Усе прапановы ў генплан Мінска можна даслаць грамадскім экспертам

Усе прапановы ў генплан Мінска, карэктура апошняй версіі якога будзе завершана ў верасні, зацікаўленыя грамадзяне могуць даслаць актывістам грамадскай кампаніі «Генплан – для мінчан!» на сайт smartminsk.org, на адрас электроннай пошты press.smartminsk@gmail.com, альбо распавесці праз мабільныя тэлефоны 8-029-657-79-57 ці 8-029-732-16-33. 



hienplan_dlia_mincan.jpg

Пра гэта 11 чэрвеня ў Мінску на прэсавай канферэнцыі ініцыятараў кампаніі заявіў каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «Еўраперспектыва», гісторык Дзяніс Кобрусеў.

Паводле ягоных слоў, прапановы граадзянаў будуць асэнсаваныя спецыялістамі — грамадскімі эспертамі, у тым ліку гісторыкамі, архітэктарамі, эколагамі, эканамістамі і юрыстамі для таго, каб аформіць гэтыя прапановы адпаведным чынам і прадставіць распрацоўшчыкам скарэктаванага генплану пад час ягонага грамадскага абмеркавання, які будзе доўжыцца 25 дзён. Прычым, як запэўнілі актывістаў кампаніі сталічныя ўлады, інфармацыя пра грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекту будзе даступная для гараджанаў праз паведамленні СМІ і інтэрнэт-партал Мінгарвыканкама.

Кампанія «Генплан — для мінчан!» распачалася ў лістападзе мінулага году, калі дэкларацыю аб супрацоўніцтве падпісалі прадстаўнікі «Еўраперспектывы», камісіі «Архпрасвет» Беларускага саюза архітэктараў, сябра грамадскага аб’яднання «Экадом» Рыгор Фёдараў і лідары ініцыятыўных групаў грамадзянаў сталіцы, якія абаранялі свае тэрыторыі ад ушчыльнення забудовы і высячкі зялёных зонаў.   

Адным з галоўных накірункаў дзейнасці кампаніі стала падрыхтоўка прапановаў грамадскасці па зменах сістэмы рэгламентаў генплана Мінска ў галіне экалагічных параметраў. У выніку скаардынаванай, паслядоўнай і настойлівай дзейнасці шэраг прапановаў актывістаў кампаніі быў падтрыманы УП «Мінскграда», якому даручана карэкціроўга генплану сталіцы. Да гэтых перамогаў грамадскасці неабходна аднесці, у тым ліку, забарону будаўніцтва забаўляльных цэнтраў у лесапарках горада, гатэляў і жылых дамоў — у ланшафтна-рэкрэацыйных зонах сталіцы і капітальных збудаванняў — у прыродных заказніках Мінска.

Апроч таго, на прэсавай канферэнцыі былі агучаныя прапановы грамадскасці па захаванню і развіццю водна-зялёнага дыяметра сталіцы. Удзельнікі паседжання ўзгадалі, што праблема абваднення сталіцы была вырашаная коштам Вілейска-Мінскай воднай сістэмы ў 1970-1976 г.г., калі абводненая рака Свіслач стала воссю водна-зялёнага дыяметра і своеасаблівым донарам для абваднення Сляпянскай і Лошыцкай водных сістэмаў. Прычым Сляпянска-Мінская водная сістэма, збудаваная ў 1977-1988 г.г., сфармавала ландшафтнае водна-паркавае паўкола ў паўночнай і паўночна-усходняй частках горада працягласцю 22.5 км з 14 дэкаратыўнымі каскадамі.

Аднак цягам апошніх гадоў у выніку негатыўнай горадабудаўнічай практыкі Вілейска-Мінскай воднай сістэме нанесена непапраўная шкода, якая прывяла да разбурэння гэтага ўнікальнага ўзору не толькі айчыннай, але і сусветнай ландшафтнай архітэктуры. Вось чаму, на думку грамадскіх актывістаў, патрабуецца сістэмны падыход да аднаўлення і развіцця водна-зялёнага дыяметра сталіцы. 

Сярод запланаваных дзеянняў актывістаў кампаніі былі названыя захады па наданню  Сляпянска-Мінскай воднай сістэме статуса гістарычна-культурнай і архітэктурна-прыроднай каштоўнасці і ўключэнню яе ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. 

Апроч Дзяніса Кобрусева ў прэсавай канферэнцыі  ўзялі ўдзел Віктар Янчурэвіч («Еўраперспектыва»), юрыст і эколаг Рыгор Фёдараў (ГА «Экадом»), а таксама вядомы беларускі архітэктар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР у галіне архітэктуры Барыс Юрцін.