У Гданьску — беларускі ліцэй

У Польскім Гданьску 1 верасня 2011 года пачне працу ліцэй. Гэтая навучальная ўстанова будзе спадкаемцам зачыненага ўладамі ў 2003 годзе Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. У новым ліцэі спалучацца стацыянарная і хатняя формы адукацыі, фінансаваць праект будзе польская дзяржава. Пра новую ўстанову адукацыі журналісту «НЧ» Генадзю Кеснеру распавёў заснавальнік і кіраўнік яшчэ таго, апальнага ліцэя, Уладзімір Колас.

— Чыя гэта была ідэя — стварыць ліцэй у Гданьску?



41bcfd9ab658ebaac1661f58080aad6b.JPG

У Польскім Гданьску 1 верасня 2011 года пачне працу ліцэй. Гэтая навучальная ўстанова будзе спадкаемцам зачыненага ўладамі ў 2003 годзе Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. У новым ліцэі спалучацца стацыянарная і хатняя формы адукацыі, фінансаваць праект будзе польская дзяржава. Пра новую ўстанову адукацыі журналісту «НЧ» Генадзю Кеснеру распавёў заснавальнік і кіраўнік яшчэ таго, апальнага ліцэя, Уладзімір Колас.
— Чыя гэта была ідэя — стварыць ліцэй у Гданьску?
— Гэта была супольная ідэя — і гданьскіх партнёраў, і наша. Паколькі стаўленне ўладаў да беларускай тоеснасці, да беларускай мовы не мяняецца, дый улады самі не мяняюцца, то трэба было шукаць нейкае выйсце з гэтага становішча. Да таго ж, памянялася заканадаўства, і магчымасцей самастойнага навучання з’яўляецца ўсё менш і менш, таму і было вырашана падтрымаць прэцэдэнт беларускамоўнай адукацыі. Так атрымалася, што гэта будзе ў Гданьску, бо з гэтым горадам нас звязвае сталае супрацоўніцтва, якое ўжо даўно перарасло ў шчырае сяброўства.
Усе прадметы там будуць выкладацца па-беларуску, і ўсе беларускія дзеці, не толькі з Польшчы, але і з усяго свету, у тым ліку і з Беларусі, будуць мець магчымасць паступіць туды, каб атрымліваць ліцэйскую адукацыю еўрапейскага ўзроўню на беларускай мове.
— Наколькі існуе запатрабаванасць у такім ліцэі менавіта з боку тых маладых людзей, што жывуць у Беларусі?
— Калі яшчэ засталіся ў Беларусі маладзёны, што маюць патрэбу вучыцца на беларускай мове, калі яшчэ не ва ўсіх знішчана такое жаданне, чым, дарэчы, актыўна займаюцца ў тым ліку і нашы ўлады, то запатрабаванасць будзе. На сённяшні дзень ёсць ужо больш за пяцьдзясят заявак ад тых, хто жадае вучыцца, і калі інфармацыя пра гэты ліцэй пойдзе далей, то колькасць такіх жадаючых, спадзяюся, павялічыцца.
— Хто будзе выкладаць у новым ліцэі?
— Гэта будуць выкладчыкі, якія працавалі ў Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Дададуцца і польскія выкладчыкі-беларусы, напрыклад, Алёна Глагоўская, доктар паліталогіі, якая выкладае ў Гданьскім універсітэце, будуць выкладаць і дактары з Беластоцкага ўніверсітэта, запрошаныя на кантрактнай аснове.
— Як да ідэі стварэння такога ліцэя паставіліся польскія ўлады?
— З боку польскіх уладаў гэта вітаецца, я б сказаў, ёсць нават нейкая рамантыка. Ад самага пачатку мы адчувалі вялікую шчырую чалавечую сімпатыю да тых, хто займаецца гэтай беларускай справай. Існуе жаданне дапамагчы, напрыклад, з боку «Зэспула (звяза) школ экалагічнай інжынерыі» і яго дырэктара спадара Аляксандра Нагуцкага, які з часоў нашага знаёмства пачаў вельмі цікавіцца і гісторыяй Беларусі, і сучаснымі падзеямі ў нашай краіне. Ідзе падтрымка і з боку выкладчыкаў і кіраўнікоў адукацыйнага аддзелу Гданьска на ўзроўні кіраўніцтва горада, якое, дарэчы, мае беларускае паходжанне, і з боку міністра адукацыі Польшчы пані Катажыны Халь, якая сама паходзіць з Гданьска і ведала наш ліцэй, калі сама яшчэ працавала ў гданьскім упраўленні адукацыі. Адным словам, ёсць шчырая падтрымка і жаданне дапамагчы.