У Магілёве аднаму з лідараў пратэстаў прысудзілі яшчэ 8 сутак арышту
Ветэрану магілёўскага апазіцыйнага руху Валадару Цурпанаву дадалі яшчэ восем сутак арышту ды аштрафавалі на 270 рублёў за непавагу суду. Цяпер ён адбывае ў ізалятары 20 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе Радыё Свабода.
Суддзя Ленінскага суду Вікторыя Палякова прызнала Цурпанава вінаватым у актыўным удзеле 23 жніўня ў несанкцыянаваным пікеце на плошчы Леніна. Паводле матэрыялаў справы актывіст трымаў бел-чырвона-белы сцяг і выказваўся супраць дзейнай улады.
Судзілі Цурпанава праз скайп. Актывіст перад тым, як пачаўся працэс заявіў, каб яму прадаставілі перакладчыка, а калі суддзя ўзялася разглядаць справу не адрэагаваўшы на ягоную заяву жорстка выказаўся пра яе. Вікторыя Палякова палічыла паводзіны абвінавачанага непавагай суду, аштрафавала яго і пазбавіла ўдзелу працэсе.
На 20 сутак Цурпанава асудзілі за тое, што 1 верасня ён прыйшоў на лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў педагогаў, якія працавалі ў выбарчых камісіях, прызнаць факты фальсіфікацыі выбараў ды «пакаяцца, стаўшы на калені».
Актывіста прызналі вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні службовай асобе.