Дырэктар МЗС Польшчы: Мы прыехалі не для бойкі

25 кастрычніка дырэктары па палітычных пытаннях МЗС Польшчы Яраслаў Браткевіч і МЗС Швецыі Торб’ёрн Сульстрэм сустрэліся з журналістамі, каб распавесці пра вынікі візіту ў Беларусь.



001055_00000553270.jpg

Прадстаўнікі польскай і шведскай знешнепалітычных устаноў на працягу двухдзённага наведвання нашай краіны сустрэліся з прадстаўнікамі беларускага МЗС, Адміністрацыі прэзідэнта з рознымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі.

«Для нас было вельмі важна напярэдадні Вільнюскага саміта наведаць сталіцы ўсіх краін-чальцоў «Усходняга партнёрства». Мы ўжо былі ў больш прасунутых краінах — Украіне, Малдове і Грузіі. І зараз мы тут», — сказаў Торб’ёрн Сульстрэм.

З афіцыйным Мінскам дэлегацыя абмяркоўвала перспектывы супрацоўніцтва, у першую чаргу ў рамках Дыялогу для мадэрнізацыі. «Для больш важкіх крокаў у супрацоўніцтве, — падкрэсліў Сульстрэм, — неабходна ліквідаваць галоўную перашкоду — вызваліць усіх палітзняволеных». Па словах шведскага прадстаўніка, ім далі зразумець, што праца ў гэтым напрамку вядзецца.

«Мы былі бы вельмі радыя, калі б усіх палітычных вязняў выпусцілі напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства», але гэта не ёсць умова ўдзелу Беларусі ў саміце. Беларусь запрошана на саміт як краіна-партнёр. Наогул, дыялог выключае ўльтыматыўныя паводзіны», — сказаў Яраслаў Браткевіч.

На ІІІ Вільнюскім саміце «Усходняга партнёрства», як вядома, плануецца парафіраваць пагадненне пра асацыяцыю і стварэнне зон паглыбленага ўсебаковага вольнага гандлю з Грузіяй і Малдовай, а таксама падпісанне такога пагаднення з Украінай. Ад Беларусі чакаецца ўдзел у падпісанні і абмеркаванні выніковага дакументу саміта.

На пытанне НЧ, ці ёсць у ЕС стратэгія дзеянняў на ціск з боку Расіі, які безумоўна павялічыцца, калі вышэйазначаныя пагадненні з Украінай, Малдовай і Грузіяй будуць падпісаныя, прадстаўнікі знешнепалітычных устаноў адказалі:

Для Еўропы «Усходняе партнёрства» — не геапалітычная гульня, а адказ на попыт з боку партнёраў. «Усходняе партнёрства не скіравана супраць Расіі. І мы неаднойчы пра гэта казалі і гэта дэманстравалі. Але калі такі ціск усё ж будзе, мы будзем на яго рэагаваць. Як, напрыклад, у сітуацыі з забаронай малдаўскага віна ў Расіі…Мы б хацелі падкрэсліць, што ўдзел незалежных краін у тых ці іншых саюзах і асацыяцыях ёсць добраахвотны выбар гэтых краін. Беларусь уступіла ў Мытны саюз, і ЕС не аказваў на яе ціск з гэтай нагоды… Мы спадзяемся, што нашы перамовы з Расіяй ў рамках Стратэгічнага партнёрства дазволяць пазбавіцца той палітызаванасці ў адносінах да «Усходняга партнёрства», якая сёння дэманструецца кіраўніцтвам расійскай Федэрацыі.

«Мы прыехалі не для бойкі, — падкрэсліў Яраслаў Браткевіч. — Мы спадзяемся, што з дапамогай узважанага дыялогу мы зможам рухацца наперад».