«У неўстаноўлены час узяла ўдзел у несанкцыянаваным пікеце». Вынік — 10 сутак арышту
Валерыю Уласік, дачку рэдактара TUT.BY, 9 верасня ў судзе Маскоўскага раёна асудзілі на 10 сутак.
Жнівень 2018 года. Галіну Уласік выпускаюць са Следчага камітэта пасля трох дзён допытаў па "справе БелТА". Справа ў чорнай футболцы — яе дачка Валерыя Уласік.
Напярэдадні аператыўнікі ў цывільным і ў масках прыйшлі ў кватэру сям'і з ператрусам. Валерыю абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце, асновай паслужыў яе здымак у сацсетцы, дзе яна стаіць з кветкамі ў руках, а побач "неўстаноўленая дзяўчына" з плакатам "Гэтая краіна для жыцця". Адвакат звяртаў увагу, што ў справе мноства парушэнняў, якія ствараюць небяспечны прэцэдэнт. Суддзя Вольга Малашэнка прызначыла Валерыі 10 сутак арышту.
Згодна з пратаколам, Валерыя Уласік 14 жніўня ў неўстаноўлены час узяла ўдзел у несанкцыянаваным пікеце: прысутнічала па адрасе праспект Дзяржынскага, 83 у групе грамадзян, дэманстравала плакат "Гэтая краіна для жыцця". Тым самым, на думку праваахоўнікаў, Валерыя парушыла Закон "Аб масавых мерапрыемствах". У матэрыялах справы ўтрымліваецца скрыншот з яе старонкі ў фэйсбуку, дзе Валерыя стаіць з кветкамі ў руках, побач дзяўчына трымае плакат з тым самым надпісам.
Валерыя заявіла ў судзе, што не прызнае сябе вінаватай ва ўдзеле ў пікеце. Кажа, праходзіла міма, убачыла дзяўчат з плакатам, сфатаграфавалася з адной з іх і пайшла далей.
Учора падчас судовага паседжання стала вядома, што ў дачыненні да Валерыі не быў складзены пратакол аб адміністрацыйным затрыманні, гэта значыць яе прымусовае ўтрыманне ў Маскоўскім РУУС было беспадстаўным. Акрамя таго, у матэрыялах меўся рапарт старэйшага інспектара Маскоўскага РУУС Андрэя Агейчанкі, згодна з якім ён тэлефанаваў Уласік 5 верасня, запрашаў яе ў міліцыю для дачы тлумачэнняў, а яна адмовілася з'явіцца. Валерыя патлумачыла, што ёй ніхто не тэлефанаваў, што ў рапарце паказаны не яе нумар тэлефона. Таксама ў матэрыялах маецца апавяшчэнне, што 5 верасня Валерыя Уласік была азнаёмленая з тым, што адміністрацыйная справа ў дачыненні да яе скончана, аднак дзяўчына заявіла, што ніякага паведамлення на самай справе не падпісвала.
Сёння для дачы тлумачэнняў у суд з'явіўся той самы ўчастковы Агейчанка. Ад яго стала вядома, што сігнал з нагоды фота Валерыі ў сацсетках паступіў з ГУУС Мінгарвыканкама. Што тычыцца званка 5 верасня, міліцыянт заявіў, што памыліўся нумарам і там быў жаночы голас, ён не праверыў, ці Уласік гэта.
Пра подпіс яе ў пратаколе заявіў, што яна падпісалася не 5 верасня, а ўжо калі яе затрымалі (гэта адбылося ўчора, 8 верасня — заўв. TUT.BY).
Адвакат удакладніў, чаму ўчастковы вырашыў, што на фота ў сацсетках — несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, бо на здымку відаць, што там два чалавекі, плакат на зямлі стаіць. Выразнага адказу атрымана не было. Затое Агейчанка прынёс у суд пратакол адміністрацыйнага затрымання Валерыі Уласік, якога яшчэ ўчора ў матэрыялах справы не было, і, як тлумачыла суддзя Вольга Малашанка, "па дадзеных суда, да Уласік такая мера не ўжывалася". Чаму пратаколу не было ўчора, калі матэрыялы справы паступілі ў суд, Андрэй Агейчанка сказаць не можа, кажа, затрымліваў не ён, іншыя супрацоўнікі Маскоўскага РУУС. Участковы Данчанка, які затрымліваў Валерыю, указаў, што яна адмовілася падпісаць пратакол затрымання, сама Валерыя кажа, што ёй ніхто не даваў дакумент на подпіс, яна яго наогул не бачыла.
Адвакат хадайнічаў аб неадкладным вызваленні Валерыі Уласік, бо ў пратаколе затрымання не пазначана, што стала падставай для яе затрымання. Абаронца Валерыі кажа, што адзіны доказ па справе — фатаграфія ў сацсетцы і каментар да яе, які супрацоўнік міліцыі інтэрпрэтаваў па-свойму. Няма доказаў, што канкрэтна ў гэтым месцы праходзіла мерапрыемства, не ўстаноўлена дзяўчына, побач з якой Валерыя стаіць на фота, не ўстаноўлены нават час, калі ўсё адбывалася, хаця гэта абавязковы пункт у пратаколе адміністрацыйнага правапарушэння. Валерыя на фота стаіць з кветкамі, плакат у руках трымае іншы чалавек, так што нават сам факт пікетавання выклікае пытанне, тлумачыць адвакат. Па сутнасці, Валерыя праходзіла міма, зрабіла фота, ці магчыма разглядаць гэта як пікет? Абаронца лічыць, што суд можа стварыць небяспечны прэцэдэнт, калі фота ў сацсетках само па сабе, без іншых доказаў, стане падставай прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Адвакат настойваў, што ў дзеяннях Валерыі Уласік няма складу адміністрацыйнага правапарушэння, таму справа павінна быць спыненая.
Рашэнне суда — 10 сутак арышту. Раней Валерыя ўсяго адзін раз прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, у 2017 годзе, той штраф даўно згашаны.
Што тычыцца падазрэнняў па крымінальнай справе, а ўчора паведамлялася, што яна можа быць фігуранткай справы аб масавых беспарадках, ніякіх каментароў Следчы камітэт з гэтай нагоды не дае. Невядома, ці насамрэч яна знаходзіцца ў статусе падазраванай і ў чым сутнасць крымінальнай справы.
Паводле tut.by