Гедройц: шэсць найлепшых празаікаў 2012 года
11 лютага ў Амбасадзе Польшчы ў Беларусі абвесцілі шорт-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Фіналістамі сталі: Сяргей Балахонаў, Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Уладзімір Някляеў, Людміла Рублеўская, Юры Станкевіч.
"Мне прыемна адзначыць што прэмія набірае прэстыжу і спрыяе папулярызацыі беларускай прозы, — заявіў падчас прэс-канферэнцыі Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Лешак
Шарэпка. — Было даслана значна больш твораў, чым у 2011 годзе. Мы разлічваем, што прэмія стане важным пунктам у календары культурных падзей Беларусі". Лешак Шарэпка
падкрэсліў што, нягледзячы на мінулагодні дыпламатычны скандал, які прыпаў акурат на ўручэнне прэміі 3 сакавіка 2012 года, яна па-ранейшаму носіць непалітычны характар."Для нас галоўнае
— мастацкая вартасць твораў. Няхай пераможа самая цікавая кніга, адметная мастацкімі якасцямі".
Спонсар прэміі — па-ранейшаму "Сомбелбанк", які ў 2013 годзе памяняў назву на "Ідэябанк".
Сакратар прэміі Павел Анціпаў паведаміў, што ўсяго на суд журы было даслана 43 кнігі, ўдвая больш, чым летась: "У снежні назіраўся ажыятаж, шмат
пісьменнікаў падавалі свае кнігі менавіта ў апошнія дні. Я мяркую, прэмія паўплывала на гэта". У камітэце журы — 10 чалавек: ганаровыя сябры — амбасадар Лешак
Шарэпка, радца-пасланнік Пётр Казакевіч, польскі перакладчыкі Адам Паморскі і Малгажата Бухалік, — а таксама беларускія літаратары
Ганна Кісліцына, Андрэй Хадановіч, Павел Касцюкевіч, Барыс Пятровіч, Уладзімір Арлоў і Валянцін Акудовіч.
Старшыня СБП Барыс Пятровіч расказаў аб працы журы: "Прэмія адбылася. Яна стала агульнабеларускай і аб'ядноўчай. Вы можаце меркаваць гэта па лонглісце і
шорт-лісце. Туды трапілі, людзі, якія прадстаўляюць розныя саюзы, і тыя, хто не ўваходзіць ні ў якія арганізацыі. Журы было пастаўленае ў няпростыя ўмовы. Было шмат вартых кніжак. І пры ўсім пры тым,
большасьць сяброў журы былі шакаваныя і агаломшаныя вынікамі. У кожнага была свая нечаканая "шасцёрка".
На завяршэнне прамовы Барыс Пятровіч выказаў жаданне, каб розных літаратурных прэміяў у Беларусі было як мага болей.
Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Андрэй Хадановіч падзячыў усім, хто актыўна выказваецца наконт прэміі Гедройца ў інтэрнэце: "Гэта значыць прэмія жывая". Апісаў
ён і кур'ёз, звязаны з перадвыбарчай гонкай літаратараў у празе атрымаць узнагароду: "Адзін з маладых паэтаў, выдаўшы кнігу, назваў свае вершы прозай".
Каментуючы вынікі галасавання, Хадановіч зазначыў: "Прэмія існуе не для таго, каб задаволіць густы кагосьці з сябраў журы. Гэта — сума ўпадабанняў".
Як і ў мінулым годзе, абяцана, што найлепшыя беларускія кнігі будуць выдадзеныя ў Польшчы.
Шорт-ліст прэміі "Гедройца" (у алфавітным парадку):
- Сяргей Балахонаў. Зямля пад крыламі Фенікса. Мінск: Логвінаў (серыя "Галерэя Б"). 2012.
- Альгерд Бахарэвіч. Гамбургскі рахунак Бахарэвіча. Мінск: Логвінаў / Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода. 2012.
- Адам Глобус. Сказы. Мінск. Харвест.
- Уладзімір Някляеў. Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без. Мінск: Паперус. 2012.
- Людміла Рублеўская. Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега. Мінск: Рэдакцыя газеты "Звязда". 2012.
- Юры Станкевіч. Шал. Мінск: Галіяфы ("Другі фронт мастацтваў"). 2012
.