Візіт еўрадэпутатаў у Мінск зноў адтэрмінаваны
Запланаваны на канец кастрычніка візіт дэлегацыі Еўрапарламенту па справах Беларусі ў Мінск не адбудзецца, паведамілі Беларускаму Радыё Рацыя ў Брусельскім бюро старшыні дэлегацыі Філіпа Качмарка.

— Мы не атрымалі ніякай інфармацыі з беларускай амбасады. Візіт не можа адбыцца.
Два тыдні таму старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту па справах Беларусі накіраваў адмысловы ліст у пасольства Беларусі ў Бруселі з просьбай выдаць візы чатыром дэпутатам Еўрапейскага парламенту з мэтай афіцыйнага візіту ў Беларусь.
Першы сакратар беларускага прадстаўніцтва ў Бруселі Яраслаў Васільеў паведаміў, што з Міністэрства замежных спраў Беларусі яшчэ няма адказу:
— Шчыра кажучы, нічога няма на дадзены момант. Я б пра гэта ведаў.
Візіт еўрадэпутатаў у Беларусь адтэрмінаваны другі раз. Першапачаткова дэпутаты планавалі наведаць Менск ў ліпені. Тады бакі не змаглі дамовіцца, паколькі беларускі бок прадумовай візіту паставіў сустрэчы еўрадэпутатаў з непрызнанымі Бруселем дэпутатамі Беларускага парламенту.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nv-online.info