Восем з паловай мільёнаў штрафу за ўлётку
У Мінску асудзілі актывіста Руху «За Свабоду» за пост-выбарчую агітацыю.
Дваццацігадовага Аляксандра Мендэля міліцыянты затрымалі 12 кастрычніка падчас раскідвання ўлётак па паштовых скрынях. У агітацыі ішлося пра фальсіфікацыі падчас выбараў на 108-й акрузе Мінску. Хлопца адвезлі ў пастарунак, канфіскавалі 1640 экзэмпляраў улётак ды інкрымінавалі парушэнне ч.2 арт. 22.9 Адміністратыўнага Кодэксу («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»).
Адвакат хлопца Людміла Казак лічыць, што ўлётка ні ў якім разе не можа быць кваліфікаваная як перыядычнае выданне. Няма ў ёй ані назвы, ані парадкавага нумару, ані тыражу і г.д. «Для выкарыстання дадзенага артыкула няма аніякіх аснаванняў», – тлумачыць спн. Казак.
Суддзя суду Першамайскага раёну Святлана Чараповіч, тым не менш, палічыла па-іншаму. У выніку хлопец быў пакараны штрафам у памеры 40 базавых велічыняў, што складае 840 рублёў або 8 400 000 па старым курсе. Увесь канфіскаваны тыраж суд прыняў рашэнне знішчыць.
Старшыня Руху Юрась Губарэвіч вырашыў давесці, што лістоўка не злачынства, таму адразу пасля аб’яўлення прысуду пайшоў раздаваць такія ж улёткі ў самім судзе ды на вуліцы. Увесь працэс здымалі на камеру людзі ў цывільным, але абыйшлося без затрыманняў. Ім Губарэвіч таксама прапанаваў азнаёміцца са зместам улётак, тыя тактоўна адмаўляліся.