Шматдзетнаму бацьку прысудзілі 1,5 года калоніі за абразу Лукашэнкі
24 лістапада суд Маладзечна і Маладзечанскага раёна вынес асудзіў 34-гадовага Андрэя Юркова да 1,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму за абразу Лукашэнкі паводле арт.368 Крымінальнага кодэкса. Ён знаходзіўся пад вартай з 8 лістапада 2021 года, піша «Вясна».
Андрэй Юркоў — грамадзянін Беларусі, але нарадзіўся ў расійскім Магнітагорску. Мае траіх
дзяцей.
Справу разгледзеў
суддзя Дзяніс Барэйка. Бок абвінавачання падтрымала памочніца пракурора
Маладзечанскага раёна Юлія Жук. Паводле версіі абвінавачання, 8 красавіка 2021
года Юркоў у нецвярозым стане ненарматыўна выказаўся ў бок Лукашэнкі ў
Маладзечанскім РАУСе.
Юркоў цалкам
прызнаў віну. Ён патлумачыў, што на працягу дня піў віно, быў моцна п'яны,
вырашыў перайсці праз плынь машын у непаложаным месцы на вул. Міра, дзе яго
спынілі ДАІ. Ён не памятае канкрэтна, што сказаў, як і прычыну, чаму гэта
зрабіў. У мітынгах і чатах ніколі не ўдзельнічаў, таму прасіў, каб яго
памілавалі.
Сведка — міліцыянер Варанкоў, які затрымліваў Юркова, распавёў, што абвінавачаны сам бег
да іх, калі перабягаў дарогу, і прасіў яго затрымаць. Калі яго прывезлі ў
аддзел, ён выказваўся і ў адрас Лукашэнкі, і ў адрас супрацоўнікаў. Яго
спрабавалі супакоіць, але ўсё было безвынікова. Варанкоў на паперцы напісаў
выразы, якія абвінавачаны гаварыў у аддзеле. Другі сведка — міліцыянт Тамашкевіч — адсутнічаў пры абразах Лукашэнкі, але сказаў, што, калі калега яму ўсё даклаў,
яны разам глядзелі камеры назірання. Яшчэ адна сведка — пенсіянерка Талай — была ў РАУСе і напісала на паперцы, як выказваўся абвінавачаны. Аднак яна
заўважыла, што, хаця ён і лаяўся, гэта не было адрасавана ў адрас каго-небудзь,
хаця падчас папярэдняга следства паказвала, што лаянка была менавіта ў бок
Лукашэнкі.
Пракурорка запрасіла 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Менавіта такое пакаранне вынес суддзя.