У Магілёве пастамент з савецкім танкам Т-34 абвесцілі помнікам народнаму паэту

Адзначыць 105-гадавіну гадавіну паэта Яўгена Скурка пад савецкім помнікам тбмаўцы вырашылі, паколькі ў горадзе няма помнікаў нацыянальным дзеячам.

454fd181_be33_4cc6_af46_7db61e47a507_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg

Пастамент з танкам, на думку рупліўцаў беларушчыны, пераклікаецца з псеўданімам літаратара. На імпрэзе прагучала прапанова надалей называць помнік з танкам — Максімам Танкам.
«У Магілёве няма помнікаў, якія б аб’ядноўвалі беларусаў, падкрэслівалі беларускую дзяржаўнасць і культуру, — казаў старшыня тбмаўскай суполкі Алег Дзьячкоў, — таму пасля роздумаў мы вырашылі прыйсці да помніка з танкам. Максім Танк — франтавік, мае нямала вершаў пра вайну. Мы беларусізуем савецкі помнік, каб надалей асацыяцыі ў яго былі звязаныя менавіта з нашым паэтам. Сёння закладаем традыцыю прыходзіць да помніка з танкам на дзень народзінаў паэта. Сам помнік называем Максімам Танкам».
Удзельнікі імпрэзы прынеслі кветкі і партрэт паэта, якія пакінулі пад помнікам з танкам. На працягу гадзіны тбмаўцы чыталі вершы Скурка, гаварылі пра яго пакручасты жыцьцёвы і творчы шлях. Згадалі, што Максім Танк падтрымліваў сваіх калегаў, якія былі рэпрэсаваныя савецкай уладай. Перапісваўся з паэткай Ларысай Геніюш.
Яўген Скурко нарадзіўся 17 верасня 1912 года на Віленшчыне. У 1932 годзе сядзеў у віленскай турме Лукішкі. У няволі выдаваў рукапісны часопіс «Краты» для арыштантаў з творамі сядзельцаў. У Савецкім Саюзе атрымаў званне народны паэт Беларусі, старшыняваў у саюзе пісьменнікаў. Рэдагаваў часопіс «Полымя». Бараніў мову і нацыянальную сімволіку. Выступаў супраць моўнага рэфэрэндуму 1995 года. Памёр 7 жніўня 1995 года.
Паводле svaboda.org