Трэці сектар жыве і не здаецца

У нашай краіне сама дзейнасць НДА ёсць подзвігам. Няўрадавыя арганізацыі зведваюць ціск, адмовы ў рэгістрацыі, іх дзейнасць часцяком перарываецца як Міністэрствам юстыцыі, так і міліцыяй. Але яны жывуць. І маюць намер выжыць надалей. І яшчэ ўручаюць свае прэміі.



6_2_premija_granit.jpg

«Рэгіянальнай падзеяй» Асамблея вызначыла стварэнне структуры незалежнага прафсаюза на «Граніце».

У кнігарні «ЛогвінаЎ» адбылася чацвёртая штогадовая цырымонія ўзнагароджання прэміі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці–2012».

Былі намінацыі, на якіх перамога сталася прадказальнай і «без разынкі». Персонамі года былі адназначна названыя дзве асобы — журналісты Андрэй Пачобут і галоўны рэдактар часопісу «ARCHE» Валер Булгакаў. «Крэатывам года» быў прызнаны «шведскі дэсант плюшавых мядзведзікаў». Не выклікала сумненняў тое, што «месцам года» быў прызначаны былы офіс забароненага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна». Гэты офіс напрыканцы 2012 года сканфіскавалі, аднак да апошняга праваабаронцы ажыццяўлялі ў ім сваю дзейнасць.

«Рэгіянальнай падзеяй» Асамблея вызначыла стварэнне структуры незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве «Граніт».

Канфлікт на «Граніце» разгарэўся напрыканцы 2011 года. Тады каля 600 працоўных прадпрыемства ў знак пратэсту супраць нізкіх заробкаў і хамскага стаўлення адміністрацыі выйшлі з афіцыйнага прафсаюза і абвясцілі аб стварэнні на прадпрыемстве ячэйкі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Для афіцыйнага ФПБ і кіраўніцтва прадпрыемства гэта было шокам, і выклікала рэагаванне на высокім узроўні. Нават старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар павінен быў выехаць на прадпрыемства, запатрабаваў зняць гендырэктара і паабяцаў, што «незалежнага прафсаюза на «Граніце» не будзе».

Арганізатары незалежнага прафсаюза зазналі і звальненні, і суды, і ціск кіраўніцтва, але не здаліся. Больш за тое, яны паднялі сваю праблему на міжнародны ўзровень, і атрымалі дапамогу адтуль, адкуль не чакалі. За «гранітаўцаў» заступіліся нават працоўныя Венесуэлы.

Юрыдычна незалежнага прафсаюзу на «Граніце» дагэтуль няма. Прафсаюз не можа дамагчыся рэгістрацыі, паколькі яму ўпарта не прадстаўляюць юрыдычны адрас. Але ж большасць патрабаванняў працоўных выканана. «Заробкі выраслі з 2,7–3,5 да 10–15 мільёнаў рублёў. Дамагліся мы і пазітыўных зрухаў у плане ліквідацыі хамскага стаўлення адміністрацыі да работнікаў. Працоўных хаця б зараз не называюць рабамі, як гэта было яшчэ год таму», — распавядае адзін з арганізатараў незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве Алег Стахаевіч.

Але далося гэта, канешне ж, дорага. Некалькі актывістаў прафсаюза звольнілі. «Цяпер звольнены Генадзь Паўлоўскі працуе кіроўцам-міжнароднікам. Віталь Пашэчка і Мікалай Карышаў перабіваюцца на падпрацоўках. Праблемы з працаўладкаваннем мае Людміла Ліцвінка, якую адмаўляюцца ўзяць на працу ў многіх арганізацыях Лунінецкага раёна. Але самае галоўнае, што ніхто з нашых звольненых актывістаў не згубіўся, кожны годна вытрымаў гэтыя выпрабаванні», — кажа Стахаевіч.

«Рэгістрацыяй года», паводле Асамблеі, стала рэгістрацыя прыватнай культурна-асветніцкай установы «Платформ Інавэйшн». «Платформа» занялася тым, да чаго ў іншых праваабаронцаў «не даходзілі рукі»: праблемай зняволеных і людзей пад следствам. Менавіта дзякуючы «Платформе» грамадства даведалася пра шэраг «турэмных бунтаў», калі зняволеныя вымушаныя былі ўскрываць сабе вены, каб дамагчыся належных адносінаў з боку адміністрацыі калоній. Менавіта «Платформа» праводзіла, ды і зараз праводзіць, маніторынг умоў утрымання людзей у турмах.

Зразумела ж, такую арганізацыю ўлады доўга трываць не змаглі, і яна была ліквідаваная, адпрацаваўшы крыху больш за год. Але як з гэтай сітуацыі выкруцілася «Платформа»!

Яны не сталі чакаць прадказальных вердыктаў судоў. Ужо перад першым пасяджэннем суда наконт ліквідацыі «Платформы» Андрэй Бандарэнка заявіў, што таварыства з абмежаванай адказнасцю «Платформа» зарэгістравана ў Вялікабрытаніі: «PlatformaRB.Ltd». І адразу ж стаў рыхтаваць новае аб’яднанне, якім стала «Платформ Інавэйшн». Вышэйшы гаспадарчы суд яшчэ не разгледзеў усе скаргі па ліквідацыі «Платформы», калі было заяўлена пра рэгістрацыю «Платформ Інавэйшн». Ды з новым якасным станам — да сябраў новай арганізацыі далучыўся Генадзь Грушавы, былы кіраўнік фонду «Дзецям Чарнобыля» і ўвогуле легендарная для грамадскасці Беларусі асоба.

Ну а прэмію «Адмова года» можна лічыць антыпрэміяй для Мінгарвыканкаму, пажарных і міліцыі. За 2012 год яны тройчы адмовілі ў памяшканні «Арт-сядзібе». Што нарабіла «Арт-сядзіба»? Прадстаўляла пляцоўку для публічных лекцыяў, прагляду кінафільмаў, абмеркавання культурных падзей і прэзентацый. Здавалася б, улады павінны радавацца, што маладзёны не «швэндаюцца па вуліцах», а павышаюць свой адукацыйны і культурны ўзровень. Але, як высветлілася, «несанкцыянавана» павышаць сваю адукацыю і культуру ў нашай краіне забаронена.

«Новай ініцыятывай» назвалі «Марафон салідарнасці «Свабоду палітвязням», які штотыднёва ладзіцца ва Управе БНФ. Гэтыя акцыі не даюць забыцца на тых, хто зараз за кратамі. А «Кампаніяй года» была названая Беларуская антыядзерная кампанія, — хутчэй, авансам. Бо пакуль будуецца АЭС, беларускія антыядзершчыкі яшчэ пакажуць сябе.

Карацей, «трэці сектар» Беларусі, насуперак усяму, жыве. Хто сваёй мужнасцю, хто сваёй крэатыўнасцю, а хто і проста сваім існаваннем даказвае: калі людзі аб’ядналіся для вырашэння пэўнай праблемы, ім ніхто не перашкодзіць.