Палякі ствараюць рай для беларускіх бяздомных сабак
Польскія абаронцы жывёл ратуюць беларускіх бяздомных сабак — шукаюць гаротнікам з Беларусі новых гаспадароў.
Актывісты з Таварыства аховы жывёл «Animals» у свой прыватны час прывозяць у Польшчу бяздомных сабак з Беларусі, каб тут знайсці для іх новы дом. Дзякуючы гэтаму 18 сабак ужо мае новае жыццё. У Беларусі іх чакала б смерць.
Патрыцыя Вайхт з таварыства «Animals» расказвае, што ідэя нарадзілася вельмі спантанна і выпадкова. Яна перапісвалася са сваёй сваячкай з Вільні, якая прыслала ёй здымкі беларускіх сабак і расказала пра іх пакуты.
Патрыцыя Вайхт узгадала:
— Яна расказала, што пасля адлову бяздомных сабак трымаюць у спецыяльных прыёмніках пяць дзён, а пасля, калі па іх ніхто не прыйдзе, забіваюць. Вядома, што ў Беларусі амаль не існуе практыка, калі сабак забіраюць з прыёмнікаў, няма закону аб абыходжанні з жывёлай. Было зразумела, што гэтых сабак крыўдзяць, што ім патрэбная дапамога. Для мяне няма розніцы, ці гэта польскі, кітайскі ці беларускі сабака. Гэта жывая істота, і трэба было гэтым сабакам дапамагчы. Я нясмела паказала сваёй начальніцы некалькі здымкаў сабак і запыталася, ці мы неяк можам дапамагчы ім і маёй сваячцы, якая пры дапамозе беларускіх валанцёраў выцягвала гэтых сабак з прыёмнікаў, трымала іх дома, але не ведала, што з імі далей зрабіць. Адказ маёй начальніцы быў імгненны: так, дапамагаем.
У траўні ў польскую Гдыню прыехалі першыя дзесяць сабак (толькі такую колькасць валанцёрка з Вільні магла правезці праз мяжу). Цягам двух тыдняў усе сабакі знайшлі новы дом. У верасні прыехалі чарговыя дзесяць сабак, з якіх восем ужо маюць новых гаспадароў.
Патрыцыя Вайхт ужо думае пра трэцюю групу беларускіх сабак. Чарговую дзясятку плануецца прывезці яшчэ да канца бягучага году.
Актывістка запэўнівае, што ўсе сабакі прыязджаюць з поўнай дакументацыяй і патрэбнымі прышчэпкамі, а іх транспарт адбываецца цалкам легальна.
— Працэс выкупу сабакі з Беларусі, пасля перавозка ў Вільню і далей да нас трываюць каля двух месяцаў, паколькі іх кастрыруюць, прывіваюць і прывозяць у Польшчу цалкам гатовых для «ўсынаўлення». Гэтыя сабакі потым трапляюць у розныя месцы Польшчы. Па іх прыязджаюць людзі з Вроцлава, з Кракава, яны ўзрушаныя гісторыяй гэтых сабак. Ад віленскіх валанцёраў ведаем характар гэтага сабакі, ці ён можа жыць у кватэры, ці лепш на падворку, і вельмі дакладна іх апісваем.
У больш за дзесяць выпадкаў было так, што яшчэ перад тым, як сабакі прыехалі ў Польшчу, для іх ужо былі падрыхтаваныя новыя дамы. «Гэта вельмі кранальны момант», — кажа Патрыцыя Вайхт, голас у якой на секунду задрыжаў.
— Гэта вельмі кранальнае, калі сабакі, стомленыя дарогай, перапужаныя дарогай, новай сітуацыяй, новымі пахамі адразу трапляюць у абдымкі людзей, якія іх любяць. Гэта цудоўна. Гэта дае мне сілы для далейшай працы. Канешне, гэта кропля ў моры, але гэта цудоўна, што можна дапамагчы сабакам, якія церпяць і якім патрэбная дапамога ў такой жа ступені, як і польскім жывёлам, — кажа П. Вайхт.
Патрыцыя Вайхт кажа, што беларускімі сабакамі яна займаецца ў свой вольны прыватны час, таму працэс перавозкі сабак з Беларусі не адбываецца коштам польскіх жывёл.
Патрыцыя Вайхт адзначае:
— Я раблю гэта бясплатна. Раблю тады, калі іншыя чытаюць кнігі ці глядзяць тэлевізар. Я тады спрабую знайсці гаспадароў беларускім сабакам. Калі нехта мне кажа, што бяздомных польскіх сабак таксама шмат, то на мяне гэта дзейнічае як чырвоны колер на быка. Для мяне гэта жывая істота. Не важна, ці польскі, ці не польскі. Гэта жывёла, якой трэба дапамагчы. Я дапамагаю польскім сабакам у час працы, а пасля яе стараюся знайсці новы дом сабакам з Беларусі, зрабіць усё, каб яны прыехалі да нас. Я не раблю гэта сама. Ёсць асобы, якія робяць здымкі, апісваюць, высылаюць аб’явы. Усе мы робім гэта з цэлага сэрца.
Патрыцыя Вайхт кажа, што яна не спыніцца і будзе ратаваць бяздомных беларускіх сабак пакуль у яе хопіць сіл.
Здымкі са старонкі Таварыства аховы жывёл «Animals»