Улады не задаволены грамадскім абмеркаваннем праекту забудовы тэрыторыі вакол Курапатаў

Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі нарады экспертаў па сітуацыі вакол Курапатаў, што адбылася вечарам 6 чэрвеня ў Мінску.



kurapati_ga_stan_7_6_14.jpg

На нарадзе ўзгадвалася, што 17 красавіка ў Доме культуры аграгарадку Лясны (Мінскі раён) адбылася прэзентацыя праекту дэталёвага планавання (ПДП) забудовы тэрыторыі з захаду ад народнага мемарыялу ў Курапатах.

Падчас гэтай сустрэчы, якая праводзілася ў межах грамадскага абмеркавання (ГА) вышэйназванага праекту,  архітэктары Аляксандр Акенцьеў і Вадзім Гліннік пазнаёмілі прысутных з ПДП і прапановамі ў праект зонаў аховы Курапатаў, прычым зрабілі акцэнт на забудове тэрыторыі з захаду ад гісторыка-культурнай каштоўнасці, ледзьве закранулі рэгламенты забудовы з поўначы ад урочышча. Спадар Акенцьеў, які кіруе стварэннем ПДП, поўнасцю  абышоў тэму забудовы з усходу ад народнага мемарыялу, дзе запланавана ўзвядзенне Міжнароднага выставачнага цэнтру. Аднак спадар Гліннік, які рыхтаваў праект межаў ахоўных зонаў, звярнуў увагу на тое, што будаўніцтва гэтага цэнтру можа парушыць межы ахоўнай зоны Курапатаў.

Падчас дыскусіі былі выказаны шматлікія заўвагі да праекту і падтрыманыя наступныя прапановы нарады экспертаў па сітуацыі вакол Курапатаў:

1.                       Выканаць прадпісанне Генеральнай пракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 году аб вынасе ТАА “БелРэстІнвест” 4-х дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назваю “Бульбаш-хол” з тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў.

2.                       Міністэрству культуры надаць дзеючай часовай схеме зонаў аховы Курапатаў статус канчатковага праекта зонаў аховы гэтай каштоўнасці, бо часовых схемаў заканадаўства не прадугледжвае і адсутнасць нарматыўна-прававога акта аб зонах аховы ўжо прывяла і надалей прывядзе да перманентнага парушэння заканадаўства пры распрацоўцы ПДП забудовы тэрыторыі вакол Курапатаў.

3.                       Да выпраўлення гэтага сур'ёзнага парушэння заканадаўства, да паўнацэннага зацвярджэння канчатковага праекту зонаў аховы Курапатаў усе дзеянні, звязаныя з праектаваннем і пагатоў забудоваю тэрыторыяў вакол каштоўнасці павінны быць спыненыя.

Паколькі прадстаўнікі грамадскасці не мелі мажлівасці пазнаёміцца з тэкстамі  тлумачальнай і зацвярджаемай частак ПДП, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч звярнуўся з лістом у пракуратуру Мінскага раёна і Мінскай вобласці з прапановай арганізаваць грамадскае абмеркаванне згодна адпаведнаму палажэнню.

Аднак у сваім адказе ад 20 мая чыноўнікі з Камітэту па будаўніцтву і архітэктуры Мінаблвыканкаму адзначылі, што ГА згаданага праекту праводзілася Мінскім райвыканкамам з 15 красавіка па 1 мая згодна рашэнню мясцовага органа ўлады і адпаведнага палажэння.

У лісце ў Мінскі аблвыканкам і Мінскі райвыканкам ад 28 мая Антон Астаповіч звярнуў увагу чыноўніцтва на тое, што ў парушэнне заканадаўства да гэтага часу не склікана камісія для завяршэння працэдуры грамадскага абмеркавання горадабудаўнічага ПДП тэрыторыі вакол Курапатаў — падвядзення вынікаў ГА і афармлення адпаведнага пратаколу. Дарэчы, у склад камісіі па ГА ўключаны і прадстаўнікі грамадскасці — Антон Астаповіч і археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей.

Паколькі падчас прэзентацыі ПДП гэты праект быў грунтоўна раскрытыкаваны, а затым шматлікія пісьмовыя заўвагі і прапановы  грамадскасці былі накіраваныя ў камісію па ГА, можна меркаваць, што чыноўніцтва проста адмовілася ад завяршэння працэдуры грамадскага адмеркавання, бо вынікі гэтага працэсу аніяк не задавальняюць дзяржаўных службоўцаў.