Чаго чакаць ад чарговага саміту СНД?

Дэлегацыі краінаў СНД прыбылі ў Мінск. Яны прымуць удзел у некалькіх мерапрыемствах. Гэта паседжанне Вышэйшай рады Еўразійскай эканамічнай камісіі з удзелам кіраўнікоў Беларусі, Казахстану і Расіі, а таксама двухбаковыя сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый.



zss77.jpg

Паводле палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, найбольш цікавыя для назіральнікаў так званыя “кулуарныя размовы”. Пры гэтым адно з найважнейшых пытанняў — стварэнне Еўразійскага саюза:

— У прыватнасці, што тычыцца беларуска-расійскіх дачыненняў, тут зноў вельмі няпросты этап. Таму што справа Баўмгертнера — гэта ў прынцыпе прыватны выпадак. І нават калі ўявіць, што беларускі бок атрымае гэтыя 100 млн долараў, якія паставіў нечаканай умовай, магчыма нават экспромтам, Аляксандр Лукашэнка, то гэтыя 100 млн не вырашаюць праблем беларускага рэжыму. І тут беларускі бок разлічвае “раскруціць” Расію, зважаючы на яе інтарэс стварыць Еўразійскі саюз.

Аглядальнік падкрэслівае таксама іміджавую зацікаўленасць Уладзіміра Пуціна ў вырашэнні пытання Уладзіслава Баўмгертнера. Відавочна, што Крэмль будзе даціскаць Лукашэнку, а той будзе спрабаваць атрымаць козыры і за вызваленне Баўмгертнера, і за ўдзел у Еўразійскай інтэграцыі, адзначыў Аляксандр Класкоўскі.

* * *

Мінск на два дні стаў цэнтрам постсавецкай інтэграцыі. Цягам 24 і 25 кастрычніка ў сталіцы Беларусі адбудзецца пасяджэнне Савету кіраўнікоў дзяржаваў СНД, а таксама Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет. Адным з пытанняў, разгледжаных прадстаўнікамі Беларусі, Казахстана і Расіі, стане распрацоўка дамовы "Аб Еўразійскім эканамічным саюзе".

Палітык Юрый Варонежцаў мяркуе, што постсавецкія інтэграцыйныя працэсы часта носяць супярэчлівы і дэкларатыўны характар:

— Пэўныя прамыслова-фінансавыя групы, якім гэты працэс, магчыма, не выгадны, і будуць яго тармазіць. А тое, што ён выгадны не ўсім, гэта, безумоўна, ясна, і гэта бачна нават на апошніх прыкладах вострых супярэчнасцяў паміж нашымі краінамі, якія тычацца паставак рознай прадукцыі. “Белкалій” — гэта самы яскравы прыклад таго, што не ўсё так добра, як нам гавораць. Справаздача будзе звычайная — сустрэліся, пагаварылі, і будзе ўсё добра, і нават лепш, чым зараз!

Распрацоўка дамовы пра Еўразійскі эканамічны саюз, паводле планаў уладаў Беларусі, Казахстану і Расеі, павінна быць завершаная да 1 траўня 2014 года.

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Сёння ў беларускай сталіцы стартуе пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. 

Месцам правядзення саміту стане Палац Незалежнасці. Гэты выбар абумоўлены магчымасцю забяспечыць максімальна зручныя і камфортныя ўмовы для работы гасцям саміту, сказаў кіраўнік краіны. Чаго чакаць ад чарговага саміту CНД? 

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч адзначае — саміт СНД свайго роду ілюзія, што постсавецкая прастора надалей прадстаўляе адзінства: 

— СНД сёння выконвае функцыю пляцоўкі, дзе сустракаюцца кіраўнікі дзяржаў. Тут ствараюць ілюзію для грамадзян сваіх краін, што постсавецкая прастора яшчэ існуе, таму што ў значнай часткі насельніцтва постсавецкай дзяржавы, асабліва людзей старэйшага пакалення, існуе настальгія па Савецкаму Саюзу. І яшчэ адна функцыя існуе ў СНД. Гэта функцыя ўзаемнай падтрымкі і ўзаемнай легітымізацыі аўтарытарных рэжымаў. 

На нарадзе па падрыхтоўцы да саміту кіраўнік Беларусі сказаў, што ўсе кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. Але напярэдадні стала вядома, што першы віцэ-прэм'ер Кыргызстана Джаамарт Атарбаеў будзе прадстаўляць краіну ў Мінску.

У прэс-службе кіраўніка кыргызскай дзяржавы не растлумачылі прычыну адсутнасці прэзідэнта Алмазбека Атамбаева на самітах у Мінску.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belta.by