У Варшаве адбыўся пікет у падтрымку Наамы Ісахар
Адзіночны пікет, які прайшоў у Варшаве 13 студзеня, быў падтрыманы Рухам салідарнасці «Разам». Такім чынам быў выказаны пратэст выкраданню Расіяй замежных грамадзянаў.
Як пісаў ВВС, 25-гадовая грамадзянка Ізраіля і ЗША Наама Ісахар была затрыманая летась у красавіку ў транзітнай зоне аэрапорта Шарамеццева. У Расіі яе асудзілі да сямі з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму: у багажы Ісахар, якая ляцела праз Маскву транзітам, выявілі 9,6 грама гашышу.
Ісахар асудзілі па артыкуле аб кантрабандзе наркотыкаў у значным памеры. З моманту затрымання ў красавіку яна змяшчалася ў СІЗА. Просьбы абароны пра хатні арышт (сваякам Ісахар удалося знайсці для гэтага кватэру ў Маскве) суд не задаволіў.
Абвінавачванне патрабавала для дзяўчыны васьмі гадоў калоніі.
Ісахар абвінавацілі па двух артыкулах — захоўванне наркотыкаў у значным памеры і кантрабанда. Дзяўчына прызнае, што ў яе багажы, які ляцеў транзітам з Дэлі ў Тэль-Авіў, сапраўды быў гашыш. Аднак доступу да чамадана падчас перасадкі ў Маскве ў яе не было.
Абарона Ісахар настойвала, што ў яе не магло быць намеру перавезці наркотыкі праз мяжу Расіі, таму што яна не пакідала зону вылету аэрапорта і не мела доступу да свайго багажу. Яна магла атрымаць яго толькі па прылёце ў Тэль-Авіў, дзе некаторыя віды наркотыкаў часткова дэкрыміналізаваныя.
Абвінаваўца ж паказаў, што ў артыкуле аб кантрабандзе гэта злачынства вызначаецца як увоз забароненых тавараў на тэрыторыю Мытнага саюза.
«Наркатычны сродак знаходзіўся у суправаджаным ёй багажы — яна гэта і сама прызнае. Мяжу Расіі, а разам з ёй і Мытнага саюза, яна перасекла. Увоз наркотыкаў на тэрыторыю Мытнага саюза забаронены. Незаконнае перамяшчэнне таксама забаронена. Такім чынам, па сэнсе тлумачэння нормаў права ўсе ўмовы для ўжывання артыкула выкананы», — цытуе пракурора «Медиазона».
Як паведамляе газета Jerusalem Post, прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху спрабаваў паўплываць на разгляд справы Ісахар. «Прэм'ер-міністр казаў пра яе з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, калі некалькі тыдняў таму быў у Сочы», — цытуе газета прадстаўніка Нетаньяху.
Паводле інфармацыі газеты, Расія прапаноўвала Ізраілю абмяняць Ісахар на пецярбуржца Аляксея Буркова, затрыманага ў канцы 2015 года ў Ізраілі па падазрэнні ва ўзломе аплатнай сістэмы і крадзяжы некалькіх мільёнаў долараў з крэдытных карт грамадзян ЗША. Ад абмену адмовіліся, паколькі Вярхоўны суд Ізраіля ўжо пастанавіў, што Буркоў будзе экстрадаваны ў ЗША.
Калі б не абвінавачанне ў кантрабандзе, то Ісахар, верагодна, проста аштрафавалі б. У канцы ліпеня ў аэрапорце «Пулкава» ў багажы амерыканкі Одры Лорбер выявілі амаль 20 грам марыхуаны. Як і Ісахар, Лорбер прызнала факт перамяшчэння рэгуляванага рэчыва праз мяжу, аднак яе абвінавацілі толькі па артыкуле 228 (захоўванне наркотыкаў) і прысудзілі да штрафу.
Рух салідарнасці «Разам» лічыць, што справа Наамы яскрава сведчыць пра Расію як вайну, таму трэба быць салідарнымі з палоненымі Расіяй.
Апроч таго вядома пра выкраданне ў Беларусі ўкраінцаў расійскімі службамі. Узгадайма гісторыю ўкраінца Паўла Грыба, асуджанага ў Расіі за падрыхтоўку тэрарыстычнага акта ў дачыненні да расійскіх дзяцей на школьнай лінейцы. Грыб быў затрыманы ў Беларусі 24 жніўня 2017 года і таемна перавезены на тэрыторыю Расіі. 22 сакавіка 2019 года Паўночна-Каўказскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прызнаў Паўла Грыба вінаватым у садзейнічанні тэрарыстычнай дзейнасці і прысудзіў да 6 гадоў калоніі. Павел Грыб у сваім выступе заявіў, што не прызнае вылучаныя супраць яго абвінавачванні і абвясціў галадоўку. 7 верасня 2019 года Павел Грыб прыбыў ва Украіну па дамоўленасцяў паміж Масквой і Кіевам аб абмене палоннымі.