Ці магчыма аднавіць сядзібу Патоцкіх у Беразіно?
У райцэнтры Беразіно, што на Міншчыне, 4 чэрвеня адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Гістарычна-культурны патэнцыял Бярэзіншчыны. Захаванне і аднаўленне сядзібы Патоцкіх», прысвечаная 515-м угодкам з часу першай летапіснай згадкі пра горад.
![14 траўня. Удзельнікі талакі ў сядзібе Патоцкіх (здымак ecokraj.by) 14 траўня. Удзельнікі талакі ў сядзібе Патоцкіх (здымак ecokraj.by)](/img/v1/userfiles/images/a3616d87_2468_4d74_857b_874df6b7337c.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
14 траўня. Удзельнікі талакі ў сядзібе Патоцкіх (здымак ecokraj.by)
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Офіс развіцця экалагічна-краязнаўчых ініцыятываў» і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкаму пры падтрымцы аргкамітэту Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага і грамадскага Інстытуту беларускай гісторыі і культуры (Рыга, Латвія).
![Удзельнікі навуковых чытанняў Удзельнікі навуковых чытанняў](/img/v1/userfiles/images/a07ac911_2aff_4c08_8c6c_51acd3e5acff_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Удзельнікі навуковых чытанняў
У канферэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, госці з Мінска — археолагі Вадзім Кошман і Мікола Плавінскі, якія пазнаёмілі прысутных з гісторыяй вывучэння археалагічнай спадчыны краю і вынікамі яе даследавання, а таксама архітэктар-рэстаўратар Зміцер Савельеў і загадчыца Літаратурнага музею Петруся Броўкі Наталля Мізон. Зміцер Савельеў звярнуў увагу на метадалагічныя асновы рэстаўрацыі гістарычных сядзібаў краіны, а Наталля Мізон — на пытанне цэласнасці сядзібна-паркавага комплексу Патоцкіх.
![Фрагменты выставы з нагоды канферэнцыі Фрагменты выставы з нагоды канферэнцыі](/img/v1/userfiles/images/52972335_3480_4559_a9c5_7f4b59fa8502_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фрагменты выставы з нагоды канферэнцыі
Бярэзінскі краязнаўца Ігар Жукоўскі апавёў пра герояў нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расейскага самаўладдзя 1863-64 гадоў на Бярэзіншчыне. Гэтае даследаванне заслугоўвае асобнага выдання.
![Фрагменты выставы з нагоды канферэнцыі Фрагменты выставы з нагоды канферэнцыі](/img/v1/userfiles/images/1d209145_e84b_4cef_9f6e_ec27839887ef_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фрагменты выставы з нагоды канферэнцыі
У горадзе захаваўся выбітны помнік архітэктуры нацыянальнага значэння — класічная двухпавярховая мураванка першай паловы XIX стагоддзя на правым стромкім беразе ракі Беразіна, умацаваным бутавай падпорнай сценкай. У гэтым арыгінальным будынку, што патрабуе неадкладнай кансервацыі і рэстаўрацыі, некалі знаходзілася сядзіба графоў Патоцкіх, затым школа і склад.
Менавіта з гэтай рамантычнай мураванкай над ракою з цікавым мінулым і прывабнай архітэктонікай мясцовая інтэлігенцыя звязвае будучую музейную экспазіцыю — прысвячэнне выбітным ураджэнцам краю: мастакам братам Гараўскім, прадстаўнікам старажытных беларускіх шляхецкіх родаў Ваньковічаў і Свентаржэцкіх — удзельнікам паўстання 1863-64 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, а таксама кампазітару, дырыжору і музычнаму крытыку Міколе Равенскаму і літаратуразнаўцы-дысідэнту Міколу Прашковічу.
На пасяджэнні ішла гаворка пра неабходнасць зменаў у праект рэстаўрацыі будынку для ягонага прыстасавання пад музей, пра стварэнне ініцыятыўнай групы грамадзянаў, якія ўпэўненыя, што такая культурная ўстанова вельмі патрэбная людзям, вераць у ажыццяўленне сваіх мараў і гатовыя ахвяраваць сваім часам, каб здзейсніць задуманае, зважаючы на сусветны досвед стварэння музейнай экспазіцыі.
Дарэчы, такая грамадзянскай супольнасць ужо ствараецца з ініцыятывы мясцовай грамадскай дзяячкі, харэографа Іны Яўмененка. Нядаўна грамадскія актывісты правялі талаку па прыборцы занядбанай сядзібы Патоцкіх ад смецця і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі, а таксама неадкладныя працы па кансервацыі помніка дойлідства.
![З выставай знаёміцца дырэктар Інстытуту беларускай гісторыі і культуры, магістр эканомікі Віктар Яўмененка З выставай знаёміцца дырэктар Інстытуту беларускай гісторыі і культуры, магістр эканомікі Віктар Яўмененка ](/img/v1/userfiles/images/6b64ca87_25f4_4da2_bbf3_939bb1bd72c8_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З выставай знаёміцца дырэктар Інстытуту беларускай гісторыі і культуры, магістр эканомікі Віктар Яўмененка
Апроч таго, на канферэнцыі ўздымалася пытанне пра поўную інвентарызацыю помнікаў археалогіі Бярэзіншчыны для іх належнай аховы, даследавання і выкарыстання ў адукацыйна-выхаваўчых мэтах.
Матэрыялы канферэнцыі мяркуецца выдаць асобным зборнікам ў серыі «Запісы таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага».
Канферэнцыя адбывалася ў памяшканні цэнтральнай раённай бібліятэкі — помніку неакласіцызму XX стагоддзя, дзе з нагоды чытанняў былі разгорнутыя тэматычныя выставы.
![Выстава аргтэхнікі ў бібліятэцы Выстава аргтэхнікі ў бібліятэцы](/img/v1/userfiles/images/88ba3ee2_06e8_4339_91fe_8838083f9331_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Выстава аргтэхнікі ў бібліятэцы
Напрыканцы ўдзельнікі канферэнцыі пазнаеміліся з незвычайнай дубовай разной лыжкай даўжынёю каля 24 метраў, што ўпрыгожвае тэрыторыю мясцовага цэнтру рамёстваў. Бярэзінскі майстар разьбы па дрэве Яўген Осіпаў разам з калегамі Уладам Макавецкім і Алесем Паскробкам завяршылі працу над гэтым высокамастацкім творам з выявамі элементаў народнага арнаменту, гербу горада Беразіно і казачным сюжэтам пра прыгоды легендарнага Бярэзінскага цмоку. Ёсць намер прадставіць гэтую найвялікшую лыжку ў свеце для ўнясення ў Кнігу рэкордаў Гінэса.
![Лыжка — кандыдат у Кнігу рэкордаў Гінэса Лыжка — кандыдат у Кнігу рэкордаў Гінэса](/img/v1/userfiles/images/df5f82df_9721_40d9_a9eb_82256d70cca9_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Лыжка — кандыдат у Кнігу рэкордаў Гінэса