Улады не плануюць беларусізаваць заканадаўства ў 2018 годзе
У планах на 2018 год беларусізацыі заканадаўства не прадугледжана. Пра гэта паведамляецца ў лісце з Міністэрства юстыцыі, які атрымала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім., паведамляе "Радыё Свабода".
Паводле Мінʼюсту, Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых даследаванняў унёс на зацвярджэнне кіраўніка Беларусі праект Плану падрыхтоўкі законапраектаў на 2018 год — пасля ўзгаднення з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі (Палатай прадстаўнікоў, Саветам Рэспублікі і Саўмінам).
«Як паведамляе Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, праектам Плану падрыхтоўкі законапраектаў на 2018 год падрыхтоўка праектаў законаў на беларускай або адначасова на беларускай і рускай мовах не прадугледжана», — гаворыцца ў адказе.
Як кажа ў каментары “Радыё Свабодзе” Алена Анісім, улады «не збіраюцца выконваць Канстытуцыю ў плане роўнага функцыянавання абедзвюх дзяржаўных моваў».
«Для мяне адназначна, што Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў — гэта тое ведамства, якое тармозіць і справу, і ўсіх астатніх. Спасылаецца на адсутнасць нейкага рэгламенту, механізму. А на самай справе ніхто не хоча рабіць канкрэтных крокаў», — кажа старшыня Таварыства беларускай мовы.
Ліст з Мінʼюсту стаў адказам на дэпутацкі запыт Анісім, які яна публічна зрабіла ўраду напрыканцы 2017 году. Тады дэпутатка скарысталася прысутнасцю ў Авальнай залі ўрадаўцаў на чале з віцэ-прэмʼерам Уладзімерам Сямашкам і запыталася: якія законапраекты на 2018 год урад рыхтуе на дзвюх дзяржаўных мовах?
Чаму дэпутатка дамагаецца юрыдычнага прэцэдэнту
Спадарыня Анісім спрабуе стварыць у Палаце прадстаўнікоў юрыдычны прэцэдэнт: прыняць закон аб нарматыўна-прававых актах адначасова і на беларускай, і на расейскай мове.
Адсутнасць усіх законаў на беларускай мове — прамое парушэнне Канстытуцыі і немагчымасць грамадзянам абараніць свае правы ў судовым парадку на падставе юрыдычна правамоцных законаў, лічыць Алена Анісім. А паколькі законаў на беларускай мове няма, то пераклады іх не маюць юрыдычнай сілы.
Дэпутатка Анісім тлумачыць, што гаворка вядзецца пра базавы закон, які рэгулюе «ўсё заканадаўства, усе прававыя акты».
«Пасля прыняцця Закону аб нарматыўна-прававых актах можна будзе казаць, што механізм прыняцця законаў на дзвюх мовах гатовы да запуску. Наша задача — вярнуць Беларусь у прававое поле ў справе прыняцця законаў», — кажа яна.
Грошы тут не галоўнае
Старшыня Таварыства беларускай мовы лічыць, што новая ініцыятыва не запатрабуе і істотных дзяржаўных сродкаў, чаго баяцца некаторыя чыноўнікі.
«Законапраект аб нарматыўна-прававых актах цалкам падрыхтаваны грамадскай ініцыятывай. На яго не патрацілі ні капейкі дзяржаўных сродкаў. Далей можна стварыць міжведамасную працоўную групу экспертаў з Міністэрства юстыцыі, Нацыянальнага цэнтру заканадаўчых і прававых даследаванняў, дэпутатаў, навукоўцаў з Акадэміі навук і БДУ. І яны дзеля эканоміі грошай будуць на этапе другога чытання ўзаконьваць варыянт на адной ці другой дзяржаўных мовах. То бок будзе засведчана, што гэтыя тэксты ідэнтычныя і маюць аднолькавую юрыдычную моц у выпадку іх прыняцця», — кажа дэпутатка.
Яна запэўнівае, што не трэба галасаваць двойчы за кожны тэкст: «Галасуецца адзін раз за тэкст на дзвюх дзяржаўных мовах. І тады будуць абсалютна мінімізаваныя бюджэтныя сродкі».
Без грамадскіх слуханняў не абысціся
Адказ Мінʼюста канчаткова пераканаў Алену Анісім, што іншага выйсця з сытуацыі, як правядзенне грамадзкіх слуханняў, няма.
«Спачатку я спадзявалася, што рэальна іх можна было б правесці ў першай палове студзеня. Але цяпер бачу, што так хутка не атрымаецца. Тут жа справа ня ў тым, каб толькі сабрацца. Важна сабраць шырокую аўдыторыю, каб прыйшлі прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтру заканадаўчых і прававых даследаванняў, дэпутаты, супрацоўнікі міністэрстваў... Гэтую справу нельга зрабіць проста піярна. Патрэбныя грунтоўнасць і станоўчы вынік», — кажа Алена Анісім.