У Мінску знішчаюць водна-зялёны дыяметр

Каля Палаца незалежнасці разгортваецца вялікая будоўля: новы пяціпавярховы будынак Вярхоўнага суда ўзвядуць паміж паркам забаў «Дрымлэнд» і набярэжнай Cвіслачы. Характэрна, што гэтая тэрыторыя адносіцца да водна-зялёнага дыяметра — па рэгламенце Генплана будаўніцтва капітальных збудаванняў тут забаронена. Аднак, у 2015 годзе ўказам кіраўніка дзяржавы ўчастак плошчай 3,6 гектара насупраць Палаца незалежнасці выключылі з ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны... Наколькі нармалёвая такая сітуацыя?

bud_0.jpeg

— Гэта не першы падобны выпадак. Пад буйныя інвестыцыйныя праекты, напрыклад «Кэмпінскі» у Парку Горкага альбо гасцініца «Пекін» у парку 40-годдзя Кастрычніка, ўказамі прэзідэнта выводзяцца тэрыторыі з ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны пад забудову. Праблема заключаецца ў наступным: калі Генеральны план Мінска абмяркоўваецца з жыхарамі, то ўказы прэзідэнта не абмяркоўваюцца і звычайна пра іх становіцца вядома постфактум. У генплане прапісваецца, што водна-зялёны дыяметр павінен захоўвацца. А потым пад асобныя праекты ён рэжацца і забудоўваецца. Тут мы ўжо больш гаворым не аб прававым баку, а наогул рацыянальнасці, экалагічным складніку і стаўленні да ўдзелу грамадскасці ў прыняцці такіх рашэнняў. Будаўніцтва будынка Вярхоўнага суда не абмяркоўвалася з грамадзянамі. Не было нават інфармацыі пра гэта, адпаведна жыхары ніяк не маглі паўдзельнічаць, — адзначае юрыст Зялёнай сеткі Марына Дубіна.

Нядаўна тэрыторыю абнеслі плотам. «Будтрэст№4» ўжо прыступіў да падрыхтоўчых прац.

Нядаўна тэрыторыю абнеслі плотам. «Будтрэст№4» ўжо прыступіў да падрыхтоўчых прац.

Што адбываецца ў Катоўцы?

Барацьба за сквер у Сельгаспасёлку працягваецца. Эколагі, юрысты і мясцовыя жыхары заяўляюць пра шэраг парушэнняў заканадаўства пры выдзяленні ўчастка пад будаўніцтва касцёла. Ужо на гэтым тыдні ў Катоўцы могуць аднавіць высечку дрэў, якую прыпынялі на час гнездавання птушак.

bud2.jpeg

Марына Дубіна нагадвае: Катоўка з'яўляецца зялёнай зонай, якая па рэгламенце Генеральнага плана і Плана дэталёвага планавання (ПДП) не можа забудоўвацца. Грамадскія абмеркаванні будаўніцтва касцёла былі незаконнымі: гэты аб'ект не адпавядаў рэгламентам ПДП. У плане сквер раённага прызначэння павінен быў быць захаваны. Калі ж улады планавалі будаваць у скверы нейкі аб'ект або вывесці тэрыторыю пад забудову, яны павінны былі абмяркоўваць з грамадзянамі ўнясенне змяненняў у План дэталёвага планавання. Але гэтага не зрабілі.
Відавочнае і парушэнне заканадаўства: касцёл будаваць у скверы нельга. Праекціроўшчык павінен быў паглядзець рэгламенты Генплана і ПДР. Па словах Марыны Дубінай, абшчына «Рымска-каталіцкая парафія святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазенод» магла б аб'яднацца з мясцовымі жыхарамі і патрабаваць у адміністрацыі вылучэнне альтэрнатыўнага ўчастка з захаваннем закона. Дарэчы, грамадзяне былі нават гатовыя распрацаваць бязвыплатна новы праект для каталіцкай абшчыны для размяшчэння на іншай тэрыторыі. Іншае пытанне, наколькі гатова абшчына да сумесных дзеянняў.
На днях нарэшце прыйшоў адказ ад кіраўніка каталіцкай царквы Тадэвуша Кандрусевіча на адкрыты ліст, у якім прапаноўвалася кампраміснае рашэнне: адмовіцца ад участка ў скверы і пабудаваць касцёл, напрыклад, на невыкарыстоўваемым участку зямлі на скрыжаванні вуліц Багдановіча і Сурганава.
«На сённяшні дзень складзена ўся праектна-каштарысная дакументацыя, што пацягнула за сабой нямала высілкаў і фінансавых выдаткаў прыхаджан, якія пражываюць у гэтым раёне і зацікаўлены ў будаўніцтве храма. У сувязі з гэтым вашу прапанову аб разглядзе новага ўчастка для будаўніцтва храма з'яўляецца немэтазгодным», — гаворыцца ў адказе.

bud3.jpg

У сваю чаргу Марына Дубіна адзначае, што ў кастрычніку-лістападзе адміністрацыя раёна плануе правесці абмеркаванне карэкціроўкі Плана дэталёвага планавання. Эколагі і юрысты лічаць магчымым знайсці ў ПДП альтэрнатыўную пляцоўку, дзе дзеля будаўніцтва не трэба знішчаць дрэвы. Для гэтага не трэба перапрацоўваць усю дакументацыю. Гэты аб'ект можна прадугледзець падчас абмеркавання карэкціроўкі.Марына Дубіна ўпэўненая: пры вырашэнні падобных пытанняў варта ўлічваць меркаванне ўсіх зацікаўленых бакоў. У гэтым жа выпадку інтарэсы мясцовых жыхароў ігнаруюцца.
— Зараз у раёне праводзіцца інтэнсіўная забудова шматпавярховымі дамамі, вуліца Максіма Багдановіча будзе пашырацца, тут з'явіцца трэцяя лінія метро. Такім чынам, антрапагенная нагрузка ўзрасце, жыхарам неабходныя зялёныя зоны. Калі гэты сквер прадугледжвалі ў ПДП, ён быў і ў разліках нормаў азелянёнасці гэтага раёна.
Грамадзяне ўсё яшчэ спадзяюцца, што сквер пакінуць, а для касцёла знойдуць іншае месца.
Паводле greenbelarus.info