Лукашэнка: Еўразійскі эканамічны саюз і Еўрасаюз у перспектыве стануць роўнавялікімі партнёрамі

У найбліжэйшай перспектыве Еўразійскі эканамічны саюз (ЕЭС) і Еўрасаюз стануць прыкладна роўнавялікімі партнёрамі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 кастрычніка на сустрэчы з кіраўнікамі некаторых СМІ краін СНД. 



1bj92.jpg

Паводле яго слоў, удзельнікі Мытнага саюза — Беларусь, Расія і Казахстан — ушчыльную наблізіліся да новага этапу інтэграцыі, Еўразійскага эканамічнага саюза. "З улікам імкнення шэрагу іншых краін да ўдзелу ў гэтым праекце на шахматнай дошцы геапалітыкі ў самы блізкі час Еўразійскі эканамічны саюз і Еўрапейскі саюз стануць прыкладна роўнавялікімі партнёрамі. Іх інтарэсы трэба будзе збалансаваць. Гэта і ёсць жывы прыклад таго, што ідэя інтэграцыі інтэграцый абсалютна рэальная", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. 


Беларускі кіраўнік перакананы, што перамовы з адзінай Еўропай з боку ЕЭС будуць больш эфектыўнымі. "Калі мы будзем весці перамовы з адзінай Еўропай (напрыклад) разам, гэта дасць значна большы эфект, чым сепаратныя перамовы асобных краін — удзельніц СНД, якія часта праходзяць на зневажальных для іх умовах. Бо разам мы — сіла, з якой будуць лічыцца", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 
 

Ён таксама перакананы ў неабходнасці захоўваць і развіваць Садружнасць Незалежных Дзяржаў як адзіную пляцоўку для дыялогу і выпрацоўкі сумесных рашэнняў. 

001055_00000585022.jpg


 

"Часам задаюць пытанне: а ці быў і ці застаецца цяпер сэнс у існаванні СНД? Пры гэтым часта ўказваюць на тое, што многія краіны ўжо арыентуюцца на розныя цэнтры сілы. Расія, Казахстан і Беларусь будуюць Еўразійскі эканамічны саюз. Украіна, Малдова, збольшага Арменія спрабуюць пашырыць сувязі з ЕС. У Цэнтральнай Азіі хуткімі тэмпамі расце прыцягненне Кітая", — адзначыў Лукашэнка. 
 

"Выкажу думку, якая камусьці можа здацца парадаксальнай: той факт, што краіны Садружнасці праводзяць розную палітыку, не толькі не аслабляе, але, наадварот, узмацняе патрэбу ў нейкім сцягваючым механізме, значным элементам якога з'яўляецца агульная пляцоўка для дыялогу", — падкрэсліў беларускі кіраўнік. 


Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі некаторых СМІ краін СНД праходзіць напярэдадні пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці, якое адбудзецца 25 кастрычніка ў Мінску. У прамым тэле- і радыёэфіры сустрэча не транслюецца. Тэлеверсія мерапрыемства будзе паказаная ў вячэрнім эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24".
БелаПАН