага паветаў, што ў Падляшскім ваяводстве, у час гэтак званай “Аўгустоўскай аблавы”. Затрыманні былі здзейсненыя салдатамі вайсковай разведкі “Смерш” ІІІ Беларускага фронту Чырвонай Арміі пры дапамозе службоўцаў з польскіх органаў Грамадскай бяспекі, міліцыі ды салдатаў І Арміі польскага войска. 

Сабраны ў падрыхтоўчым працэсе доказны матэрыял паказвае на тое, што, праўдападобна, у канцы ліпеня 1945 года, а таксама ў пачатку жніўня 1945 года з Гародні ў Ліду службоўцы СССР на чыгуначным транспарце перавезлі значную колькасць грамадзян Польшчы, апранутых у цывільнае адзенне. У Лідзе яны апынуліся ў мясцовай вязніцы, пасля чаго адтуль групамі, якія налічвалі ад 100 да 200 асобаў, былі прагнаныя вуліцамі горада на тэрыторыю даваеннага палігона 77 Палка польскай пяхоты, дзе салдаты “Смярша” іх забівалі. Верагодна, што прынамсі 3 групы палякаў цягам некалькіх дзён пешшу гналі праз горад на тэрыторыю палігона. Целы расстраляных былі ўкінутыя ў яміны з часоў нямецкай акупацыі. Жыхарам Ліды ў гэты час не дазвалялі пакідаць сваіх кватэр. Ім было абвешчана, што зняволеныя — гэта злачынцы, якія цесна звязаныя з нямецкімі фашысцкімі групоўкамі. Аднаго з палякаў, які ў час транспарціроўкі на палігон не мог з-за знясілення ісці, канваіры расстралялі ў раёне вуліцы Крупоўскай ў Лідзе.

У звязку з гэтым просім людзей, якія нешта ведаюць на гэту тэму, кантактавацца пісьмова альбо тэлефанічна з Камісіяй пераследу за злачынствы супраць польскага народа Інстытута нацыянальнай памяці ў Беластоку, спасылаючыся на сігнатуру справы S 69/01/Zk.

Збігнеў Кулікоўскі, Інстытут нацыянальнай памяці ў Беластоку

Адрас i каардынаты:

Instytut Pamięci Narodowej
Oddziałowa Komisja Ścigania Zbrodni
przeciwko Narodowi Polskiemu
w Białymstoku

15-637 Białystok
ul. Warsztatowa 1 A
tel. +48 85 6645790, fax. +48 85 6645799
e-mail: danuta.pawlowicz@ipn.gov.pl

www.racyja.com