Кіроўцы мінскага таксі 135 рыхтуюць забастоўку

На 15 лютага запланаваны страйк таксістаў, якія працуюць на службу 135. Кіроўцы незадаволеныя новымі тарыфамі кампаніі.

6754_5ce09117573d7974e922488f60375a381_95rq4.jpg


Пра прычыны забастоўкі «Нашай Ніве» распавёў адзін з кіроўцаў:
«Амаль увесь мінулы год мы вазілі пасажыраў па 60 капеек за кіламетр. Пасля цэны збіраліся ўздымаць, прычым была дамоўленасць паміж службамі 135, 152 і «Алмаз 7788» (найбуйнейшы дыспетчар таксі, яго кантралюе бізнэсмен Віктар Пузікаў — «НН»). У выніку падняло толькі нашае кіраўніцтва. Стала 70 капеек за кіламетр, — кажа суразмоўца. — Але дырэктар службы вельмі пакрыўдзіўся на канкурэнтаў і вырашыў дэмпінгаваць. Ён панізіў цэны, цяпер у нас пасадка каштуе 4,5 рубля, а кіламетр — 55 капеек. Гэта тыя ж тарыфы, што і ў «Алмаза», але ж у іх лепшыя машыны і лепшае абслугоўванне. Пры аднолькавых цэнах кліенты пойдуць да нас».
Галоўная прэтэнзія кіроўцаў да Радкевіча ў тым, што тарыфы панізілі, а з таксістаў за заказы бяруць столькі ж.
«Калі цэны павышалі, з нас таксама сталі браць больш — па 1,3 рубля за замову. А цяпер тарыфы знізілі, а з нас бяруць усё адно па 1,3, — абураецца кіроўца. — Калі дырэктар нам рэжа тарыфы, хай і сабе штосьці рэжа. Я працую па 14—16 гадзін штодня. Зусім без выходных, абсалютна. За месяц такой працы зарабляю $400—500».
Па словах суразмоўцы, у забастоўцы плануе прыняць удзел як мінімум 400 таксістаў. Агулам жа ў таксі 135 працуе каля 1300 чалавек.
Дадамо, што «Убер» бярэ з пасажыраў 37 капеек за кіламетр.