Літаратара Алеся Мінава асудзілі да трох гадоў «хіміі»

Палітзняволенага настаўніка і літаратара Алеся Мінава 25 лістапада асудзілі да трох гадоў «хіміі».

photo_2021_11_25_16_18_11.jpg

Аляксея Мінава ў судзе Ленінскага раёна Мінска асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — «хіміі». Яго прызналі вінаватым паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса і вызвалілі ў залі суда, паведамляюць праваабаронцы.

Справу разгледзела суддзя Юлія Шут. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Святаслаў Вялікі.

Аляксея прызналі вінаватым у тым, што 9-10 жніўня 2020 года ён прымаў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Мінску — у тым ліку на праезнай частцы на праспекце Пераможцаў. Згодна з тэкстам абвінавачання, ён прымаў удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не падпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, а таксама перашкаджаў працы транспарту і прадпрыемстваў. Таксама ён выкрыкваў лозунгі, пляскаў у далоні і выкарыстоўваў «палатніну бел-чарвона-белага колеру».

Аляксей цалкам прызнаў віну, не пагадзіўся толькі наконт сумы пазову «Мінсктранса». Ён распавёў, што быў на мерапрыемстве, таму што яму было цікава. Калі 9 жніўня прыйшлі сілавікі, ён сыйшоў з месца пратэстаў. Таксама ён распавёў, што двойчы затрымліваўся па адміністрацыйных справах за ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах»: у жніўні і лістападзе 2020 года.


«Чалавек, які носіць сонечнае святло ў кішэнях паліто»

Маналогі блізкіх пра палітвязня Аляксея Мінава

Да матэрыялаў справы былі далучаныя два фотаздымкі, сведак у справе не было. Пазоў «Мінсктранса» — больш за 25 тысяч рублёў — застаўся без разгляду і можа быць вылучаны ў асобную грамадзянскую вытворчасць.

Пракурор палічыў, што абвінавачанне цалкам даказанае. У якасці змякчальных абставінаў ён папрасіў улічыць раскаянне, у якасці абцяжарвальных — прыцягненне Мінава да адміністрацыйнай адказнасці. Ён папрасіў пакараць хлопца трыма гадамі «хіміі»: суддзя Шут цалкам пагадзілася з тэрмінам. Хаця адвакат падкрэсліў, што віны яго падабароннага няма, і папрасіў яго апраўдаць. Ён таксама адзначыў, што віна недаказаная ў частцы часу знаходжання на месцы падзей.

Аляксей Мінаў — літаратар, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Быў затрыманы 25 жніўня 2021 года, затым яму прад'явілі абвінавачанне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Выпускнік філфака БДУ, ён пачаў працаваць у сярэдняй школе яшчэ падчас навучання. Дзень затрымання мусіў стаць яго першым днём работы ў Ліцэі БДУ, куды ён пераразмеркаваўся на апошні год сваёй адпрацоўкі.