328: замест мітынгу сустрэча бацькоў з уладамі (відэа)

У Мінску прайшла сустрэча прадстаўнікоў Адміністрацыі, дзяржнаркакантролю і пракуратуры са сваякамі асуджаных па арт. 328 КК. Такім стаў адказ уладаў на шматлікія безвыніковыя заяўкі на мітынг. Замест гэтага вялікую колькасць людзей з усёй Беларусі сабралі ў маленькім памяшканні і забаранілі здымаць.

1518797227_1028984319.jpg


Адным з удзельнікаў сустрэчы сталі сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і Вольга Кавалькова.
«Тэатр, мапет-шоў. Калі яны сабраліся разам вырашаць пытанне, то што значыць, што яны не далі слова камусьці? Забараняюць выказванне. Зноў жа ўлады шляхам маналогу спрабуюць урэгуляваць свой чарговы недахоп», — адзначыў Леанід, адзін з удзельнікаў сустрэчы, бацька асуджанага па артыкуле 328 КК, якога, паводле яго, справакавалі на злачынства самі міліцыянты.
У сваю чаргу Вольга Кавалькова адзначыла важнасць таго, што ўлады ўвогуле пайшлі на правядзенне такога мерапрыемства. «Мне падаецца, што яшчэ два гады яго правядзенне было б немагчымым. І тое, што яно адбылося, вялікая заслуга людзей, якія сутыкнуліся з гэтай праблемай, юрыстаў, наша работа, незалежных дэпутатаў. І я спадзяюся, што, канечне, будуць змены заканадаўства і перадусім праваўжывальнай практыкі, калі тэрміны заўсёды па арт. 328 набліжаныя да максімальных», — заявіла яна.
Сустаршыня БХД таксама распавяла, што працягваецца збор подпісаў за рэформу судовай, пенітэнцыярнай і праваахоўнай сістэм.
«Улады ставяцца да людзей, як да пылу», — ахарактарызаваў спосаб арганізацыі ўладамі сустрэчы з людзьмі, якія вымушаныя былі стаяць у перапоўненым калідоры.
Бацькі асуджаных адзначаюць адсутнасць канструктыву з боку ўладаў. Паводле іх, асуджаным маладзёнам было б дастаткова 2-3 гадоў зняволення па арт. 328, замест гэтага ім даюць у большасці выпадкаў па 8-14 гадоў. Пры гэтым бацькі выступаюць супраць легалізацыі наркотыкаў, але за справядлівыя судовыя разгляды спраў.
Віталь Рымашэўскі нагадаў, што, нягледзячы на супрацьдзеянне ўладаў, сваякі асуджаных пры падтрымцы БХД удзельнічалі ў бягучай мясцовай кампаніі, каб уздымаць хвалюючыя іх пытанні, хоць ім і было адмоўлена ў рэгістрацыі. «Але тым не менш, нейкая рэакцыя ёсць. Нават Лукашэнка выказаўся, што нельга саджаць дзяцей за пыл у кішэнях. Нарэшце, дайшло. Не павінна быць, каб за пыл, на падставе сведчання наркаманаў, людзей саджалі на 8, 10, 12 гадоў», — падкрэсліў ён.


bchd.info