У Горадні супраць журналістаў-фрылансераў завялі адміністрацыйныя справы

Гарадзенскіх журналістаў-фрылансераў чакае суд: іх вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ.



index12.jpg

Алесь Кіркевіч быў выкліканы ў міліцыю ў пятніцу, Алесь Дзянісаў у панядзелак 30 сакавіка атрымаў на рукі копію пратакола аб правапарушэнні па арт. 22.9 ч.2 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

Журналістаў абвінавачваюць у тым, што яны зрабілі для тэлеканала “Белсат” без акрэдытацыі ў МЗС Беларусі відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі, чым нібыта парушылі артыкул 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Паводле журналістаў, у матэрыялах праверкі ёсць скрыншоты з сайта. Таксама з іх вынікае, што супрацоўніцу музея Галіну Хімко, якая фігуруе ў сюжэце, выклікалі на гутарку ў КДБ і ў міліцыю для апазнання журналістаў па фотаздымках.

Алесь Дзянісаў не пагадзіўся з пратаколам, што складзены на яго супрацоўнікам міліцыі:

— Там напісана, што я рабіў інтэв’ю. Калі ўжо на тое пайшло, то я — проста аператар, я проста націскаў кнопку запісу. А па-другое, у пратаколе напісана “вырабіў і распаўсюдзіў”. Але я не СМІ, я сам не магу гэты матэр’ял зрабіць. Бо каб яго зрабіць, яго трэба змантаваць, агучыць, паставіць у эфір — гэтага ўсяго я не магу рабіць, бо не з’яўляюся штатным супрацоўнікам канала “Белсат”,  — гаворыць Алесь Дзянісаў.

Былы палітычны вязень, а цяпер журналіст-фрылансер Алесь Кіркевіч азнаёмлены гродзенскай міліцыяй з адміністрацыйным пратаколам 27 сакавіка. Журналіста таксама абвінавачваюць у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі (ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ).

Пратакол адміністрацыйнага правапарушэння склаў маёр міліцыі Алег Кока. На гэты раз размова ў пратаколе ідзе пра матэрыял, які быў паказаны праз тэлеканал “Белсат” у пачатку сакавіка. Сам Алесь лічыць распачатую супраць яго адміністрацыйную справу абсурднай і перакананы, што не парушаў заканадаўства, паколькі згодна з дадзеным артыкулам прадугледжваецца адказнасць юрыдычных асоб — менавіта сродкаў масавай інфармацыі.

Па падліках ГА “БАЖ”, у 2015 годзе па стане на 26 сакавіка паводле арт. 22. 9 КаАП:

— Суды пяць разоў штрафавалі незалежных журналістаў: Алеся Ляўчука (Брэст, 21 базавая), два разы — Аліну Літвінчук (Брэст, 30 базавых і 40 базавых), Тамару Шчапёткіну (Бяроза, Брэсцкая вобласць, 40 базавых) і Ларысу Шчыракову (Гомель, 20 базавых).

— Складзеныя пратаколы, якія пакуль не скончыліся штрафамі, апроч Дзянісава і Кіркевіча: Кастусь Жукоўскі (Гомель), Іна Хоміч (Брэст).

Прэс-служба ГА "БАЖ"