Усё, што трэба ведаць пра Дэкрэт “аб дармаедах”
Сёння, 6 траўня, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў галасуюць па нашумелым дакуменце ў парламенце.
Як гэта было
Упершыню чуткі пра тое, што ўрад мае намер узяцца за тых, хто не працуе, з’явіліся яшчэ ў 2013 годзе. Тады планавалася, што падатак складзе каля 280 долараў у год. Кіраўнік краіны падпісаў Дэкрэт №3 толькі 2 красавіка 2015 года. Выплаты “за дармаедства” склалі 20 базавых — гэта крыху менш у доларах, чым планавалася два гады таму, — каля 250.
Калі паглыбіцца ў гісторыю пытання, то акажацца, што пра барацьбу з дармаедамі Лукашэнка гаварыў яшчэ ў кастрычніку 2010 года падчас перадвыбарчай прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ. Так што агулам ад ідэі да яе рэалізацыі прайшло ажно пяць гадоў.
Колькі налічылі дармаедаў
"Як мне дакладваюць, каля 500 тысяч нашых грамадзян не задзейнічаныя ў эканоміцы краіны. Няхай 100 тысяч — гэта хатнія гаспадыні і тыя, хто працуе на ўласным падворку. А 400 тысяч чым займаюцца? За чый кошт жывуць?" — абураецца Лукашэнка ў кастрычніку 2014 года. Пры гэтым афіцыйная колькасць беспрацоўных у краіне прыкладна ў 20 разоў меншая — усяго 23 тысячы. Якімі крыніцамі інфармацыі кіруецца кіраўнік краіны — дагэтуль незразумела. Але ў выніку пад раздачу трапілі і 100 тысяч хатніх гаспадынь — пасля 2 красавіка 2015 года яны таксама сталі афіцыйнымі сацыяльнымі ўтрыманкамі. І калі 500 тысяч чалавек выплацяць дзяржаве па 250 долараў, то набярэцца ажно 125 мільёнаў. Немалыя грошы.
Як прымалі Дэкрэт
Спачатку было не зусім зразумела, як улады збіраюцца правярнуць гэтую штуку. Былі чуткі нават пра рэферэндум. Маўляў, такое сур’ёзнае пытанне і крыху супярэчыць Канстытуцыі. А ўсё, што супярэчыць асноўнаму закону, павіннае абмяркоўвацца ўсенародна. Але спачатку Лукашэнка загадаў усё па-хуткаму аформіць да пачатку студзеня 2015 года, а потым сам нечакана 2 красавіка падпісаў дзвюхстаронкавы Дэкрэт. Пры гэтым ні Падатковы кодэкс, ні іншыя дзяржаўныя акты і дакументы пакуль яму не адпавядаюць. Калі дэпутаты яго прымуць у другім чытанні, то заканадаўства падкарэктуюць цягам года.
Ці законны Дэкрэт №3?
Наконт гэтага ўзнікла мноства спрэчак. У СМІ і на форумах амаль адначасова з публікацыяй тэксту дакумента пачаліся дыскусіі. Маўляў, у Канстытуцыі ёсць згадка толькі аб праве на працу, а ніяк не аб абавязку. Праз некалькі дзён чыноўнікі парыруюць — у асноўным законе прапісаны абавязак удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, таму плаціць павінныя ўсе. Пра ПДВ, які, хочучы альбо не, плаціць кожны жыхар Беларусі, чыноўнікі далікатна змаўчалі.
Глыбей за іншых у законнасці Дэкрэта №3 паспрабавалі разабрацца юрысты з Беларускага Хельсінскага камітэта. Згодна з іх даследаваннем, толькі Канстытуцыю ён парушае 5 разоў. Не кажучы ўжо пра міжнародныя пагадненні і іншыя законы. БХК нават звярнуўся з запытам у Палату прадстаўнікоў. Адказу пакуль няма.
Што будзе з “дармаедскім” Дэкрэтам далей
З гэтым таксама не ўсё зразумела. Праз месяц пасля падпісання Дэкрэта №3 Лукашэнка двойчы заявіў, што з ім трэба быць асцярожным і пры патрэбе можна тое-сёе падкруціць. Тое самае Еўрарадыё заявілі ў Камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях. Ці масавая незадаволенасць скандальным дакументам паўплывала, ці яшчэ што, але факт: улады гатовыя яго карэктаваць. Праўда, незразумела, якім чынам. Калі верыць тым жа дэпутатам парламента — галасаваць яны будуць за варыянт, атрыманы з Адміністрацыі. Ды і сама неабходнасць карэктаваць дакумент, над якім мноства чыноўнікаў працавала ажно 5 гадоў, выглядае недарэчна.