Улады адказалі на петыцыю з патрабаваннем спыніць будоўлю каля Сафійскага сабору

На патрабаванне спыніць будоўлю кадэцкай вучэльні каля Сафійскага сабору на Верхнім Замку ў Полацку, мясцовыя ўлады адказалі, што працы «праводзяцца ў межах існага заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і Кодэксу аб культуры», піша vitebskspring.org.

ae86f308ca90b4e8b7e0e71b400e7349_xl.jpg


«Працы на тэрыторыі аб’екту "Рэканструкцыя былых будынкаў, установаў аховы здароўя ў ахоўнай зоне запаведніку "Верхні Замак" пад размяшчэнне ДУА «Полацкае кадэцкае вучылішча»" ў г. Полацку праводзяцца ў межах існага заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і Кодэксу аб культуры», – гаворыцца ў адказе намесніка старшыні Полацкага райвыканкаму Пятра Пяткевіча.


Паводле адказу, аб’ект уключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму. Заказчык – УКБ г. Полацку, падрадчык – прадпрыемства «Полацаксельбуд», праектоўшчык – «Інстытут Віцебскграмадзянпраект».
Чыноўнік паведамляе, што быў распрацаваны «пералік мер» для аховы помніку археалогіі (Верхні замак), якія, у прыватнасці, прадугледжваюць «абследаванне зоны правядзення працаў… з мэтай далейшага назірання і выяўлення няўлічаных артэфактаў і археалагічных аб’ектаў ды іх фіксацыю».
«У мэтах захавання культурнага пласта і археалагічных аб’ектаў заключаны дагавор ад 26.11.2019 на правядзенне археалагічнага назірання ў 2019-2020 гадах пры земляных працах і рэстаўрацыі з рэканструкцыяй на аб’екце з ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», – гаворыцца ў адказе.
На археалагічнае назіранне будзе выдаткавана 1 млн. 34 тыс. 172 рублі.
Нібыта на тэрыторыі аб’екту ажыццяўляецца пастаянны археалагічны нагляд (археолаг Магалінскі). Таксама паведамляецца, што земляныя працы ў значных аб’ёмах не выконваюцца да красавіка 2020 году, а месцы з магчымым знаходжаннем археалагічных аб’ектаў агароджаныя. Вясной – летам Інстытут гісторыі плануе правядзенне раскопак.
Наконт уздзеяння механічных вібрацый на будынак Сафійскага сабору адказваюць, што ў сярэдзіне сабору маюцца адмысловыя маякі, «за станам якіх вядзецца назіранне».
Сяргей Тарасаў: Гэта падсудная справаАдзін з аўтараў петыцыі супраць будаўніцтва на Верхнім замку ў Полацку кадэцкай вучэльні гісторык Сяргей Тарасаў кажа, між тым, што выконваюцца не ўсе патрабаванні Кодэксу аб культуры і што дамова на археалагічны нагляд да такой катэгорыі помніку не можа быць скарыстаная.


«Таму што ёсьць Закон – Кодэкс. І там прапісаная не толькі «археалогія». Нагляд у археалагічнай практыцы – коўш экскаватара. І нічога іншага. Ён магчымы на новабудоўлях, дзе няма статусу «гісторыка-культурная каштоўнасць». Да Полацкага Верхняга замку гэтая «сентэнцыя» не можа быць скарыстаная. Гэта, на мой погляд, падсудная справа…» – напісаў у каментары да апублікаванага адказу з Полацкага райвыканкаму Сяргей Тарасаў.
Петыцыю з патрабаваннем спыніць будаўнічыя працы на Верхнім замку ў Полацку падпісалі 1250 чалавек.