У Беларусі яшчэ 7 новых палітвязняў

Уладзіміра Макарэвіча, Максіма Мікуліча, Сяргея Сакаўца, Антона Нечыпаровіча, Барыса Несцяровіча, Ігара Санкевіча, Сяргея Шаўчэнку праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі.

photo_2021_11_25_18_01_08.jpg

Пра прызнанне семярых зняволеных палітвязнямі гаворыцца ў новай супольнай заяве праваабарончых арганізацый.

Уладзіміра Макарэвіча, Максіма Мікуліча, Сяргея Сакаўца, Антона Нечыпаровіча, Барыса Несцяровіча, Ігара Санкевіча, Сяргея Шаўчэнку абвінавачваюць паводле па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Праваабарончыя арганізацыі ў сумеснай заяве адзначаюць наступнае:

«Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумовыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат».

Праваабаронцы лічаць пераслед гэтых людзей палітычна матываваным і патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць іх, а таксама іншых палітвязняў і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.