Жыхара Маладзечна накіравалі на прымусовае лячэнне за абразу Лукашэнкі ў сацсетцы
Аляксандра Кісяля з Маладзечна судзілі за абразу беларускага кіраўніка. На судзе выступіла яго маці і распавяла, што Аляксандр насамрэч — «прыхільнік дзеючага прэзідэнта, заўсёды за яго галасаваў, заклікаў усіх пратэстоўцаў саджаць», паведамілі праваабаронцы.

Суд Маладзечанскага раёна 25 лістапада вынес прысуд мясцоваму жыхару Аляксандру Кісялю, якога абвінавацілі ў абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
З матэрыялаў абвінавачвання вядома, што Кісель у сацсетцы «Вконтакте» пад адным з пастом у групе “Апошні званок” пакінуў абразлівы каментар з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі на адрас Лукашэнкі.
Інтарэсы абвінавачанага на судзе бараніла яго маці Зінаіда Бароўская. Яна распавяла, што яе сын стаіць на ўліку ў псіхіятра ад самага нараджэння, з’яўляецца інвалідам 2 групы пажыццёва. Па яе словах, Аляксандр – «прыхільнік дзеючага прэзідэнта, заўсёды за яго галасаваў, заклікаў усіх пратэстоўцаў саджаць».
Прадстаўнік абвінавачвання запрасіў суд вызваліць Кісяля ад крымінальнай адказнасці з прычыны недзеяздольнасці і накіраваць яго на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар. Менавіта такое рашэння прыняў суддзя Дзяніс Барэйка.