У Пружанах другі дзень няма вады. У горадзе ўсталявалі дзесяткі біятуалетаў
Раённы цэнтр Пружаны Брэсцкай вобласці застаўся без водазабеспячэння ўчора раніцай. Ад той пары вада ў кранах так і не з'явілася. У горадзе пражываюць амаль 20 тысяч чалавек.
Як піша мясцовае дзяржаўнае выданне «Раённыя будні», сітуацыю пракаментавала камісія па надзвычайных сітуацыях пры Пружанскім райвыканкаме. Як там паведамілі, у горадзе на сетках водазабеспячэння і каналізацыі вядуцца рамонтна-аднаўленчыя работы. З-за аварыі ў сістэме водаадвядзення часова адключана падача вады.
Паведамляецца таксама, што для жыхароў горада ў 11 месцах арганізаваны падвоз пітной вады, размешчана 37 біятуалетаў.
Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай здарэння паслужыла паломка адной з помпаў. Мясцовыя ўлады запэўніваюць, што водазабеспячэнне будзе адноўлена ў найкарацейшыя тэрміны пасля ўстранення ўсіх непаладак. Аднак кантрэтныя тэрміны не называюцца.
Адметнасць сённяшніх паведамленняў ад МНС у тым, што яны амаль нічым не адрозніваюцца ад учорашніх. Так, здарылася паломка, так, рамантуем, а калі з кранаў у кватэрых пацячэ вада — дакладна невядома.
Цікава, што нават тая вада, якую прывозяць у горад у цыстэрнах з-пад малака, для піцця непрыдатная. Мясцовая служба эмідэміялогіі папярэдзіла яшчэ у панядзелак: перад ужываннем гэтую воду трэба кіпяціць.
У медыя і пабліках паведамляецца, што надзвычайным попытам зараз у Пружанах карыстаецца бутыляваная вада.
Сітуацыя, у якой аказаліся пружанцы, добра зразумелая жыхарам Мінска. У вялікай частцы сталіцы ў чэрвені 2020 года таксама знікла вада. Дакладней, не знікла, а цякла вельмі брудная, з рэзкім непрыемным пахам. Тады камунальшчыкі аналагічна прыбегнулі да цыстэрнавага вадазабеспячэння двухмільённага горада.
Тады нават была заведзена крымінальная справа. Адказнасць за вадзяны калапс у Мінску ўсклалі на двух чалавек, прозвішчы якіх не назвалі. Паведамлялася, што «Г. працавала зменным інжынерам — тэхнолагам ачышчальнай вадаправоднай станцыі вытворчасці «Мінскводаправод», а абвінавачаны А. — інжынерам раёна па эксплуатацыі водаправодных сетак №3 вытворчасці «Мінскводаправод» УП «Мінскводаканал».
Паводле версіі следства, яны «у перыяд з 23 па 24 чэрвеня 2020 года неналежным чынам выканалі свае службовыя абавязкі, з-за чаго ў размеркавальную сетку некалькіх раёнаў Мінска трапіла вада ненарматыўнай якасці». Абвінавачаным налічылі шкоду дзяржаўнай маёмасці ў асабліва буйным памеры на агульную суму 594 567,86 рубля, таксама супрацоўнікам ставілі ў віну прычыненне шкоды здароўю людзей і іншыя цяжкія наступствы.
Прысудам суда абвінавачаную Г. пакаралі чатырма гадамі «хатняй хіміі», а А. быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці на падставе амністыі.
Ці знойдуць вінаватых у Пружанах, пакуль невядома.