У Беларусі больш за 600 палітвязняў. Гэта гістарычны максімум за часы незалежнасці
Колькасць палітвязняў у Беларусі дасягнула 606 чалавек. Гэта самая вялікая лічба ў найноўшай гісторыі краіны, паведамляе «Свабода».
З0 ліпеня праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 7 чалавек. Гэта Максім Сарычаў, Яўген Цітоў, Давід Шаракоў, Сяргей Велікародны, Ілля Дзярагін, Юры Кавалёў і Дзмітры Краўцоў.
Дзмітры Карабейнік і Рыгор Саладоўнікаў пачалі адбываць пакаранне на «хіміі» — яны зноў з’явіліся ў спісе палітвязняў, паведамляе «Вясна».
Маладачанцаў Дзмітрыя Карабейніка і Рыгора Саладоўнікавазатрымалі 22 лістапада. Іх абвінавацілі ў перакрыцці вуліцы Вялікі Гасцінец у Маладзечне з расцяжкай «Пакуль у краіне беззаконне, супраціўленне — наш абавязак». 31 сакавіка Дзмітрыю і Рыгору прысудзілі па 1 годзе і 6 месяцам «хіміі».
29 ліпеня Карабейнік быў накіраваны для адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову № 6. Саладоўнікаў 30 ліпеня — у папраўчую ўстанову № 17.
Пры гэтым праваабаронцы зазначаюць, што не ўсе арыштаваныя і асуджаныя за пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў атрымалі статус палітычных зняволеных.
Так, сёння прэс-служба Следчага камітэта РБ паведаміла, што са жніўня 2020 года была ўзбуджаная 4691 «пратэставая» крымінальная справа.
«У ліку зарэгістраваных найбольшую ўдзельную вагу складаюць злачынствы, прадугледжаныя арт. 341 ("Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці") і арт. 369 ("Абраза прадстаўніка ўлады") Крымінальнага кодэкса Беларусі», — паведамляе прэс-служба СК.
У Следчым камітэце заявілі, што са жніўня 2020 года асноўныя намаганні ведамства сканцэнтраваліся «на выяўленні, спыненні і даследаванні абставін крымінальных праяў, спалучаных з незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, акцыямі пратэсту, замахам на дзяржаўны суверэнітэт і грамадскую бяспеку, наўмысным знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненні да службовых асоб і членаў іх сем’яў».
Пры гэтым у сакавіку ведамства паведамляла аб узбуджэнні 2407 крымінальных спраў «экстрэмісцкай накіраванасці». У гэты лік былі ўключаныя ўсе «палітычныя» справы: ад надпісаў на будынках да ўжывання гвалту ў дачыненні да сілавікоў.