Віталь Рымашэўскі: Гэты дэкрэт абсалютна беззаконны
Дэкрэт «аб дармаедах» зацверджаны галасаваннем дэпутатаў беларускага парламенту. Палата прадстаўнікоў ухваліла рэзанансны дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».
Прадставіла дакумент міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Паводле яе, у дэкрэце гаворыцца пра сацыяльную адказнасць грамадзян за дзяржаўныя выдаткі.
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі адзначае, што дэкрэт ударыць па найбольш сацыяльна-неабароненых грамадзянах Беларусі.
— Гэты дэкрэт абсалютна беззаконны. Гэта чарговая спроба абабраць беларусаў. Беларускія ўлады замест таго, каб аказваюць юрыдычную падтрымку, замест гэтага ствараюць чарговы закон, каб парабаціць беларусаў, выдумляе чарговыя паборы, якія закрануць найменш абароненыя слаі насельніцтва.
Аналітыкі папярэджваюць пра сур’ёзныя выдаткі на выкананне дэкрэта. Па іх ацэнках, на працу чыноўнікаў і міліцыі прыйдзецца выдаткоўваць больш сродкаў, чым іх паступіць ад самога збору. Акрамя таго, ёсць засцярога, што ўлады могуць выкарыстоўваць палажэнні дэкрэта ў дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці — як яшчэ адзін элемент уздзеяння на нязгодных з уладай.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя