У Мінску адбыўся пікет за легалізацыю марыхуаны
Заўтра выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Актывісты грамадзянскай ініцыятывы Legalize Belarus вырашылі скарыстаць чарговы эпізод гэтай, даволі панурай кампаніі для прасоўвання больш шырокай павесткі дня: 17 лютага ў 13.00 ля станцыі метро Кастрычніцкая пачаўся пікет за легалізацыю марыхуаны.
Гэтае было, бадай, першае дазволенае мерапрыемства такога кшталту за гісторыю незалежнай Беларусі. Але на колькасць удзельнікаў першынства паўплывала не надта. У вызначаны час на пляцоўцы ля ўніверсаму «Цэнтральны» сабраліся 8 удзельнікаў і каля 20 назіральнікаў, журналістаў і «ціхароў».
Актывісты раздавалі ўлёткі, а юнак, што прамаўляў у мегафон, распавядаў пра тое, што спажыванне марыхуаны не з'яўляецца прычынай росту крымінала ў грамадстве, пра несправядлівасць вялізарных турэмных тэрмінаў для наркаспажыўцоў, сваволле міліцыянтаў і следчых падчас расследвання «наркатычных» спраў.
Цікава глядзеўся на фоне беларускамоўнай прамовы хлопец з чырвона-зялёным сцягам — бо, здавалася б, менавіта пад гэтым сцягам прымаюцца законы супраць наркаспажыўцоў і выносяцца прысуды.
Мы пагутарылі з гэтым хлопцам, які прадставіўся Уладзем Сташкевічам, і з іншай удзельніцай пікету — Славай. Яны заўважылі, што не прадстаўляюць ніякай грамадзянскай кампаніі, а кажуць толькі ад сябе.
— Скажыце, чаму вы трымаеце чырвона-зялёны сцяг? Вы падтрымліваеце гэтую сымболіку і палітыку дзейснай улады?
Уладзь: — Не, мы проста хочам паказаць, што людзі, якія пакутуюць праз такое недасканалае, жудаснае заканадаўства, — не адносяцца ні да якога лагеру, "за" ці "супраць", гэта апалітычныя людзі.
— Як вы лічаце, якая прычына таго, што наркаспажыўцоў саджаюць на такія вялікія тэрміны і гэта адбываецца масава? Ці гэта палітыка вышэйшага кіраўніцтва краіны, следчых і аператыўнікаў, ці есць іншыя прычыны?
Уладзь: — Думаю, так атрымалася, што калі змагаліся супраць маку, заадно ўзмацнілі заканадаўства і па іншых наркотыках. Гэта карысна і ахоўным органам — калі яны ловяць гэтую моладзь, яны атрымліваюць новыя зорачкі на пагоны і прасоўваюцца па кар'ернай лесвіцы. Гэта лёгкі спосаб прасунуцца.
Слава: — Есць нейкая пакутніцкая група. Міліцыі трэба з некім змагацца, некага саджаць. І так здарылася, што гэтая група нічога такога не робіць, што варта 8-12 год турмы. Мне здаецца, міліцыі проста трэба рабіць выгляд таго, што яны робяць нейкую вельмі-вельмі важную справу.
— Але існуе меркаванне, што марыхуана — адзін з першых прыступкаў для таго, каб перасесці на больш цяжкія наркотыкі. І гэта — адзін з першых аргументаў праціўнікаў легалайза.
Уладзь: — Гэта проста хлусня. Усе даследванні сведчаць аб тым, што гэтага не адбываецца. У краіне, якая стабільна займае адно з першых месцаў па ўжыванні алкаголю, не змагаюцца з алкаголем, а прыдумалі сабе ворага кшталту марыхуаны таму што дзяржава яе не вытварае, а вытварае алкаголь і зарабляе на гэтым. Калі паехаць у Нідерланды (дзе марыхуана легалізаваная і яе даволі проста набыць) і пачаць пытацца мясцовых, людзі не набываюць яе. Я нават ведаю некаторых нідэрландцаў, якія ніколі ў жыцці не палілі марыхуану.
Слава: — Таксама на гэта можна сказаць: алкаголь гэта першая прыступка, каб зрабіць нейкі гвалт, згвалтаваць дзяўчыну ці забіць кагосьці....
— Чаму ж таму не забараняюць алкаголь?
Уладзь: — Калі забаранялі начны продаж алкаголю, а потым гэтую забарону скасавалі і зноў пачалі прадаваць у начны час, былі статыстычныя сведчанні аб тым, што паменшылася колькасць крымінальных сітуацый і стала больш бяспечна на вуліцах. І я праз petiltions.by зрабіў кампанію за тое, каб вярнулі гэтую забарону. І я атрымаў адказ ад МУС, ад міністэрства аховы здароў'я, што яны падтрымліваюць абмежаванне. Але ж есць, пэўна, нейкае лоббі за тое, каб не ўводзілі такое абмежаванне.
Мінакі рэагавалі на пікет даволі стэрэятыпна: бабулі з торбамі бурчалі на пікетоўцаў і кідалі на іх незадаволеныя позіркі, стайкі моладзі ахвотна бралі ўлёткі і слухалі спіч прамоўцы. Хочацца верыць што ані слухачы ані арганізатары мерапрыемства не стануць чарговымі ахвярамі наркапалітыкі дзяржавы: 12 000 маладзёнаў, што сядзяць «па 328» у Беларусі — больш чым дастаткова.