Лайфхакі для Лукашэнкі і Пуціна, каб пазбегнуць нафтагазавых войнаў
Для гэтага спатрэбіцца толькі папера і асадка. Бярыце і карыстайцеся!
Усяго адна дробязь, якая дазволіла б кіраўнікам дзяржаў надалей не мець праблем з пастаўкамі газу і нафты.
Сябры, а вы наогул спрабавалі ўсе вашы дамоўленасці заносіць на паперу? Не, ну праўда! Вось вырашылі вы нешта на сочынскім гарналыжным курорце, ці ў рэзідэнцыі пад Заслаўем, і адразу ж усё запісалі на паперу, паставілі подпісы і, задаволеныя, раз'ехаліся па дамах.
І не трэба потым, пагладжваючы жывот паміж гузікамі, радасна вяшчаць, як мы ўсе добра ўладзілі і пра ўсё дамовіліся. Апублікуйце проста падпісаную паперу, — а мы ўжо самі вырашым, радавацца ці плакаць.
А то як атрымліваецца? Вось адзін кажа пра тое, што мы, нібыта, дамовіліся купляць газ ледзьве не па ўнутрырасійскай цане, а другі, аказваецца, зусім не ў курсе такіх дамоўленасцяў, затое ў адказ нешта вяшчае нам пра нейкую адзіную валюту, наднацыянальныя органы і таму падобнае.
Здавалася б, што перашкаджае? Вось ліст, вось асадка. Узялі, падпісалі, і паклалі ў надзейнае месца, каб потым дастаць і зверыць, не падалося што? І не будзе тады ніякіх абвінавачванняў, жорсткіх ультыматумаў, шантажу, усіх гэтых нафтагазавых войнаў.
І не скажа тады Аляксандр Рыгоравіч: «Калі мы ў 2011 годзе ішлі на продаж "Белтрансгазу", была жорсткая дамоўленасць, што за пяць гадоў мы выйдзем на ўнутрырасійскую цану па газе. Хтосьці на гэта забыўся, я памятаю». Проста дастане падпісаную паперку і пакажа.
А Уладзімір Уладзіміравіч у адказ, пачухаўшы патыліцу, не адказвае: «Так-так, нешта ўзгадваецца. Але тады, здаецца, гаворка ішла пра частку Расіі»...
А ўсё ж так проста ўсё вырашалася б, калі б пад рукой былі гэтыя нескладаныя прылады чалавецтва.
Але кіраўнікі дзяржаў, падобна, чамусьці асадкі з паперай на свае перамовы не носяць. Усё наровяць дамовіцца за самаварам з пернікамі. А потым пасля такіх «дагаварнякоў» і пачынаюцца праблемы. У каго з нафтай, а ў каго з памяццю. А часцей і тое, і другое, і з тым, і з іншым.
Зразумела, што не па непамятлівасці ці па няведанні Лукашэнка не заносіць свае дамоўленасці з Пуціным на паперу. Проста так заўсёды можна зрабіць потым здзіўлены твар, калі ад цябе запатрабуюць выканання абяцанага. Але праблема ў тым, што і ў Крамлі хапае такіх жа хітра-«жоўтых» са здзіўленымі тварамі. І яны таксама імкнуцца што-небудзь нагадаць і пры гэтым абавязкова штосьці «забыцца».
Вось і граем ужо 25 гадоў у гэтую гульню, не запісваючы ані правілаў, ані ачкоў, усё спадзеючыся перахітрыць адзін аднаго. Праўда, як паказвае гісторыя, часцей, на жаль, перахітрыць атрымліваецца саміх сябе.
Анастасія Зелянкова,gazetaby.com