У Магілёве абмеркаваны пытанні далучэння Беларусі да Балонскага працэсу
Пытанні далучэння Беларусі да Балонскага працэсу былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў міжнароднага навукова-практычнага семінара "Сістэма бесперапыннай адукацыі ў агульнаеўрапейскім кантэксце:
перспектывы, развіццё, прафесіяналізм", які завяршыўся 3 красавіка ў магілёўскім Беларуска-расійскім універсітэце (БРУ).
Як паведаміла БелаПАН намеснік дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БРУ Святлана Камінская, у прынятай на семінары рэзалюцыі гаварылася аб неабходнасці прадоўжыць рэалізацыю сумесных адукацыйных праграм, тэматычных семінараў у рамках выканання палажэнняў Балонскага працэсу па рэфармаванні еўрапейскай сістэмы адукацыі і дасягненні акадэмічнай і прафесійнай мабільнасці грамадзян.
"Мы робім усё, каб выконваць палажэнні Балонскага працэсу менавіта па рэфармаванні еўрапейскай сістэмы адукацыі", — заявіла Камінская.
У семінары, які адбыўся 2—3 красавіка, удзельнічалі вучоныя і выкладчыкі з Беларусі, Расіі і Казахстана. Было арганізавана прамое ўключэнне і размова з прафесарам, доктарам тэхнічных навук
Эрыкам Дзювалем, загадчыкам кафедры інфарматыкі ва ўніверсітэце горада Лёвен (Бельгія).
У працэсе форуму таксама былі абмеркаваны аспекты бесперапыннай і дадатковай адукацыі ў розных краінах.
Паводле слоў Камінскай, прапрацоўваецца ідэя стварэння некамерцыйнай міжнароднай асацыяцыі бесперапыннай або дадатковай адукацыі ўніверсітэтаў краін Мытнага саюза. Гэта таксама будзе адным з крокаў
на шляху да Балонскага працэсу, лічыць спецыяліст.
Семінар, які ўжо ў чацвёрты раз прайшоў у Магілёве, быў свайго роду працягам найбуйнейшага ў свеце адукацыйнага і педагагічнага кірмашу Didacta, які адбыўся 16—23 лютага ў Кёльне (Германія).
Ён быў арганізаваны Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БРУ сумесна з Цэнтрам міжнародных сувязей Мінадукацыі Беларусі, Міжнароднай асацыяцыяй ВНУ прыгранічных
абласцей Беларусі і Расіі і Міжнароднай асацыяцыяй славянскіх ВНУ.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН