Жыхароў Баранавіч працягваюць судзіць за падпіскі на «экстрэмісцкія каналы»

Сёння, 25 лістапада, у судзе Баранавіцкага раёна разгледзелі справы трох жыхарак Баранавіч, у якіх прайшлі ператрусы раніцай 18 лістапада, паведамляюць праваабаронцы.

5fab6a03d6de8.jpg

У той дзень у Баранавічах прайшла хваля затрыманняў і ператрусаў, якія праводзілі супрацоўнікі Другога аддзялення Шостага ўпраўлення ГУБАЗіКа. Справы вёў суддзя Сяргей Данільчык.

Наталлю Рослік пакаралі за падпіску на чат-бот «ПЛАТФОРМА ГОЛОС», які ўлады прызналі экстрэмісцкім. Пасля ператрусу Наталлю адвезлі ў ГАУС, дзе ў тэлефоне знайшлі падпіску на канал. За гэта на жанчыну склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП («Захоўванне з мэтай распаўсюду інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць»). У Наталлі ёсць двое непаўналетніх дзяцей, таму яе пасля ператрусу адпусцілі дадому. Сёння суддзя прызначыў Рослік штраф у памеры 522 рублёў (18 базавых велічынь).

Пенсіянерку Вольгу Заяц аштрафавалі на 435 рублёў (15 базавых велічынь). Жанчыну абвінавацілі ў падпісцы на «Н*хта», «Н*хта life», «L*XTA» і «ByPol». Пасля ператрусу ў Вольгі дома ў ГАУСе на яе склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП. Сваю віну на судзе Заяц прызнала. У жанчыны таксама канфіскавалі тэлефон.

Таксама аштрафалі маці двух непаўналетніх дзяцей Дар’ю Несцер. 18 лістапада ГУБАЗіК правёў у яе кватэры ператрус, пасля чаго Дар'ю даставілі ў ГАУС. Згодна з пратаколам, яна была падпісана на «Н*хта» і «Н*хта life». Суддзя Данільчык пастанавіў прызнаць Дар’ю вінаватай і аштрафаваць на 522 рублі (18 базавых велічынь) з канфіскацыяй тэлефона і ноўтбука.

На дадзены момант праваабаронцам вядомыя прозвішчы 15 затрыманых жыхароў Баранавіч 18 лістапада, пяцярых з якіх пакаралі арыштамі ад 6 да 15 сутак, і яшчэ чатыры чалавекі былі аштрафаваныя.