Віцебскі аблвыканкам: грошаў на будаўніцтва запланаваных паліклінік і школ няма
Калектыўны зварот жыхароў Віцебска, які паступіў у Адміністрацыю прэзідэнта, Генеральную пракуратуру і пракуратуру Віцебскай вобласці, а таксама зварот, накіраваны на сайт аблвыканкама, разгледжаны Віцебскім аблвыканкамам.
Як паведаміў у адказ на зварот намеснік старшыні аблвыканкаму Уладзімір
Белавус, у 2015-2016 гадах у сувязі са зніжэннем паступлення ўласных даходаў
мясцовага бюджэту і скарачэннем датацыі, якая перадаецца з рэспубліканскага
бюджэту ў бюджэт Віцебскай вобласці, ажыццяўлялася аптымізацыя выдаткаў
бюджэту, у выніку чаго былі абмежаваныя выдаткі на капітальныя ўкладанні,
перадусім тыя, якія маюць нізкую ступень гатоўнасці.
Інвестпраграма Віцебска на 2015 год першапачаткова была зацверджана ў суме 25,2
млн дэнамінаваных рублёў, але абʼёмы фінансавання неаднаразова перегледжваліся
і фактычна праграма рэалізавана ў суме 10,8 млн рублёў, ці 42,9% ад
першапачаткова зацверджанага абʼёму.
Фінансаванне будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Поўдзень-7А, комплекснага
паліклінічнага цэнтра, дзіцячага садка і школы ў мікрараёне Білева Віцебска
ажыццяўляецца за кошт сродкаў бюджэту Віцебска і абласнога бюджэту. У 2015
годзе на іх будаўніцтва накіравана 1,1 млн рублёў. З абласнога бюджэту ў 2016
годзе агульны абʼём фінансавання па ўказаных абʼектах прагназуецца ў суме склаў
0,22 млн рублёў.
У бюджэце Віцебска на фінансаванне гэтых абʼектаў у 2016 годзе прадугледжвалася
2 млн рублёў за кошт паступлення ў гарадскі бюджэт даходаў ад продажу зямельных
участкаў у прыватную ўласнасць грамадзянам, продажу маёмасці, якая знаходзіцца
ў камунальнай уласнасці, і паступленняў платы за права заключэння дагавораў
арэнды зямельных участкаў. Фінансаванне будаўніцтва абʼектаў ажыццяўляецца па
меры паступлення названых даходаў і на сёння склала 0,23 млн рублёў.
Уладзімір Белавус таксама паведаміў, што дзеля бяспекі грамадзян і захавання ў
зімовы перыяд падмурку будуемай школы ў Білева выкананы работы па засыпанні
катлавана. Бюджэтныя сродкі на гэта не накіроўваліся.
Пры фарміраванні бюджэту вобласці на 2017 год у Віцебскія абласны і гарадскі
саветы дэпутатаў будуць унесены прапановы па выдзяленні сродкаў на будаўніцтва
абʼектаў сацыяльнага прызначэння, у тым ліку і названых у звароце, гаворыцца ў
адказе.
«Вось такі адказ з аблвыканкаму атрымалі мы, 1495 падпісантаў. Камітэт
дзяржкантролю ўвогуле адмовіўся разглядаць зварот, Генпракуратура пераслала на
аблвыканкам. Рука руку мые — інакш не ўспрымаю. 8 лістапада прызначана сустрэча
ў Савеце дэпутатаў. Пытанні ўзнімем зноўку», - адзначыла каардынатар БХД у
Віцебску Таццяна Севярынец.
Паводле bchd.info