Узгадаванне свабоднай асобы і адказнага грамадзяніна — галоўная мэта адукацыі
16 снежня ў Мінску адбыўся круглы стол “Грамадства. Адукацыя. Каштоўнасці”, арганізаваны Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі.
Удзельнікі круглага стала
На думку мовазнаўцы і грамадскага дзеяча Вінцука Вячоркі, вынікам пасяджэння павінны стаць рэкамендацыі грамадскім актывістам, якія займаюцца нефармальнай адукацыяй, найбольш здольным прадстаўнікам фармальных структураў адукацыі, мецэнатам адукацыйнага працэсу, а таксама пэўнае пасланне ўсяму грамадству.
Вінцук Вячорка падкрэсліў, што беларуская мова — не толькі каштоўнасць, якая злучае між сабой розныя пакаленні, але і мэта, спосаб выкладання па-беларуску і поле існавання нацыі. Ён распавёў, што нядаўна прэзідэнтам Украіны падпісаны закон аб вышэйшай адукацыі, згодна якому прадугледжана поўная ўніфікацыя ўзроўняў і ступеняў вышэйшай адукацыі краіны з еўрапейскай. Адна з мэтаў гэтай сістэмы — узгадаванне нацыянальна свядомага, адказнага грамадзяніна ўкраінскай дзяржавы, здольнага рабіць самастойны выбар, падкрэсліў спадар Вячорка.
Ён лічыць малаверагоднымі спадзяванні на каштоўнаснае паразуменне і кардынальныя змены канцэпцыі айчыннай сістэмы адукацыі перад рэальнай пагрозай самаму існаванню Беларусі з боку "Рускага свету". Што тычыцца грамадскіх адукацыйных арганізацыяў, якіх у складзе асамблеі налічваецца 434, дык важная іх арыентацыя на беларускую мову, а таксама на сучасныя методыкі, што спрыяюць узгадаванню свабоднай асобы і адказнага грамадзяніна, сказаў Вінцук Вячорка. На ягонае меркаванне, нельга дапусціць звыраднення тых ініцыятываў і структураў нефармальнай адукацыі, што былі створаныя ў краіне на пачатку 1990-х гадоў.
Намеснік старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч звярнула ўвагу на праблемы айчыннай нефармальнай адукацыі — адсутнасць сучаснага кругагляду ў настаўнікаў з-за таго, што беларуская педагогіка жыве ў рускамоўнай адукацыйнай прасторы, а таксама на катастрафічную недаацэнку каштоўнаснага складніку адукацыі. Для вырашэння гэтых праблемаў трэба ствараць бібліятэку сучаснай педагогікі з выданнем беларускамоўных перакладаў выбітных замежных адукацыйных методык, рабіць неабходныя захады па падвышэнні аўтарытэту структураў трэцяга сектару і падрыхтоўкі іх лідараў, а таксама па выяўленні ваўкоў у авечых скурах.
Тамара Мацкевіч з новы метадычным дапаможнікам
Затым Тамара Мацкевіч прадставіла новае выданне ТБШ “Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі”. У метадычнага дапаможніка — каля 150 аўтараў з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія цягам пяці гадоў навучаліся на дыстанцыйных курсах Таварыства беларускай школы, асвоілі адну з найбольш эфектыўных методык у свеце (“Актыўная ацэнка”), адаптавалі яе да свайго прадмета і працавалі па ёй. Прычым, гэтая методыка, прыдатная ад дзіцячага садка да вышэйшай школы, дазваляе матываваць вучняў да навучання, прывіваць ім адказнасць за свае поспехі ў вучобе і жыцці, бо ставіць ва ўмовы супрацоўніцтва настаўніка і вучня. Дарэчы, гэтай методыкай, заснаванай на ідэях выбітнага беларускага псіхолага Льва Выгоцкага, карыстаюцца найбольш паспяховыя ў галіне адукацыі краіны, у тым ліку Фінляндыя. Нідэрланды, Польшча і Вялікабрытанія. Зараз па гэтай методыцы працуюць 10 беларускіх школ.
Прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня, Літва) Павал Церашковіч распавёў, што ў Фінляндыі адукацыя з’яўляецца цалкам бясплатнай для ўсіх, поўнасцю фінансуецца дзяржавай, шэсць год навучання ў пачатковай школе ўсе прадметы вядзе адзін настаўнік без адзнакаў ведаў дзяцей і хатніх заданняў, а праблема далучэння айчыннай адукацыі да сусветнай адукацыйнай прасторы вырашаецца праз масавае запрашэнне замежнай прафесуры і вялікія асігнаванні на адукацыю. Паколькі па ўзроўню сваіх ведаў фінскія вучні адносяцца да лепшых у свеце, адукацыйны вопыт Фінляндыі можа быць выкарыстаны ў Беларусі, лічыць Павал Церашковіч.
Доктар тэалогіі і доктар філасофіі Ірына Дубянецкая падкрэсліла, што для беларускай дзяржавы адукацыя — не прыярытэт. На яе думку, жыццё айчыннай сістэмы адукацыі працягваецца ў тым добра прадуманым кірунку русіфікацыі, што быў пакладзены пасля падаўлення нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў. Улічваючы, што для таго, каб беларусы нармальна загаварылі па-беларуску, трэба максімум тры пакаленні, грамадзянскай супольнасці належыць захаваць родную мову для яе наступнага адраджэння ў краіне, заявіла навукоўца.
Грамадскі дзеяч Аляксей Шэін звярнуў увагу на падвышэнне аўтарытэту структураў беларускага трэцяга сектару, паколькі грамадская дзейнасць дазваляе людзям найбольш поўна рэалізавацца.