У Жлобіне за «актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу» судзілі ветэрана працы і чалавека без нагі

Як паведаміла БелаПАН мясцовая жыхарка Ліяна Шуба, за «актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу» на 10 базавых велічынь (270 рублёў) суд аштрафаваў ветэрана працы, ганаровага чыгуначніка Уладзіміра Раманенка.

402_sud.jpg

Ён быў заўважаны міліцыяй на відэазапісе мітынгу. «Раманенка прызнаў, што знаходзіўся на плошчы, але не на мітынгу, а сустрэў таварышаў і пагутарыў з імі, ніякай сімволікі ў яго не было. Тым не менш суд прызнаў яго вінаватым», — адзначыла суразмоўца.
Таксама суд Жлобінскага раёна прызнаў вінаватым Юрыя Юркова і аштрафаваў на аналагічную суму. «У сілу сваіх фізічных асаблівасцяў — няма нагі — ён ніяк не мог прымаць актыўны ўдзел у мітынгу, і на відэа відаць, што ён стаіць у старонцы. Тым не менш таксама вінаваты», — сказала Ліяна Шуба.
8 верасня ў Жлобіне за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу будуць судзіць яшчэ чатырох чалавек. Сярод іх Міхаіл Мамай, пляменнік і брат якога арыштаваныя па рашэнні суда.
Суды прайшлі і ў Гомелі. Суд Навабеліцкага раёна прызнаў вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве Таццяну Бачурную, якая з 4 верасня знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання. Жанчына адна выхоўвае сына-дашкольніка. Яна збірала подпісы за адкліканне дэпутата ПП НС Вольгі Крэч. Міліцыя палічыла гэта несанкцыянаваным мерапрыемствам. Суд аштрафаваў яе на 30 базавых велічынь (810 рублёў).
Суд Цэнтральнага раёна пакараў штрафам у памеры 25 базавых велічынь (675 рублёў) Святлану Нарскіну. Яна з 4 верасня таксама знаходзілася ў ІЧУ пасля затрымання.
Чатыры базавыя велічыні штрафу (108 рублёў) атрымаў па рашэнні суда Уладзіслаў Багданаў. Яго міліцыя затрымала 5 верасня. Выхадныя малады чалавек правёў у ІЧУ.
Паводле gomel.today