Урад: акрэдытацыя — дабро, якое журналісты не заўважаюць
Беларускі ўрад адказаў на скаргу журналісткі Камітэт ААН па правах чалавека.
"Усталяваны
заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадак акрэдытацыі ў якасці журналіста
сродку масавай інфармацыі, накіраваны на стварэнне ўмоў для рэалізацыі
канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзян, не можа разглядацца як абмежаванне
названага правы п.3 арт. 19 Пакта", —
адзначаецца ў інфармацыі кампетэнтных органаў Рэспублікі Беларусь у сувязі з
паведамленнем у Камітэт ААН па правах чалавека, зарэгістраваным пад нумарам
2911/2016.
Менавіта так беларускі ўрад адрэагаваў на скаргу гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай у Камітэт ААН па правах чалавека, піша "Гомельская вясна".
Характэрным для дадзенага кейсу з'яўляецца той факт, што журналістка вычарпала ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, уключаючы Генеральную пракуратуру. Тым самым, яна пазбавіла афіцыйны Мінск магчымасці на міжнародным узроўні круціць заезджаную пласцінку аб "невычарпанні ўсіх унутраных сродкаў прававой абароны".
Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Леанід Судаленка, які дапамагае Ларысе Шчыраковай абараняць правы на міжнародным узроўні, падкрэслівае, што дадзены кейс з'яўляецца прамым сведчаннем таго, як у адсутнасць прававой аргументацыі ў ход ідуць любыя аргументы, тыпу "чалавек абавязаны", "ніхто не можа карыстацца прывілеямі" і г.д.
Ён нагадаў, што раней у аналагічнай справе аб акрэдытацыі беларускай журналісткі "Марына Коктыш супраць Беларусі" (№1985 / 2010) Камітэт нагадаў, што менавіта дзяржава павінна прадстаўляць прававое абгрунтаванне любога абмежавання, усталяванага на ажыццяўленне права свабоднага выказвання меркаванняў.
У справе журналісткі Ларысы Шчыраковай дадзенае патрабаванне не выканана.