Гурт «Крама» сустракае вясну вялікім канцэртам і прэзентуе DVD «Крама — 25 гадоў»!

4 сакавіка ў мінскім рэстаране-піваварні «Друзья» адбудзецца вялікі веснавы канцэрт гурта «Крама» з презентацыяй новага DVD-альбома «Крама — 25 гадоў». 

krama_3.jpg

Гэта здымкі канцэрта, што адбыўся ў Мінску 12 лістапада 2016-га года ў «Prime hall», і быў прысвечаны 25-гадоваму юбілею групы. «Крама» яшчэ ў 94-м годзе была пераможцай самай першай «Рок-каранацыі», і працягвае славіць беларускі блюз праз чвэрцьстагоддзя. Юбілейная праграма складалася са славутых хітоў, у тым ліку прагучала нямала песень, якія калектыў ужо не выконвае на сваіх шэраговых канцэртах — «Стары сабака», «Доўгія ногі», «Ім не трэба твой блюз», «Чакай» ў новых аранжыроўках.
4-га сакавіка акрамя прэзентацыі канцэртнага DVD адбудзецца прэм’ера новай версіі песні на верш Міхала Анемпадыстава. Ігар Варашкевіч з музыкантамі вырашылі даць другое жыццё даўняй кампазіцыі гурта «Бонда» "Да неба" (1986) з тэкстам Анемпадыстава, і першае выкананне 4 сакавіка прысвяціць памяці паэта і мастака.

Ігар Варашкевіч ўспамінае гісторыю песні: «У групе «Бонда» асноўным паэтам быў барабаншчык Сяргей Кныш. Аднак акрамя яго тэксты пісалі — ці спрабавалі пісаць — і іншыя. Фелікс Аксёнцаў, напрыклад, які потым ажыццявіў свае задумы з групай «Ulis», Федзя Кашкурэвіч напісаў на адну песню тэкст. І Міхал Анемпадыстаў таксама напісаў тэкст. І было гэта, наколькі я памятаю, у 86-м годзе. Сяргей Кныш пайшоў у армію, ён адсутнічаў два гады. А з Міхалам мы пазнаёміліся, думаю, праз Сяргея Краўчанку, яны сябравалі. Саму песню, музыку мы напісалі, калі былі на студэнцкай «халтуры» ў Ніжневартаўску. Бо амаль усе вучыліся ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Я дакладна памятаю, як я нават проста без гітары хадзіў па вуліцах і напяваў гэтую мелодыю. А як вярнуліся дадому, Міхал і напісаў тэкст, які нам падышоў. Атрымалася песня «Да неба».
Потым, калі ўжо была «Крама», я неаднаразова прапаноўваў Міхалу напісаць нам які тэкст, але ён увесь час неяк так ветліва знаходзіў прычыны для адмовы. То ў яго нейкая іншая тэрміновая справа, то натхненне не прыйшло. Але ніякай крыўды ў мяне, натуральна, не было, і тым больш — няма зараз. Проста тады яго ідэі, магчыма, больш супадалі з іншымі музыкантамі. Напрыклад, з Касяй Камоцкай. Гэта я толькі нядаўна зразумеў, задумаўся ўжо пасля смерці Міхала — што з Касяй Камоцкай ён увасобіў у жыццё сваю любоў да польскай групы «Maanam». Я, дарэчы, гэты калектыў любіў не менш за Міхала. Але з-за таго, што я хлопчык, мой вобраз не падыходзіў. А вось у Касі Камоцкай ён нешта такое ўбачыў, адчуў. Таму і атрымалася так многа выдатных песень.
Свой веснавы канцэрт на пачатку сакавіка мы пачалі планіраваць яшчэ восенню, ужо была дата. А пасля трагічнага сыходу Міхала з’явілася ідэя адрадзіць песню, даць ёй новае жыццё. І так атрымліваецца, што менавіта 4-га сакавіка будзе 40 дзен з дня смерці Міхала Анемпадыстава. І яго памяці мы прысвяцім гэтую кампазіцыю — «Да неба».
У бліжэйшы час «Крама» плануе вярнуцца ў студыю гуказапісу і неўзабаве выдаць максі-сінгл з трох песень, які стане першай ластаўкай будучага новага альбома. (Апошняя па часе пласцінка «Белая вада» выходзіла ў 2014-м годзе). У новы максі-сінгл увойдуць кавер на песню «Бонды» «Да неба», студыйны запіс новай песні "Стэфка праз 30 год"("Стэфка-3«), якая дагэтуль мела толькі канцэртную версію, і абсалютна новая кампазіцыя на верш даўняга калегі «Крамы» па напісанні песень Зміцера Лукашука. Акрамя таго, у планах здымкі кліпа на песню «Стэфка праз 30 год», які таксама ўвойдзе ў максі-сінгл.
Між іншым, песні «Крамы» падабаюцца не толькі беларусам. Яны прыйшліся даспадобы і кітайскім аматарам музыкі. Пра гэта паклапаціўся гітарыст з першага, залатога састава «Крамы» Ілья Шэўчык, які 15 гадоў паспяхова працуе ў Кітаі і стаў там прызнаным музыкантам. Ён часта выступае на тэлебачанні, супрацоўнічае з мясцовымі артыстамі. На пачатку гэтага года Ілья з кітайскімі калегамі пераклалі на кітайскую мову і запісалі адзін з найвялікшых хітоў «Крамы» «Выпі са мной да дна». Акрамя таго, гэты блюз на кітайскай мове Ілья Шэўчык часта выконвае на канцэртах, і сведчыць, што кітайцам падабаецца мелодыка «Крамы». Ёсць планы перакласці і запісаць яшчэ не адну песню нашага беларускага гурта, і, магчыма, нават выдаць паўнавартасны альбом. Калі паклоннікаў «Крамы» у Кітаі стане многа, Ілья марыць арганізаваць для роднай беларускай групы кітайскі гастрольны тур.
Сустракайце вясну разам з гуртом КРАМА!

krama_2.jpg